28.11.2018 / 15:11

У Парку 60-годдзя Кастрычніка ў аўторак, 27 лістапада, прайшоў пікет. Арганізатарам і ўдзельнікам яго выступіў гарадскі актывіст Дзяніс Тушынскі, што ўжо вядомы па барацьбе з узвядзеннем адміністрацыйнага будынка на месцы былой вучэбнай установы па адрасе Сердзіча, 12.

На пляцоўку ля памятнага камяню ў Парку 60-годдзя Кастрычніка а 12.30 падыходзіць Дзяніс Тушынкі. У руках актывіста некалькі плакатаў і невялікі пакецік з лекамі.

"Усё як мае быць, згодна з правіламі правядзення, — смяецца Дзяніс пра "аптэчку", паглядаючы на гадзінік. — Яшчэ хвіліна і пачнем".

Роўна ў 12.30 ён разварочвае плакат, на якім у сціслай форме пазначаны ўсе падставы, што прымусілі актывіста выйсці на пікет.

Высечка пад будаўніцтва тэнісных кортаў пачаліся ў Парку 60-годдзя Кастрычніка ў лістападзе 2016 года, яшчэ да пачатку грамадскіх абмеркаванняў. Пры гэтым не былі вытрыманыя нормы генплана сталіцы па азеляненню. Як зазначае Дзяніс Тушынскі, парушэнне назіраецца прыблізна на 15%, на што ініцыятыўная група звяртала ўвагу ў сваіх зваротах.

"У парку ўжо існуе 12 кортаў — адкрытага і закрытага тыпу. Будаваліся яны год 10 таму. І ўзнікае лагічнае пытанне: «Навошта яшчэ?». Тым больш, па словах людзей, улетку корты практычна пустуюць", — зазначае ён. А затым дадае, што калісьці прэзідэнтам было выпушчана распраджэнне пра будаўніцтва крытых кортаў на гэтым месцы пад тэніснае спаборніцтва. Аднак доўгі час ніякіх работ не праводзілася, узвядзенне аб'ектаў пачалося толькі зараз.

Разам з юрыстамі грамадскага аб'яднання "Экадом" актывіст збіраецца праз суд паспрабаваць  адмяніць рашэнне аб выдзяленні зямельнага ўчастка пад будаўніцтва. Магчымасць станоўчага вырашэння сітуацыі Дзяніс ацэньвае рэалістычна і максімальна чаго жадае дасягнуць — вяртанне азелянення на дадзенай тэрыторыі.

"Парк падзелены на зоны — ланшафтна-рэкрэацыйныя. На адной з іх забараняецца вядзенне будаўнічых работ. А вось на той, што цягнецца ўздоўж вуліцы Матусевіча — ЛР1,  дазваляецца ўзвядзенне рэкрэацыйных аб'ектаў, у тым ліку спартыўных, дзе якраз і разгарнулася будаўніцтва. Парушэння ў гэтым дачыненні няма. Але не вытраманыя нормы азелянення згодна з генпланам. Адсюль можна намагацца вяртання дрэваў на дадзенай тэрыторыі", — зазначае Дзяніс і гэта без уліку таго, што як быццам бы былі праведзены кампенсацыйныя пасадкі ў суседнім парку Цывалі. — Якім чынам можна было на тэрыторыі парка выпіліць дрэвы пад нуль, асабліва ўлічваючы, што плошча забудовы займае з агульнай толькі чвэрць? Улічваючы, што парк мае пейзажнае рашэнне — ва ўзгорках. Таму значэнне маюць не толькі колькасць дрэваў, але і ландшафтны складнік, які знішчылі".

На адваротным баку плаката актывіст размясціў інфармацыю пра аб'ект па вуліцы Сердзіча, 12. Гэта яшчэ адна гарачая кропка Фрунзенскага раёна Мінска, дзе вядзецца барацьба супраць будаўніцтва на месцы былога дзіцячага садка адміністрацыйнага будунака з паркоўкай, для якой высеклі частку сквера.

На момант абмеркавання праекта навучальнай установы ўжо не было — у будынку працавалі дзіцячыя гурткі, судовыя выканаўцы і частка плошчаў выкарыстоўвалася пад склад.

"Першапачаткова людзям прапанавалі ідэю, якая мясцовых задавальняла, — у будынку застаюцца працаваць судовыя выканаўцы і пракуратура, і збудаванне не зносяць, а рэстаўруюць. Аднак пасля ўсё перайначылі, пералічылі, што танней будзе ўзвесці новы аб'ект", — распавядае Дзяніс.

Вядома такі варыянт не мог задаволіць жыхароў суседніх дамоў, таму на грамадскім абмеркаванні яны адзінагалосна выступілі супраць. Аднак, як падкрэслівае актывіст, праектыроўшчыкі так і не пабачылі тых заўваг і прапаноў ад людзей, што ўжо з'яўляецца парушэннем.

Як у сітуацыі з паркам адмяніць будаўніцтва ўжо наўрадці атрымаецца. Таму максімальна чаго можна дабіцца, лічыць Дзяніс, перапрафілёўкі ўстановы і змяншэння машынамесцаў на тэрыторыі паркоўкі — з 96 да 33, што цалкам магчыма, нават па разліках праектнай арганізацыі.

Наконт дадзенага будаўніцтва актывіст таксама збіраецца ісці ў суд з патрабаваннем прызнання папярэдніх абмеркаванняў несапраўднымі і правядзення новых. Падобныя звароты ён ужо рабіў у мясцовую адміністрацыю, але, па звыклай практыцы, атрымаў адпіску, зазначае Дзяніс.

Неўзабаве да актывіста наблізілася жанчына, мясцовая жыхарка з Сердзіча, што вельмі эмацыйна пачала дзяліцца апошнімі навінамі з будаўніцтва. Па яе словах, праз забіванне сваяў у фундамент будучага аб'екта па першым паверсе на рагу жылога дома, што набліжэй размешчаны да будоўлі, пайшла трэшчына, якую не так даўно зарабілі. Пры гэтым ніякай ацэнкі шкоды ці ўстойлівасці дому не праводзілася. Тут жа на месцы актывіст паабяцаў кансалідавацца з ёю, каб правесці дадатковыя праверкі.

Напрацягу гадзіны, што доўжыўся пікет, да Дзяніса час ад часу падыходзілі людзі сталага ўзросту, цікавіліся наконт чаго і што тут адбываецца. І як толькі чулі, што пікет супраць забудовы — тут жа пачыналі абурана гаманіць і маральна падтрымліваць актывіста.

Пікет скончыўся на пачатку паловы другой. За ўсімі дзеяннямі актывіста пільна сачылі супрацоўнікі сілавых органаў, фіксуючы на камеру ўсе размовы Дзяніса з прадстаўнікамі медыя ці людзьмі.

"Ну вось неяк так… Я не чакаў шмат людзей, бо ўсё ж сярэдзіна працоўнага дня. Але бачыце, простыя мінакі і тое супраць. Ды й нейкай новай інфармацыі здабыў, — кажа Дзяніс паціху зварочваючы плакат. — Але напэўна пакуль з пікетамі я скончу. Гэта добрая нагода прывабіць увагу да праблемы. Аднак зараз важней заняцца судамі".

 

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость