У канферэнцыі ўдзельнічалі арнітолагі і аматары птушак з Беларусі і Польшчы, а таксама школьнікі і людзі сталага веку. Прыемным падарункам стала прэм’ера дакументальнага фільму «SpringStruck» з захапляльнымі кадрамі ад выбітнейшага фатографа дзікай прыроды Беларусі, гарадзенца Дзмітрыя Якубовіча.
Адзін з выпускаў тэлеперадачы «У аб’ектыве натураліста» аб паспяховым гнездаванні белага бусла ў гродзенскім звярынцы прадставіў тэлевядоўца і намеснік дырэктара гродзенскага звярынца Віталь Гуменны.
Паводле слоў Віталя, людзі часта прыносяць у звярынец выпаўшых з гнязда птушанят буслоў, а таксама пакалечаных або хворых птушак. Большасць з іх пасля аказання дапамогі не здольныя вярнуцца ў дзікую прыроду і застаюцца жыць у няволі. Да гэтага часу ва ўмовах звярынца буслы не аднаразова спрабавалі загнездаваць, але безвынікова. І вось у мінулым годзе адбылася сапраўдная сенсацыя. Адной пары белых буслоў удалося нарэшце выгадаваць двух птушанят, якія паспяхова пакінулі гняздо. Птушаняты былі закальцаваны. Далейшы іх лёс пакуль невядомы.
Самай вясёлай часткай канферэнцыі, асабліва для дзетак, стала ўжо традыцыйнае каманднае маляванне птушкі года з завязанымі вачыма. Гэтым разам каманды малявалі птушку 2017 года жаўрука-смяцюха.
А таксама ва ўдзельнікаў была выдатная магчымасць паспрабаваць свае сілы ў вызначэнні беларускіх відаў чаек. Гэта адна з самых цяжкавызначальных груп птушак, пра якую распавёў старшыня «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі, асабліва зазначыўшы, што летась беларускі спіс птушак папоўніўся адразу двума новымі відамі чаек: чайкай-бургамістрам і жаўтаногай чайкай.
Падчас канфэрэнцыі працавала фотавыстава «Нашыя вядомыя і невядомыя птушкі» Дзмітрыя Якубовіча, а таксама мемарыяльная фотавыстава «Прырода на здымках» Георгія Гулеўскага (1941–2017). На наступны дзень удзельнікаў канферэнцыі чакала палявая экскурсія да птушак.
Сваімі ўражаннямі ад канферэнцыі падзяліліся некаторыя яе ўдзельнікі. Ірына Самусенка, к.б.н, НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, Менск:
«Не першы раз удзельнічаю ў канферэнцыі гарадзенскага аддзялення „АПБ“ і заўсёды толькі станоўчыя эмоцыі і ўражанні. Кожны раз нешта новае. Гэтая канферэнцыя запомнілася цікавымі дакладамі як з беларускага, так і польскага боку. Пазнаёмілася з новымі людзьмі, асабліва з калегамі з Польшчы. Спадзяюся на далейшае супрацоўніцтва. Што датычыцца адмоўнага, то хацелася б наступны раз пабачыць болей моладзі і новых твараў».
Юры Квач, сябра «АПБ», Ліда: «Пэўна, адна з лепшых канферэнцый, на якіх мне даводзілася бываць. Вельмі спадабаліся даклады ўдзельнікаў. І польскіх, і беларускіх. Сядзеў літаральна адкрыўшы рот. А падчас палявой экскурсіі пабачыў птушку года — жаўрука-смяцюха. Першага для сябе ў гэтым годзе».