27.09.2016 / 11:09

У наш час, калі ўсё большую папулярнасць набывае экалагічны лад жыцця, беларусы таксама задумваюцца пра эканомію рэсурсаў і ўласнае здароўе. Большасць педагогаў і эколагаў схіляецца да думкі, што ўсе карысныя звычкі, у тым ліку сарціроўку смецця і беражлівасць да энергарэсурсаў, трэба прывіваць з дзяцінства. Якім чынам гарадзенцы прывіваюць карысныя экалагічныя звычкі сваім дзецям? Наколькі гэта цяжка і з якога ўзросту можна пачынаць? Гродзенскі Зялёны партал даведаўся пра гэта ў бацькоў, якія спрабуюць выхоўваць у дзяцей эказвычкі.

Наталля Святкіна, выхоўвае сына

Сыну амаль сем гадоў. Пра экалогію ён, у асноўным, ведае з мульцікаў. Думаю таму, што мульцікі для яго - самае ўражлівае і запамінальнае. Адзін з самых яго ўлюбёных – «Фіксікі». З яго сын добра запомніў інфармацыю пра батарэйкі. Адзін раз сын наведваў экастудыю, адкуль таксама прынёс шмат ведаў. Аўтарытэтна для яго было, калі іншыя людзі пацвердзілі інфармацыю, якую ён атрымаў ад мяне і з мульцікаў. Сын эканоміць рэсурсы, бо разумее, што за ўсё трэба плаціць. Ён ведае лічыльнікі, здымае паказанні, вылічвае розніцу і памнажае на грошы. Сартыруе пластык і паперу. Навучыўся гэтаму, калі мы месяц жылі ў Іспаніі. Бачыў, як там людзі стаяць каля сметніц і сартыруюць нават дробязі. Таксама сын даўно змагаецца з «вещизмом». Не купляе і не просіць таго, без чаго можна абысціся. На святы просіць грошы на падарожжы і складвае іх у адмысловую скарбонку. Ведае, як працуе рэклама і ўжо навучыўся не весціся на яе. Кажа, што яны так прыгожа рэкламуюць, бо ім трэба прадаць свой прадукт і зарабіць грошы.

Святлана Карповіч, выхоўвае дачку

Мы вучым дачку сарціраваць смецце, берагчы святло і ваду дзесьці з двух гадоў. У асноўным падаем прыклад сваімі паводзінамі. Заўсёды нагадваем пра гэта дзіцяці і самі ніколі не забываем выкінуць смецце ў урну, а не на дарогу або ў траву.

Вольга Шульга, выхоўвае сына і дачку

Мы стараемся выкідваць як мага менш. Асобна сарціруем пластык і паперу. Таксама асобна збіраем шклянкі з-пад ёгурту для хоспіса, каторыя большыя - бабуля забірае на рассаду. Што тычыцца энергарэсурсаў, то сыну ў пяць гадоў сказалі, што гэта грошы. Цяпер вучыць сястру, што вады мала ў свеце. Калі чысцяць зубы, ваду выключаюць, уключаюць толькі на паласканне. З малога так прывучаныя. Думаю, усе так робяць. Нічога асаблівага мы не прыдумлялі. Дзеці бачаць, як бацькі ставяцца да экалогіі і паўтараюць.

Дзмітрый Шэйкін, выхоўвае дзвюх дачок

Адмыслова мы чагосьці экалагічнага не праводзім, але святло і ваду выключаць пасля сябе прывучаем нават малодшую дачку, не толькі старэйшую. Смецце мы не сарціруем, бо ў двары няма спецыяльных кантэйнераў. Але вучым дзяцей не кідаць смецце на вуліцы, толькі ў урну.

Ганна Кузняцова, выхоўвае траіх дзяцей

Смецце ў нас сарціруецца з узросту, калі дзіця само здольнае яго выкідваць у сметніцу: дзесьці бліжэй года. Яно бачыць, як гэта робяць старэйшыя дзеці, часам я падказваю. Дзеці дапамагаюць выносіць смецце на вуліцу. Там таксама бачаць, у якія кантэйнеры кідаю я, туды і яны. Наконт святла і цяпла тлумачу. Гэта паўсядзённасць, частка жыцця. Таксама для экавыхавання выкарыстоўваем кнігі, часам відэа. Калі бачым у фільме або ў жыцці нейкую сітуацыю, разбіраем яе. Мне не падабаецца ў экалагічным выхаванні штучнасць. Можна навучыць толькі таму, што частка мяне.

Вольга Гарадкевіч, выхоўвае дачку

Шчыра кажучы, дома смецце мы не сарціруем. Толькі на вуліцы вучу не смеціць, бо шкада нашу планету. У гады тры дачка дакладна ведала, што так рабіць нельга. Перыядычна і цяпер паперкі, якія бачыць на вуліцы, падбірае і нясе ў сметніцу. Апроч размоў, паказвала дачцэ ў інтэрнэце відэа з вялізнымі звалкамі. Тое, што трэба берагчы ваду і святло, аргументую не экалогіяй, а эканоміяй. Хаця, здаецца, гэта ўсё ўзаемазвязана. А ўвогуле дачка сама мне штосьці расказвала пра тое, што машыны забруджваюць паветра. Глядзела мульцік на экалагічную тэму «Азібу: абарані планету».

Ірына Чарняўка, выхоўвае дачку

Наша дачка мае толькі чатыры гады, але я ўжо стараюся выхоўваць яе экалагічнай. Раблю гэта, у першую чаргу, уласным прыкладам. Па сарціроўцы смецця маем некалькі гульняў: патрэбна ў правільныя кантэйнеры паскладваць смецце. У нас нават няма такіх кантэйнераў, але дачка хутка зразумела, што да чаго і выконвае правільна. Часта яна з намі ходзіць выносіць смецце. Хачу звазіць яе на водазабор і на сметнік. Калісьці мяне саму звалка ў Трасцянцы ўразіла ў самае сэрца. Тлумачу, чаму трэба выключаць ваду і святло. Вучу прыбіраць за сабой. Гэта правіла і ў працы, і ў забаўках. І дачка гэта збольшага выконвае.

Аляксандр Мармыш, выхоўвае дачку і сына

Прывучаць дзяцей да экалагічнасці мы сталі адносна нядаўна, калі самі пачалі гэта практыкаваць. Асобна ад агульнага смецця збіраем пластык і паперу. Паколькі ў краме немагчыма набыць адмысловыя кантэйнеры для дома, як гэта ёсць у Еўропе, даводзіцца адводзіць асобныя каробкі ў розных кутках кухні. З-за гэтай нязручнасці дачка часам забывае, што дома трэба сарціраваць смецце, таму кідае яго ў агульную сметніцу. Але на вуліцы яна дакладна ведае, які кантэйнер для чаго. Гэта дачка вывучыла, дзякуючы замежным мульцікам на экалагічную тэму – «Рыбанаўт» і «Азібу: абарані планету». Дарэчы, амаль усе замежныя мультсерыялы хаця б ў адной серыі закранаюць тэму сарціроўкі смецця. Сярод расійскіх дзецям падабаюцца «Фіксікі». Там і пра звычайныя батарэйкі і пра сонечныя расказвалі, таксама пра небяспеку нітратаў. Калі гуляем на вуліцы і дзеці бачаць смецце, якое валяецца на зямлі, стараюцца яго прыбраць, а дачка дык часта пытаецца, чаму людзі не кінулі смецце ў урну. Сыну толькі два гады, таму ён пакуль што вучыцца проста кідаць смецце ў урну, не сарціруючы.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость