27.05.2026 / 13:05

Вайна, энергетычны крызіс і недавер да вялікай сістэмы прымусілі палякаў шукаць новыя спосабы кантролю над уласнай энергіяй. Іх адказам сталі энергетычныя кааператывы.

 

Фота - Envato
Фота - Envato

Яшчэ ў 2021 годзе ў Польшчы існавалі ўсяго два энергетычныя кааператывы. Сёння іх ужо больш за 700. Такі рост адбыўся літаральна за некалькі гадоў – і аднымі з галоўных штуршкоў сталі вайна, рэзкі скачок коштаў на электраэнергію і жаданне людзей хаця б часткова вярнуць сабе кантроль над уласным жыццём.

«Момант расійскай агрэсіі пераламаў свядомасць палякаў. Людзі зразумелі, што энергетыкай трэба займацца самім», – кажа Рафал Крэнз, кіраўнік польскага энергетычнага кааператыва Ekozaur і былы эксперт CoopTech Hub – першага ў Польшчы цэнтра кааператыўных тэхналогій.

Энергетычны кааператыў – гэта аб’яднанне жыхароў, бізнесу або мясцовых уладаў, якія разам вырабляюць і спажываюць энергію. Найчасцей – сонечную. Замест поўнай залежнасці ад буйных пастаўшчыкоў удзельнікі ўкладваюцца ва ўласныя панэлі, сумесна карыстаюцца інфраструктурай і дзеляць паміж сабой выгоду.  

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны кошты на электраэнергію ў Польшчы выраслі ў некалькі разоў. Паводле слоў Крэнза, менавіта тады тэма энергетычнай незалежнасці перастала быць нішавой.

«Гэта паказала поўную непрадказальнасць сістэмы, пабудаванай на цэнтралізаванай вытворчасці энергіі», – тлумачыць ён.

Але справа аказалася не толькі ў страху перад крызісам. Кааператывы пачалі прывабліваць людзей вельмі практычнай выгодай. Паводле эксперта, нават узімку – у самы нявыгадны для сонечнай энергетыкі перыяд – удзельнікі яго кааператыва плацілі прыкладна на 30% менш, чым звычайныя спажыўцы ў дзяржаўнага пастаўшчыка.

 

Чаму кааператывы пужаюць манапалістаў

Галоўнай рухаючай сілай энергетычных кааператываў у Польшчы сталі не дзяржаўныя праграмы, а самі жыхары і мясцовае самакіраванне. Менавіта муніцыпалітэты часта дапамагалі шукаць удзельнікаў, арганізоўваць сустрэчы і запускаць першыя праекты.

«Не дзяржава дала сілу энергетычным кааператывам, а грамадзяне і самакіраванне», – кажа Рафал Крэнз.

Але, па яго словах, галоўная складанасць такіх праектаў – зусім не тэхналогіі, і нават не грошы. Найскладнейшае – прымусіць людзей давяраць адно аднаму.

Каб кааператыў запрацаваў, дзясяткі ўдзельнікаў павінны дамовіцца між сабой на гады наперад: як укладаць грошы, як размяркоўваць энергію, як прымаць рашэнні, і што рабіць, калі правілы зменяцца.

А правілы сапраўды мяняюцца пастаянна.

«Людзі баяцца, што дзяржава зноў перапіша законы, а яны застануцца ні з чым», – тлумачыць Крэнз.

І гэтыя страхі небеспадстаўныя. Польскія энергетычныя кааператывы ўжо сутыкаюцца з супрацівам з боку буйных гульцоў рынку. Прадстаўнікі дзяржаўных энергасетак прапаноўвалі адмяніць сістэму net-metering – механізм, дзякуючы якому кааператывы могуць выгадна абменьвацца электраэнергіяй з сеткай. Без яго многія праекты проста страцяць сэнс.

На некаторых галіновых канферэнцыях кааператывы і зусім называлі «паразітамі сістэмы».

Пры гэтым цалкам спыніць развіццё такіх аб’яднанняў ужо складана. Еўрасаюз наўпрост патрабуе ад краін ствараць умовы для з’яўлення энергетычных супольнасцяў, а еўрапейскія дырэктывы фактычна замацоўваюць іх як частку будучай энергетычнай сістэмы.

 

«Лягчэй казаць, чым рабіць»

Для Рафала Крэнза самым складаным аказалася не даследаваць кааператывы, а самому пачаць кіраваць адным з іх.

«Найскладнейшы момант — перайсці ад ролі эксперта да ролі чалавека, які сапраўды кіруе энергетычным кааператывам. Казаць заўсёды лягчэй, чым рабіць», – прызнаецца ён.

І тут польскі кейс асабліва паказальны: у адпаведнасці з законам, энергетычныя кааператывы ў Польшчы могуць працаваць толькі ў сельскіх або сельска-гарадскіх гмінах, альбо на тэрыторыі не больш чым трох суседніх гмін, а колькасць іх удзельнікаў не павінна перавышаць 1 000 чалавек. Іншымі словамі, мадэль разлічана на лакальную самаарганізацыю, але пры гэтым даволі жорстка абмежавана і геаграфіяй, і правіламі гульні.

Па словах Крэнза, кааператыў немагчыма пабудаваць толькі на ідэі таннай энергіі. Такія праекты патрабуюць людзей, гатовых гадамі ўкладваць не толькі грошы, але і ўласны час – удзельнічаць у сустрэчах, абмяркоўваць рашэнні і браць адказнасць за агульную справу. 

Менавіта таму ў Польшчы кааператывы пакуль часцей ствараюць не асобныя жыхары, а муніцыпалітэты і бізнес, якія хутчэй убачылі ў гэтым практычную выгоду. Пры гэтым у афіцыйных польскіх дакументах гэты інструмент па-ранейшаму апісваецца як важны, але пакуль даволі вузкі элемент мясцовага энергетычнага пераходу.

Пры гэтым эканамічны сэнс у такіх праектаў сапраўды ёсць. Паводле Крэнза, укладанні ў энергетычны кааператыў звычайна акупляюцца за чатыры-пяць гадоў. Пасля гэтага ўдзельнікі фактычна пачынаюць атрымліваць больш танную энергію і менш залежаць ад ваганняў рынку.

 

«Энергія павінна належаць грамадзянам»

Калі ў Польшчы энергетычныя кааператывы найчасцей сталі адказам на рост коштаў і нестабільнасць, то ў Партугаліі такія ініцыятывы паступова ператвараюцца яшчэ і ў палітычнае выказванне.

У адрозненне ад польскіх кааператываў, якія шмат у чым будуюцца вакол практычнай выгоды, партугальскі Coopеrnico з самага пачатку спрабаваў стварыць альтэрнатыўную мадэль адносін з энергетыкай – больш дэмакратычную і празрыстую. 

Сёння кааператыў аб’ядноўвае больш за шэсць тысяч чалавек. Удзельнікі ўкладваюць грошы не ў абстрактныя фінансавыя прадукты, а ў канкрэтныя сонечныя праекты – напрыклад, панэлі на школах, дзіцячых садках або сацыяльных установах. 

«Гэта не фінансавы прадукт. Людзі ведаюць, куды ідуць іх грошы», – тлумачыць Вера Ферэйра, даследчыца энергетыкі і прадстаўніца партугальскага кааператыва Coopérnico.

Паводле яе слоў, еўрапейскі энергетычны рынак фармальна лічыцца лібералізаваным, але фактычна застаецца сістэмай, дзе ключавыя рашэнні прымаюць некалькі буйных гульцоў.

Менавіта таму ўнутры Coopеrnico зрабілі стаўку на тое, што Ферэйра называе «радыкальнай празрыстасцю»: фінансавыя справаздачы даступны ўдзельнікам, кіраўніцтва выбіраецца галасаваннем, а ключавыя рашэнні прымаюцца на агульных сходах.

Але нават такая мадэль сутыкаецца з нечаканай праблемай. Па меры росту кааператыва людзі ўсё часцей прыходзяць туды не дзеля «энергетычнай дэмакратыі», а дзеля больш таннай электраэнергіі. На сходы пачынае хадзіць меншасць, і паступова ўзнікае рызыка, што кааператыў сам ператворыцца ў звычайную кампанію, дзе эканамічная эфектыўнасць стане важнейшай за першапачатковыя прынцыпы.

Дадатковым ударам для многіх удзельнікаў стаў маштабны блэкаўт. Нягледзячы на існаванне кааператыва, яго ўдзельнікі ўсё роўна засталіся без святла – таму што сама інфраструктура размеркавання энергіі па-ранейшаму кантралюецца буйнымі аператарамі. 

«Блэкаўт паказаў, наколькі нам патрэбна больш дэцэнтралізаваная сістэма з лакальным захоўваннем энергіі і ўстойлівасцю на ўзроўні супольнасцяў», – кажа Ферэйра.

 

Беларусь пакуль толькі тэарэтык

Для Беларусі гэтая дыскусія пакуль хутчэй тэарэтычная: уласных энергетычных кааператываў у краіне фактычна няма. Але еўрапейскі досвед паказвае, што падобныя супольнасці найчасцей з’яўляюцца менавіта ў моманты нестабільнасці – калі людзі пачынаюць шукаць не толькі больш танную энергію, але і большую аўтаномію.

«Там, дзе ёсць кааператыў, ёсць надзея на больш дэмакратычную будучыню», – лічыць Вера Ферэйра. 

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость