26.05.2016 / 20:05

Для кагосьці парк — гэта шум і гам, смех дзяцей і цэлы шэраг забаўляльных мерапрыемстваў, для іншых — спакойнае, утульнае месца, у зеляніне якога можна схавацца ад гарадской марнасці з кнігай у руках. Мінск заўсёды славіўся сваёй насычанасцю паркавымі тэрыторыямі, якія літаральна перацякаюць адна ў другую. І, нягледзячы на апошнія тэндэнцыі па засваенню зялёных зон пад забудову, усё ж пакуль горад не губляе статуса «зялёнай» сталіцы. Каб у далейшым гэтага не адбылося, шэраг спецыялістаў з навуковых і праектных інстытутаў штодзённа вядуць плённую працу па ўтварэнню, упарадкаванню і захаванню мінскіх паркаў. Сярод іх і супрацоўнікі ўнітарнага прадпрыемства «Мінскпраект». З якімі праблемамі сутыкаюцца ландшафтныя архітэктары сёння, Зялёны партал паразмаўляў з галоўным архітэктарам праектаў, старшынёй секцыі ландшафтнай архітэктуры Саюзу архітэктараў Рэспублікі Беларусь Ганнай Аксёнавай.

Парк Чалюскінцаў

Парк — прызначаная для адпачынку, адкрытая для ўсіх жыхароў абзелянёная тэыторыя. Паркавае мастацтва вядзе сваю гісторыю з Кітая (Сучжоў). У эпоху барока яно было перанесена ў Францыю (рэгулярны парк). У XVIII стагоддзі на хвалі рамантызму пачалі стварацца пейзажныя паркі. Агульнадаступныя гарадскія паркі ў Еўропе з'явіліся толькі ў пачатку ХІХ стагоддзя. Адным з першых такіх стаў Англійскі парк у Мюнхене.

 

Прызнаюць у Старой Еўропе

«У нас існуе некалькі інстытутаў, якія працуюць над ландшафтнымі тэрыторыямі. Варта адзначыць, што робяцца як рэканструкцыі гістарычных паркаў, так і ствараюцца добраўпарадкаваныя новыя пляцоўкі, а таксама скверы, бульвары і іншыя зялёныя тэрыторыі», — распавядае Ганна Аляксееўна.

Вядома, што беларуская сталіца ў гэтым сэнсе найбольш прасунулася наперад сярод іншых абласцей, і важнай складаючай тут з'яўляецца абмен вопытам са спецыялістамі з іншых гарадоў і рэгіёнаў. У гэтай справе вялікая роля адводзіцца секцыі ландшафтнай архітэктуры пры Саюзе архітэктараў. Бо праца ў гэтай галіне вядзецца не толькі на велізарных тэрыторыях, лесапаркавых зонах, але і на прыватных пляцоўках. Дзякуючы сваім намаганням і працы беларускім спецыялістам удалося атрымаць прызнанне як на нацыянальным узроўні, так і ў Старой Еўропе.

Парк Горкага
Парк Горкага

«Сёння мы знаходзімся на адной прыступцы з такімі заканадаўцамі ў ландшафтнай архітэктуры, як Італія, Аўстрыя, Германія і іншыя краіны Еўропы і свету», — з гонарам зазначае Ганна Аксёнава.

А затым заўважае, што ў цэлым гэтай галіне сёння ўдзяляецца вялікая ўвага, бо яна неад'емна звязаная з экалогіяй нашых гарадоў. Таму пры праектаванні ўлічваюцца ўсе фактары: прыродныя, гістарычныя, экалагічныя, біялагічныя і сацыяльныя. Па гэтай жа прычыне да стварэння паркавых тэрыторый прыцягваюцца і сумежныя спецыялісты.

Парк Перамогі
Парк Перамогі

 

Ад паркавых гігантаў да ўтульных местачковых паркаў

Зараз стала модным у горадабудаўніцтве ўзводзіць цэлыя комплексы. За апошні гады ў Мінску з'явілася некалькі такіх аб'ектаў, і адзін з іх прасціраецца на некалькі сотняў гектараў, уключаючы Музейна-паркавы комплекс «Перамогі», ці, як прасцей ён называецца, Парк Перамогі.

«Яшчэ ў даваенныя гады жыхары Мінска і прылягаючых вёсак стварылі для сябе першую гарадскую зону адпачынку, якая прылягала да цэнтра горада. Праца вялася актыўна, у асноўным працавала моладзь — камсамольцы. Утварылася возера, якое пазней назвалі Камсамольскім. Адкрыццё было прызначана на 22 чэрвеня 1941 года. Аднак гэты дзень стаў трагічным для нашай краіны і ўсяго свету. У 12.00, калі ўсе жыхары сталіцы і бліжэйшых раёнаў сабраліся на ўрачыстае адкрыццё, па рупару аб'явілі аб пачатку вайны. У хуткім часе гэтыя тэрыторыі трапілі пад бамбардзіроўку, у прыватнасці, была разбурана дамба, якая трымала водную роўнядзь возера», — прабягаецца па гісторыі парку Ганна Аксёнава.

Парк Перамогі
Парк Перамогі

У пасляваенны час па пастанове Савета міністраў было вырашана перапланаваць тэрыторыю па першапачатковай задумцы. Таму тут былі высаджаны лесапаласа з таполяў, адноўлена плаціна, праведзены пэўныя працы, што дазволіла к 1956 году атрымаць гораду новае месца адпачынку. Працы па добраўпарадкаванню вяліся ўвесь час, у тым ліку сваю руку майстра да Парку Перамогі прыклаў і Мікалай Фёдаравіч Жлабо.

«Аднак у 2000 годзе ўсе ўбачылі, што парк на сваёй велізарнай тэрыторыі не мае комплекснага добраўпарадкавання, адсутнічаюць дэкаратыўныя пасадкі. І з пасляваенных часоў ён больш стаў паходзіць на лесапаласу, сталі зарастаць пляцоўкі, заглеілася водная роўнядзь», — зазначае спецыяліст.

З гэтай нагоды было вырашана правесці комплексныя працы на ўсёй тэрыторыі парку ў 200 гектараў.

Парк Перамогі
Парк Перамогі

«Нягледзячы на тое, што парк не меў гісторыка-культурнай каштоўнасці, наша майстэрня, у якой быў вопыт працы з такімі аб'ектамі, вельмі беражліва аднеслася да ўсіх гістарычных фактаў і падзей, адбываўшыхся на гэтай тэрыторыі. Былі ўлічаны і прыродныя ўмовы, паколькі парк належыў да ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны 2 (ЛР2), згодна з Генпланам горада. Наша майстэрня пад маім кіраўніцтвам выканала канцэпцыю, якая легла ў аснову далейшай рэканструкцыі парку», — распавядае пра пачатак праектных прац Ганна Аляксееўна.

Першапачаткова былі прыняты рашэнні па зонах левага і правага берагоў без уліку тых пляцовак, якія адводзіліся пад будаўніцтва Музея Вялікай Айчыннай вайны.

Парк Перамогі
Парк Перамогі

У цэлым, вядома, што ў канцэпцыю была закладзена тэма перамогі над фашызмам, што было ўвекавечана ландшафтнымі прыёмамі, манументальнымі і скульптурнымі кампазіцыямі. Улічваючы велізарныя аб'ёмы, праектаванне не спынялася нават падчас правядзення ўжо будаўнічых прац.

Аднак адкрыццё велізарнага шматфункцыянальнага Парку Перамогі, нягледзячы на ўсе намаганні, усё роўна давялося перанесці — з-за недаробак на пляцоўцы музея. Тыя ці іншыя дапрацоўкі і дадатковыя працы працягваюцца нават сёння:

«Нам паступіў заказ, што трыумфальная арка, што размешчана на ўваходзе, павінна займець тое рашэнне, якое было запланавана архітэктарамі, — у цэнтры знаходзіцца ордэн Перамогі, а паміжколонную прастору запоўняць вітражы, якія будуць распавядаць аб перыядзе ад пачатку вайны і да яе сканчэння», — расказвае архітэктар.

Парк Перамогі
Парк Перамогі

Яшчэ ў 2009 годзе быў выкананы праект усёй тэрыторыі Парку сяброўства народаў, які прайшоў экспертызу і быў зацверджаны на ўсіх узроўнях, але да сённяшняга дня ён пакуль ляжыць у шуфлядзе і чакае свайго часу.

Парк сяброўства народаў
Парк сяброўства народаў

Хаця, як адзначае спецыяліст, па ўсім бачна, што парк патрабуе рэканструкцыі, напрыклад, тыя ж дарожкі ўжо не прыдатныя для выкарыстання, а вось зялёныя насаджэнні, наадварот, у вельмі добрым стане.

«Вядома, калі мы зараз будзем аднаўляць свае працы, то адкарэктуем азеляненне тэрыторыі. Паколькі з моманту стварэння праекта прайшло 6 гадоў, і, верагодна, штосьці вырасла дадаткова, а штосьці прыйшло ў заняпад. Патрабуецца дадаковая таксацыя. І ў цэлым, каб парк набыў сучасныя формы і функцыі, неабходна будзе папрацаваць над праектам», — кажа Ганна Аксёнава.

Парк Перамогі
Парк Перамогі

У першапачатковым плане спецыялісты прадугледзілі абвадненне дзіцячага фантана, які павінен размясціцца на ўваходнай зоне на рагу вуліц Кульман і Багдановіча. Яшчэ адзін, але значна большы і шматфункцыянальны будзе знаходзіцца на ўваходзе ля плошчы Бангалор. Абодва фантаны паміж сабой злучыць ручаёк.

«Усё гэта патрабуе вялікіх укладанняў. І, можа, зараз і не час, і мы скарыстаем тое, што ўжо ёсць, падрамантаваўшы пешаходныя сцежкі...» — разважае спецыяліст.

Парк Перамогі
Парк Перамогі

 

Лыжка дзёгцю ў паркавай справе

Вядома, як і ўсяму на планеце, паркам таксама патрэбны догляд. Датычыцца гэта як новых, так і старых тэрыторый.

«Той жа Парк Перамогі з'яўляецца агульнапрызнаным на шматлікіх міжнародных фестывалях і конкурсах. Хацелася б яго захаваць і напаўняць усімі запраектаванымі ландшафтнымі кампазіцыямі.

Парк Перамогі
Парк Перамогі

Аднак не так даўно я прайшлася па ім і заўважыла, што кветкі ў ім не высаджваюцца, засыхаюць некаторыя расліны і не рамантуюцца малыя формы. А догляд павінен быць пастаянна. Бо толькі пры такіх умовах мы можам казаць пра будучыню гэтай тэрыторыі. І гэта датычыцца любога гарадскога парку, які без пэўных мер рызыкуе ператварыцца ў лесапаласу», — з жалем кажа Ганна Аляксееўна.

Вырашыць гэта пытанне, на погляд архітэктара, можа спецыяльна прызначаны чалавек — садоўнік, што тут жа на месцы будзе аглядаць парк і праводзіць пэўныя рамонтныя і садовыя працы.

Парк Перамогі
Парк Перамогі

Яшчэ адна праблема пры граматнай і ўмелай рэканструкцыі — гэта карыстанне і адмысловае напаўненне паркаў. Як прыклад Ганна Аксёнава прыводзіць Парк Горкага, які сёння перанасычаны разнастайнымі палаткамі і кіёскамі. З-за такіх залішніх рэчаў і спантанную забудову пакутуюць дрэвы.

Парк Горкага
Парк Горкага

«Падобнае мы можам бачыць і ў Парку Чалюскінцаў. Калектывам нашых архітэктараў пад кіраўніцтвам Таццяны Косціч у ім была праведзена вельмі граматная рэканструкцыя. Аднак сёння, у абыход навуковаму кіраўніку, чыноўнікі дазваляюць працы, якія немагчыма абгрунтаваць гістарычна», — скардзіцца спецыяліст.

Парк Чалюскінцаў
Парк Чалюскінцаў

Як выхад ёй бачыцца ўзмацненне кантролю ўласніка, які мусіць выконваць ахоўныя абавязкі, і большае супрацоўніцтва з навуковым кіраўніком.

Адсутнасць належнага фінансавання таксама робіць свой адбітак на галіне. Але нягледзячы на гэта, у праектныя майстэрні ўсё роўна імкнецца амбіцыйная і дасціпная моладзь са свежымі ідэямі і рашэннямі, які з часам знойдуць увасабленне ў ландшафтным праектаванні паркавых зон як сталіцы, так і іншых беларускіх гарадоў.

Парк Горкага
Парк Горкага

Автор:
Фотограф:
Адкрытыя інтэрнет-крыніцы
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость