Зялёны партал завітаў на мітынг у Варшаве і распавядае, як гэта было.
У 18:00 па мясцовым часе людзі сабраліся ля помніка Каперніку ў цэнтры Варшавы. Нягледзячы на рэзкае пахаладанне і моцны вецер, на плошчу прыйшло некалькі соцен чалавек.
У гэтым годзе акцыя атрымалася шматнацыянальная: прысутнічалі не толькі беларусы, але і прадстаўнікі польскай і ўкраінскай супольнасцяў. Таму на пачатку мерапрыемства спявалі ажно тры гімна: беларускую «Пагоню», польскую мазурку і «Ще не вмерла Україна».
Украінскі бок на мерапрыемстве прадстаўляла каардынатарка Еўрамайдану ў Варшаве – Вікторыя Пагрэбняк. Яна нагадала, што ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы пацярпела 5 мільёнаў чалавек. І адказнасць за гэта ляжыць на савецкай уладзе, якая прыхоўвала факты. Яна нагадала, што Расея хоча размесціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі.
Прадстаўнік польскага сената Міхал Камінскі таксама нагадаў пра пагрозу, якую нясе рэжым Лукашэнкі і Пуціна, якія пагражуюць вайной усёй Еўропе.
Прадстаўніца аб’яданнага пераходнага кабінету Аліна Коўшык адзначыла, што 76 % беларусаў выступаюць супраць размяшчэння ядзернай зброі. І гэта тое, што аб’ядноўвае народ.
«Радыяцыя не выбірае. Яна не глядзіць на вашыя пашпарты, палітычныя погляды, ці за каго вы галасавалі. Яна закране кожнага», – адзначыла выступоўца.
Палітык Павел Латушка падзяліўся асабістай гісторыяй: ягоны родны дзядзька быў ліквідатарам на Чарнобыльскай АЭС. Праз некалькі год ён памёр. Таксама Латушка адзначыў, што ядзерная зброя – пагроза існавання беларускай нацыі, пагроза паглынання яе Расіяй.
Палітычны дзеяч Віталь Рымашэўскі заклікаў Еўропу памятаць, што беларусы працягваюць змагацца за сваю краіну, а былі палітвязень Вячаслаў Сіўчык параўнаў пуцінскі рэжым з ракавай пухлінай. Скончыўся мітынг прамовай каталіцкага святара.
Пасля удзельнікі рушылі шляхам праз гістарычны цэнтр Варшавы да помніка Марыі Складоўскай-Кюры.
Зялёны партал таксама паразмаўляў з беларусамі, якія прыйшлі падтрымаць акцыю.
Беларус Генадзь прыехаў у Варшаву ў пачатку паўнамаштабнай вайны: «Мне важная тэма экалогіі і памяць аб трагедыі. У Беларусі я хадзіў на ЧШ апошнія гадоў 7. Вядома, тады была больш людзей, больш банераў на экалагічную тэму. Цяпер, кантэкст акцыі накіраваны больш на палітычныя пытанні, мне крыху не хапіла экалагічнай павесткі».
Юлія жыве ў Польшчы ўжо не першы год: «Для мяне гэтая акцыя – знак памяці па Чарнобылі. А яшчэ – частка традыцыі: калі я жыла яшчэ ў Беларусі, заўсёды было важным выйсці на 25 сакавіка і на 26 красавіка. Так што гэта настальгічная звычка і адначасова актуальная тэма.
Уражанні ад акцыі такія: гэта, канешне, не менскі маштаб. Мне падаецца што людзей было мала. Яшчэ хацела б убачыць не толькі беларусаў, але і ўкраінцаў на такой акцыі. Але нехта мне сказаў, што, наадварот, людзей было дастаткова, калі ўлічваць, што ў Варшаве раней такія акцыі амаль не праводзіліся».