Асноўнымі інгрэдыентамі стравы будуць бульба, морква, цыбуля і буракі.
Дарэчы, у бурака даволі шырокі спіс карысных уласцівасцей. Гэты карняплод не толькі першы «ачышчальнік» арганізма, ён дапамагае рэгуляваць тлушчавы абмен, спрыяе лячэнню гіпертаніі. Бурак неабходны ў рацыёне цяжарных, асабліва на стадыі планавання дзіця і ў пачатку цяжарнасці, бо ў склад гародніны ўваходзіць фоліевая кіслата, патрэбная для фарміравання нервовай сістэмы плода. Карысны бурак і пры захворваннях шчытападобнай залозы з-за дэфіцыту ёду.
Аднак з гэтай гароднінай неабходна быць асцярожнымі тым, хто хварэе на цукровы дыябет, астэапароз, мачакаменнай хваробай.
Дадатковымі інгрыдыентамі можа быць ваша любімая гародніна: балгарскі перац, кабачкі, баклажаны, капуста, памідоры.
Для міксу нам спатрэбяцца:
-
5-6 невялікіх бульбін;
-
2 невялікія морквіны;
-
2 цыбуліны;
-
2-3 бурачкі;
-
1/4 качаны капусты;
-
1 памідор;
-
3-4 зубчыка часнаку;
-
соль і прыправы па смаку.
Гародніну добра мыем і чысцім. Дробна наразаем цыбулю і капусту, а бульбу, буракі і моркву — скрылькамі сярэдняй таўшчыні. Расціскаем зубчыкі часнаку — ён надась страве водару.
УВАГА: дробную маладую бульбу можна не чысціць і не наразаць, а добра прамыць вадой ад пяску.
Усё закідваем у спецыяльную форму для запякання, перамешваем, солім, дадаем прыправы і крыху паліваем алеем.
У гэты ж час уключаем награвацца духоўку — на 200 градусаў.
Затым накрываем наш мікс фальгой, ставім у духоўку і змяншаем тэмпературу да 180 градусаў. Такім чынам запякаем хвілін 40.
Важна, каб прапякліся бульба і бурачкі. Калі яны будуць мяккімі, можна выключаць духоўку, а ў саму страву дадаць скрылькамі нарэзаны памідор, накрыць фальгой і яшчэ даць колькі часу пастаяць у цёплай духоўцы.
Пры поўнай гатоўнасці раскладваем мікс па талерках і частуем сяброў. Не забывайце, што да стравы можна дадаць разнастайныя соўсы і зрабіць яе пікантнай ці пасыпаць зверху маладой зелянінай, што асвяжыць порцыю.
Смачна есці!