Бабулькі на лаўках - каштоўны рэсурс
Вы ведаеце, чым адрозніваецца верабей са Смаленску ад беларускага? Расейскамоўны кажа: “Чик-чирик” – а мінскі: “Чык-чырык”. Такое рэзюмэ даў арганізатар моўных курсаў з Віцебску. Мусіць, тым жа розніцца і экалогія па-руску ад экалогіі па-беларуску.
“Экалогія - гэта найперш узаемадзеянне і ўзаемасувязь”, - каментуе першае слова ў слоўніку Кацярына Ганчарова, прадстаўніца таварыства “Зялёная сетка”. Экалогія выяўляецца ў самых нечаканых рэчах – напрыклад, у размовах бабулек са двара Глеба Лабадзенкі, вядоўцы:
“У нас у двары паставілі гэтыя кантэйнеры, але злыя бабкі гавораць, што ўсё адно ўсё скідаюць разам, і таму няма сэнсу гэтым займацца…”
“Дарэчы, злыя бабкі – выдатны экалагічны рэсурс: калі яны ці хто іншы заўважае, што людзі разбіраюць смецце па розных баках, а скідваюць усё ў адзін грузавік – гэта справа падсудная”, - кажа Кацярына. Скардзіцца трэба найперш у ЖЭС, пасля – далей.
Як менеджэр “Зялёнай сеткі” перастала есці
Да тэмы аб раздзельным зборы смецця Кацярна згадала нядаўнюю прыдумку таварыства – конкурс: пражыць тыдзень без пластыку. Спрабуеш – і тут апынецца, што адмовіцца ад яго амаль немагчыма: смятану можна набыць на Камароўцы на разліў, а йогурты – нідзе. Не кажучы пра астатнія прадукты – гэта высветлілі ўдзельнікі конкурсу:
“Нашая менеджэр, якая яго абвясціла, зараз амаль нічога не есць. Сутнасць эксперыменту ў тым, каб людзі задумаліся над гэтым і пазбіралі ідэі”, - кажа Кацярына.
Калі адзін допіс у кнізе прапановаў нічога не зменіць, то паўплываюць на вытворцаў, магчыма, дзясяткі і сотні тых, хто хоча экалагічнай упакоўкі.
Здаць пластык з сёмай спробы
“Наконт прыза за лепшую прапанову па пластыку [яго таварыства абяцала ў конкурсе – аўт.] – мне падаецца, заслугоўваю я, - без комплексаў каментуе дзядзька з сярэдзіны залі, якая выбухае рогатам. - На нашым прадпрыемстве шмат упаковачнага пластыку. Здаць яго вельмі проста – але прыязджаюць фірмы, што мусяць гэтым займацца, запалкай запальваюць і нюхаюць – не. Не тое, не возьмем. Потым яшчэ прыязджалі чалавек 5-6, запальвалі, нюхалі: “Гэта поліпрапіленавая стужка” - і ніхто яго не ўзяў. Я знайшоў, куды яго здаць. Не магу гэта агучыць, але прыз я заслугоўваю!”
Засудзіць сваю адміністрацыю?
Далей гаворка зайшла пра ртутныя энергазберагальныя лямпачкі і градуснікі. Куды падзець? Аварыі ліквідуе МНС, а астатняе… “Як прадстаўнік афіцыйнай экалогіі магу сказаць: што тычыцца энергазберагальных лямпачках – мы іх нікуды не здамо, - кажа мужчына сярэдніх гадоў у паласатым швэдары, прадставіўшыся супрацоўнікам Мінскага гарадскога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. - Ёсць рашэнне Мінгарвыканкаму аб тым, што іх ад фізічных асобаў павінны прымаць прадстаўнікі МНС. А яны іх не бяруць, кажуць, да нас гэта не даводзілі, ідзіце куды хочаце”.
Наконт тэзісаў бабулек на лаўках і раздзельнага збору смецця – яго вывозіць “Спекамунаўтатранс”, “Remondis” і іншыя арганізацыі: “Ім неахвота ездзіць па некалькі разоў, усё разам прыпёрлі - і на палігон. Далей – на палігоне стаяць механікі і майстры: “Ну што? Дай 50 тысяч - паедзеш”. І паехалі.
Вы кажаце прыцягваць да адказнасці ЖЭСы? 29 лістапада ў мяне будзе справа з дырэктарам ЖЭСа – штраф за тое, што вывезеныя на палігон другасныя матэрыяльныя рэсурсы. І я ўпэўнены, што нічога мы не зробім, бо гэта не іх адходы – ЖЭСы мусяць стварыць умовы для асобнага збору. А адказнасць нясе адміністрацыя раёну…”
У Сахары сонца хопіць на ўсіх
Але не ўсё так безнадзейна – сусветны вопыт паказвае, што можа быць з дакладнасцю наадварот: шведы для смеццеперапрацоўчых заводаў набываюць нават нарвежскае смецце, у берлінскім вакзале ад звычайнай чалавечай хады па адмысловай падлозе выпрацоўваецца энергія, і каб забяспечыць людзей амаль дармавой энергіяй, дастаткова сонечных панэляў на плошчы, роўнай Цэйлону – а ў Сахары сонца хопіць на ўсіх.
І пакуль беларускія чыноўнікі вырашаюць папяровыя і людскія пытанні ды змагаюцца з лянотай праз суд, кожны з нас можа выконваць некалькі простых рэчаў, якія палепшаць экалогію:
-
Не браць лішнія пластыкавыя пакункі і пакеты ў крамах
-
Замест новых асадак набываць новыя стрыжні
-
Сартуйце дома смецце і выкарыстоўвайце greenmap.by для адходаў
-
Вырошчваць пакаёвыя расліны і садзік на гаўбцы
-
Беражліва стаўцеся да вады – за хвіліну выліваецца некалькі літраў: закрывайце, калі чысціце зубы, і ашчадна – пры змыве
-
Выкарыстоўвайце бяспечную бытавую хімію
-
Не пакідайце тэхніку ў рэжыме чакання
-
Уцяпліце вокны і дзверы
-
Друкуйце на паперы з двух бакоў
-
Выбірайце энергаэфектыўнае абсталяванне (класу А)
-
Спажывайце прадукты мясцовай вытворчасці