27.09.2017 / 23:09

Вясной бягучага году экалагічнай актывістцы Марыне Дубінай давялося перажыць і вобшук, і адміністратыўны арышт, прайсці праз усе бюракратычныя працэдуры па высвятленню абставін і вяртанню ўласных рэчаў. І вось праз паўгады на дом, дзе жыве дзяўчына, зноў прыйшлі з ператрусамі. Пра падзеі 26 верасня распавялі самі актывісты на прэс-канферэнцыі, якая адбылася праз дзень, пасля ператрусаў.

''Вобшук у мяне ў доме пачаўся прыкладна ў 7.10 раніцы. Прачнулася ад таго, што ва ўваходныя дзверы сталі вельмі моцна барабаніць і крычаць. Я пайшла адчыняць дзверы ў пакоі і не паспеўшы гэтага зрабіць, хоць дзвер была прыадчынена, атрымала моцны ўдар з нагі праз выбітую ў дзвярах дзірку ад чалавека з аўтаматам і ў балаклаве. На руцэ застаўся сіняк'', – так Марына Дубіна, выканаўчая дырэктарка грамадскага аб'яднання ''Экадом'', пачынае расповед пра вобшук, які адбыўся ў яе 26 верасня бягучага году.

Супрацоўнікі сілавых структур не прадстаўляючыся, ні пра што не папярэджваючы, сталі крычаць, каб жыльцы дома леглі тварам у падлогу. На ўсялякія пытанні даваць адказы яны папросту адмаўляліся.

''Гэтыя людзі не жадалі тлумачыць ні прычын свайго знаходжання ў доме, ні таго, што яны робяць. З нас жа патрабавалі паказаць пашпарты'', – працягвае яна.

У адказ дзяўчына папрасіла паказаць незнаёмцаў пасведчанні. Гэта зрабіў толькі адзін чалавек у штацкай вопратцы здалёк, не называючы свайго прозвішча ён адказаў, што з'яўляецца супрацоўнікам крымінальнага вышуку Савецкага РУУС горада Мінска. Надалей усе пачалі чакаць, калі на месца прыедзе гаспадар дома.

''Вобшук праводзіўся 11 гадзін і напрацягу гэтага часу супрацоўнікаў сілавых структур у доме станавілася ўсё болей і болей – ля 15 чалавек у штацкім і тры ў чорным камуфляжы без апазнавальных знакаў і ў балаклавах. Хоць ў пратаколе па выніку пазначана толькі тры прозвішчы'', – кажа Марына.

Увесь дзень ''госці'' дазвалялі сабе свабодна перамяшчацца па дому, а яго жыльцы вымушаны былі ўвесь час знаходзіцца ў адным памяшканні разам. На просьбы не хадзіць без панятых ці там, дзе няма жыльцоў, – сілавікі не рэагавалі.

''У цэлым вобшук праводзіўся са шматлікімі парушэннямі. Напрыклад, яны маглі хадзіць па пакоях з панятымі, адбіраць рэчы, якія іх зацікавілі, пераносіць у іншае памяшканне, і там ужо гэтыя рэчы заставаліся без нагляду. Мы не бачылі, што там з імі адбываецца'', – зазначае дзяўчына.

Па словах экалагічнай актывісткі, вопіс быў зроблены неразборліва, так што з яго цяжка зразумець, што канкрэтна вымалася. Бо запісвалася колькасць, а не назвы рэчаў і ў літаратуру разам з кнігамі патраплялі паперы і дакументы. Нягледзячы на просьбы ўсё ж канкрэтызаваць рэчы ў вопісу, нічога спраўлена не было.

З дакументаў, якія супрацоўнікі ў штацкім паказалі гаспадару дома, стала зразумела, што вобшук праводзіцца ў рамках івацэвічскай справы. Таму жыльцам патлумачылі, што шукаць рэчы ім давядзецца ў следчага Брэстскай вобласці.

Крымінальная справа па частцы 2 артыкула 339 КК (хуліганства, здзейсненае групай асоб), узбуджанай па факце падпалу кактэйлямі Молатава білборда ў Івацэвічах 28 ліпеня. Па гэтай крымінальнай справе праходзяць двое сацыяльных актывістаў.

''Аднак узнікае пытанне: якім чынам людзі, якія жывуць у доме, яго гаспадар ці сам дом, звязаны з гэтай справай? Якое дачыненне да яе маюць асабістыя рэчы, грашовыя сродкі, кнігі, нататнікі?... Вядома, што ніякіх тлумачэнняў я не змагла дабіцца'', – кажа Марына.

Пра тое, што ў бок жыльцоў пастаянна сыпаліся пагрозы ад людзей у ''чорным'' распавёў падчас прэс-канферэнцыі Яўген Дзяткоўскі, які таксама пражывае ў гэтым доме і прысутнічаў на вобшуку.

''Нам казалі, што могуць зрабіць з намі ўсё што заўгодна, калі не супакоімся, бо мы павінны маўчаць і толькі адказваць на пытанні. Правоў штосьці рабіць у нас няма, толькі што загадаюць...'', – патлумачыў ён.

Пры гэтым напрацягу 11 гадзін, што ішоў вобшук, жыльцам неабходна было прасіць дазволу нават схадзіць у прыбіральню.

''Калі я вярталася з прыбіральні, захапіла на кухні яблык, за што адзін з супрацоўнікаў пачаў на мяне крычаць, маўляў, у яго трэба было пытацца на гэта дазвол, бо ён тут галоўны. Акрамя ўсяго, мне неабходна пастаянна прымаць лекі па стану здароў, і за імі я проста пайшла... Чаму павінна пытацца ў кагосьці ''ці можна?'', калі гэта мая неабходнасць. Але таблеткі па выніку ў мяне спрабавалі забраць, – узгадвае Марына. – Перыядычна мы штосьці пад'ядалі. Па-першае, немагчыма столькі часу нічога не піць, не з'есці. Па-другое, я знаходжуся ў сваім доме''.

На думку актывісткі, гэта вельмі паказальныя дзеянні, якімі ўлады імкнуцца задушыць любую сацыяльную актыўнасць і жаданне штосьці рабіць. Маўляў, такім чынам яны намагаюцца адрэзаць кантакты і сувязі, канфіскоўваючы працоўныя камп'ютары, тэлефоны – цалкам паралізуюць усю дзейнасць.

Актывісты адзначылі, што сілавікі аказвалі на іх псіхалагічны ўціск, які прысутнічаў, як у саміх працэдурах, так і у тым, як да маладзёнаў ставіліся.

''Лічу, што вобшук звязаны з ціскам на людзей і на мяне асабіста, бо гэта не першы раз і не ў адным месцы. Я не адмаўляю, што так выкарыстоўваецца магчымасць прыпыніць маю экалагічную актыўнасць, мерапрыемствы, якія мы робім, работу якую праводзім па Орхускай канвенцыі і па актуалізацыі праследу экаактывістаў у Беларусі. Бо гэта вострыя сацыяльныя пытанні, якія адмаўляюцца дзяржавай. Але мы не збіраемся маўчаць і будзем працягваць прасоўваць іх, у тым ліку і на міжнародным узроўні'', – каментуе Марына Зялёнаму парталу.

Свае высновы яна робіць з таго, што людзі ў штацкім дакладна ведалі, хто яна і чым займаецца.

Дарэчы, у ходзе вобшука ў актывісткі быў канфіскаваны ''Агляд Орхускай канвенцыі ў Рэспубліцы Беларусь''.

Як адзначае дзяўчына, афіцыйныя прычыны для вобшукаў – гэта толькі падстава прыйсці да таго, каго пажадаюць.

''Вельмі важна ведаць свае правы. Калі да вас прыходзяць, трэба патрабаваць дакументы, тлумачэнняў, чаму да вас прыйшлі, хто яны такія і чаму вымаюць менавіта тое, што вымаюць, якім чынам гэта звязана з той ці іншай справай... Нашыя правы павінны выконвацца, раз ужо ж жывем у прававой дзяржаве'', – зазначыла Марына.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость