27.09.2021 / 08:09

Праваслаўнае свята Узвіжання крыжа Гасподняга, якое адзначаюць 27 верасня, абрасло шматлікімі народнымі павер’ямі. Нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень змеі хаваюцца на зіму ў норы, а зямля засынае.

У беларускім традыцыйным календары няма свята, якое маркіравала б дзень восеньскага раўнадзенства (22 верасня) і было б распаўсюджана па ўсёй краіне. Але функцыі восеньскага каляндарнага рубяжа могуць выконваць святы Сімяёна Стоўпніка (14 верасня), Раства Маці Божай (21 верасня) і Узвіжанне (27 верасня).

У міфалагічных, дахрысціянскіх уяўленнях у гэты час сімвалічна «замыкаўся» тагасвет, вырай. «Гэтым» светам лічылася штодзённая, знаёмая чалавеку прастора. «Той» жа свет, вырай, мясціўся адначасова недзе далёка, у небе, за морам, і пад зямлёй. Фактычна ўся прастора па-за сялянскай сядзібай ад восеньскага да вясновага раўнадзенства станавілася сімвалічна «чужой» для чалавека.

Лічылася, што ў гэты час зямля замыкаецца, спіць, адпачывае, яе нельга турбаваць араннем, забіваннем калоў, гараджэннем платоў… Ужо сабраны ўраджай з палёў, пачынаецца сяўба азімых, якія павінны паляжаць пад снегам, каб узысці ўвесну. Уяўленні аб «засынанні» прыроды ўвасобіліся ў шматлікіх павер’ях аб свяце Узвіжанне, якія можна сустрэць па ўсёй Беларусі. Найбольш распаўсюджана забарона хадзіць у гэты дзень у лес. Верылі, што 27 верасня змеі звіваюцца ў клубкі і паўзуць у норы на зімоўку. У гэты ж дзень можна сустрэць вужынага цара ў залатой кароне. Калі пасцяліць перад ім белае палатно, то вуж скіне туды залаты ражок, а чалавек, які яго прыдбае, будзе мець плён ва ўсіх справах, а таксама разумець мову птушак і звяроў.

Сустракаюцца забароны заходзіць у гаспадарчыя пабудовы, дзе захоўвалася гародніна, таксама, каб пазбегнуць сустрэчы са змеямі, якія ўладкоўваюцца на зімоўку. Радзей у павер’ях на Узвіжанне ўзгадваюцца іншыя жывёлы. Напрыклад, жыхары вёскі Кучын Кармянскага раёна кажуць: «Зьвяркі на Зьвіжанне ўсе зьдзьвігаюцца», маючы на ўвазе, што яны ўладкоўваюцца на зіму. На Узвіжанне, верылі, адлятаюць ужо ўсе птушкі. Нібыта галка ляціць апошняй і забірае з сабой ключы ад лета, ад зямлі. Вяртаецца яна ўвесну, на Дабравешчанне. У вясновых песнях можна сустрэць радкі:

Ой, ты вылеці, чорна галачка,

Ой, ты вынесі залаты ключы…

Свята, падобнае да нашага Узвіжання, Ussi magamise päev (Дзень змяінага сну), ёсць у эстонцаў. Адзначаецца 8 верасня. Акрамя змей, па эстонскіх павер’ях, у гэты дзень засыналі чарвячкі. Забаранялася хадзіць у грыбы, бо лес хоча адпачыць, а яго насельнікі – спакойна падрыхтавацца да зімовай спячкі. Уяўленне пра тое, што ў пэўны восеньскі дзень змеі засынаюць да вясны, зафіксавана таксама ў розных нямецкіх землях. У Скандынавіі 21 верасня адзначалі Дзень святога Маціса. Сяляне збіралі лістоту і хмызняк, а мядзведзі, па павер’ях, таксама збіралі мох і траву, рыхтуючы сабе зімовае логава.

Для сучаснага гараджаніна Узвіжанне – добры час, каб падумаць аб прыродзе, узгадаць, што ёй патрэбны спакой, паразважаць пра свае звычкі прыродакарыстання.

Автор:
Фотограф:
Pixabay.com
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость