Такую ідэю прапанаваў фонд «Цэнтаўр» – міжнародная арганізацыя, якая займаецца дабрачыннасці для жывёлаў ды пытаннямі экалогіі.
«Як аматары жывёлаў, мы ведаем, што нашы пухнатыя сябры з’яўляюцца членамі сямʼі. Яны прыносяць нам радасць, суцяшэнне і безумоўную любоў. Таму цалкам натуральна, што мы хочам клапаціцца пра іх, калі яны хворыя. На жаль, не ўсе працадаўцы думаюць так сама. Вось чаму мы пачынаем петыцыю аб аплочваным адпачынку па хваробе для работнікаў... » – сказана ў тэксце петыцыі.
Каб атрымаць такі адпачынак, патрэбна будзе даведка ад ветэрынара пра тое, што жывёла мае патрэбу ў неадкладнай медычнай дапамозе.
Гэтае права будзе распаўсюджвацца не толькі на тыя выпадкі, калі хатні гадаванец раптам захварэў. Адпачынак прадугледжаны і тады, калі жывёлу толькі ўзялі з прытулку і яна перажывае моцны стрэс на новым месцы.
На дадзены момант на сайце сабрана 25 тысяч галасоў: засталося набраць яшчэ 75 тысяч, каб петыцыю разгледзеў урад. Калі Сейм прыме гэты закон, то Польшча стане першай краінай у Еўропе з такімі тыпам водпуску.
Падобныя практыкі ў свеце
Зрэшты, некаторыя прыватныя кампаніі ўжываюць падобную практыку. Некалькі гадоў таму адна маркетынгавая фірма ў ЗША дазволіла сваім супрацоўнікам працаваць з дому пры неабходнасці догляду за жывёламі. The New York Times распавяла гісторыю мэнэджара гэтай кампаніі, які ўзяў шчанюка – помесь залацістага рэтрывера і пудзеля. Бэнтлі (так назвалі сабаку) было ўсяго два месяцы, і ей было складана адаптавацца ў новым доме. Таму кампанія пайшла насустрач свайму супрацоўніку: яму дазволілі не ездзіць ў офіс, пакуль ён даглядаў за маленькай Бэнтлі.
Італьянская прэса таксама пісала пра выпадак у Рыме: супрацоўніца ўніверсітэта змагла ўзяць водпуск на два дні, калі яе сабака сурʼёзна захварэў.
Але, мабыць, самым прагрэсіўным у гэтым пытанні апынуўся вытворца крафтавага піва BrewDog у штаце Агаё (ЗША): тут супрацоўнікам кампаніі аплочваецца адпачынак працягласцю да ажно 7 дзён. Таксама бары BrewDog дазволена наведваць з сабакамі.
У офіс: з сабакам ці нават апосумам…
Нядаўняе даследаванне, праведзенае ўніверсітэтам у Вірджыніі, паказала, што супрацоўнікі, якія прыводзілі сваіх сабакаў у офіс, адчувалі больш нізкі ўзровень стрэсу на працягу працоўнага дня і былі больш задаволеныя вынікам сваёй дзейнасці.
У ЗША некаторыя карпарацыі, напрыклад, Amazon і Google, прытрымліваюцца палітыкі «рets-friendly». Многія хатнія жывёлы дрэнна пераносяць адзіноту, але адчуваюць сябе цалкам спакойна ў прысутнасці людзей. Таму кампаніі, дзе можна ўзяць з сабой на працу сабаку, больш прыцягваюць уладальнікаў гадаванцаў.
Напрыклад, амерыканская кампанія Replacements увяла такую сістэму ячшэ 17 гадоў таму, калі яе заснавальнік і гендырэктар Боб Пэйдж завёў уласнага сабаку і не захацеў пакідаць яго дома аднаго. За гэты час у офісе з’явілася мноства цікавых хатніх жывёлаў: напрыклад, качка, пузатая свіння і нават апосум.
З іншага боку, такі падыход не заўсёды магчымы: некаторыя работнікі могуць пакутаваць ад алергіі на поўсць ці ж мець фобіі, павязаныя з сабакамі, напрыклад. Тады, на жаль, гадаванца прыйдзецца пакінуць дома.