Падавалася б, што можа быць такога карыснага ў самым звычайным кабачку? А вось на самой справе валодае ён цэлым шэрагам уласцівасцяў, якія могуць дапамагчы арганізму ў восеньскі перыяд. Нягледзячы на тое, што кабачок з'яўляецца даволі сытным, адносяць яго да дыетычнага прадукту.
Кабачкі не раздражняюць страўнік і кішэчнік, мякка стымулюючы іх работу, зажыўляючы слізістыя абалонкі, а таксама дапамагаюць арганізму засвойваць бялкі.
Валокны кабачка здольныя ўсмоктваць і выводзіць таксіны, соль, «дрэнны» халестэрын і залішнюю ваду. Менавіта таму іх рэкамендуюць ужываць пры схільнасці да ацёчнасці і паўнаты.
Для аладак нам спатрэбяцца:
- 2-3 сярэднія бульбіны;
- палова сярэдняга кабачка;
- 1/4 шклянкі аўсянкі;
- соль;
- чорны молаты перац.
Для грыбной падлівы трэба:
- 4-5 невялікіх шампіньёны;
- сярэдняя цыбуліна;
- алей;
- соль;
- чорны молаты перац;
- кіпень.
Мыем і чысцім бульбу, націраем на буйной тарцы. Тое ж робім з кабачком. Падсольваем і перчым нашу цеставую аснову.
Замест мукі бярэм аўсяныя шматкі, ідэальна падыйдзе аўсянка хуткага прыгатавання. Усыпаем 1/4 шклянкі ў блэндар ці камбайн і змалваем шматкі ў муку. Дадаем яе да цёртых бульбы і кабачка. Усё добра вымешваем і даем літаральна пару хвілін пастаяць, каб аўсяная мука крыху набрыняла.
Пачынаем рабіць падліву. Дзеля гэтага грыбы і цыбулю рэжам кавалачкамі сярэдняга памеруі і закідваем на разагрэтую патэльню з алеем. Добра высмажваем. Не забываем пасаліць і прыправіць. Закідваем грыбы ў глыбокую міску, дадаем крыху кіпеню і блэндэрам ператвараем у аднародную масу.
Ставім разагравацца яшчэ адну патэльню. Каб «цеста» не прыставала да рук, змачваем іх у халоднай вадзе. Пачынаем смажыць аладкі пры невысокай тэмпературы. Пры гэтым старайцеся не рабіць іх занадта тоўстымі. Залацістая скарынка падкажа, што яны ўжо гатовыя.
Выкладаем аладкі парцыённа на талеркі і паліваем зверху падлівай. Можна яшчэ прысыпаць зелянінай, напрыклад дробна парэзаным кропам ці пятрушкай, а таксама падаць нарэзку з салодкага перца і памідораў.
Увага: пры жаданні ў падліву можна дадаць таксама морквы. А вегетарыянцы і аматары мясных страў могуць грыбную падліву замяніць на смятану з перацёртым часнаком і зелянінай.
Смачна есці!