27.04.2015 / 20:04

Сталічны парк «Цівалі, што ля гіперамаркета «Green», у нядзелю з ранку поўніўся гукамі дрэлі і малатка: гэта цэлы натоўп дзяцей і бацькоў майстраваў сінічнікі. Так прадпрыемства гандлю сумесна з «Дзіцячымі экамайстэрнямі, грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і таварыствам «Зелёная сетка» вырашылі адзначыць Дзень Зямлі 25 красавіка. 

Паўлітра фарбы, экалагічна чыстая прапітка супраць цвілі і дошкі — з гэтага 40 чалавек некалькі гадзін майстравалі дамкі, 11 сінічнікаў.

«Мы жывем побач і звычайна тут гуляем. Убачылі, што займаюцца добрымі справамі — падышлі і далучыліся. Нам спадабалася, дзеці задаволеныя. Што перапэцкаюцца — не страшна. На тое яны і дзеці. Дзяцінства адно», — кажа Мікалай, бацька Ягора.

«Ішлі ў краму, убачылі рэкламу. Дачка пытае: «А што гэта?» — Я кажу: «Хадзем, паглядзім». Мы пілавалі, малявалі, стукалі малатком», — распавядае Вольга, маці Маргарыты.

Таксама прыйшлі пяці- і шасцікласнікі з экалагічнай гімназіі №19 г. Мінска, прынеслі з сабой шпакоўню, зробленую іх бацькамі.

Сінічнікі атрымаліся двух тыпаў: з ляткамі (лётнымі адтулінамі) 28 і 32 мм. Дзе 28 мм, там могуць пасяліцца мухалоўка-пяструшка, звычайная блакітніца — птушкі паркавай зоны. Яны, дробныя дуплагнёздзікі, могуць прыляцець нават заўтра. Тут жа могуць пасяліцца, напрыклад, восы ці чмялі.

Другі кшталт дамкоў — з лятком 32 мм — для буйных птушак: вялікай сініцы, звычайнай гарыхвосткі ці палявога вераб’я. Між дамкамі лепш трымаць дыстанцыю метраў 20, каб жыхары не заміналі адно адному.

Колеры дамкоў набліжаныя да натуральных, цёмненькія, бо светлы колер дошак пужае птушак. Дах здымаецца — між сезонамі іх трэба адкрываць і правяраць: раптам нехта з птушанят загінуў, і наступная сям’я не заселіцца. Знутры сценкі крэмзаюць цвіком, каб птушка магла чапляцца за сценкі.

«Гэтымі хаткамі для птушак мы імітуем дуплы — тыя, што робіць дзяцел. У гарадах іх нашмат менш, чым у прыродзе. Плюс тут дуплістае дрэва, значыць, гнілое, можа зваліцца, а значыць, камунальныя службы яго выдаляць. Таму будуючы такія хаткі, мы ствараем месцы, якія дапамогуць зрабіць іх бліжэй да нашых дамоў», — кажа Дзяніс Кіцель, біёлаг па адукацыі і арнітолаг па прафесійным занятку. Па яго словах, у маладым парку такія птушкі не паселяцца, бо жыць няма дзе.

За дзень дзеці і дарослыя зрабілі 11 сінічнікаў — гэта няшмат. Але дакладна больш за нічога. 

Штомесяц гіпермаркет «Green» ладзіць акцыі, і гэта адна з іх. «Мы падтрымліваем «зялёны» імідж, і гэта не толькі словы», — кажа Наталля Раманава, вядучы спецыяліст аддзела маркетынгу і рэкламы. 23 і 24 мая гіпермаркеты ў Салігорску і Мінску адпаведна запрашаюць дзетак на майстар-класы, прысвечаныя экалогіі.

 

Автор:
Фотограф:
Ганна Валынец
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость