29.09.2020 / 16:09

Разбіраемся, як пратэстуюць на буйным хімічным прадпрыемстве ў Гродна.

Каля 70 работнікаў «Гродна Азот» напісалі заявы на звальненне, але пакуль не аддаюць іх кіраўніцтву. Так азотаўцы адрэагавалі на арышт свайго калегі і суды, якія пачнуцца неўзабаве. Калі іх сапраўды звольняць, то спыняцца сама меней два цэхі.

 

Што стала штуршком для пратэсту?

Падчас пратэстаў у дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі 23 верасня схапілі некалькі работнікаў «Гродна Азот». Аднаго з іх, Ігара Рубцэвіча, арыштавалі на 5 дзён, бо яго затрымалі паўторна. Гэта быў першы выпадак арышту за ўдзел у пратэстах на хімічным гіганце. Рубцэвіч выйшаў на волю 28 верасня.

«Сямнаццаць калег сустракалі яго як героя», — кажа лідэр страйкаму «Гродна Азот» Юры Рававы, які цяпер знаходзіцца ў Варшаве.

Юры Рававы

 

Перад гэтым 25 жніўня затрымалі калону азотаўцаў, якія ішлі з працы ў цэнтр гораду. Іх было каля 30 чалавек, якіх пратрымалі ў пастарунку некалькі гадзін. Падтрымаць іх пад ізалятар прыйшлі каля паўтысячы гарадзенцаў, прыехала і кіраўніцтва «Азоту». Усіх выпусцілі ў той жа вечар, але склалі на іх пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Суды над імі чакаюцца 30 верасьня.

Падтрымаць азотаўцаў пад ізалятар 25 жніўня прыйшлі каля 500 чалавек

 

Заявы на звальненне, адмова ад працы, італьянскі страйк

У адказ на гэта работнікі «Гродна Азот» пачалі пісаць заявы на звальненне, але пакуль не аддаюць іх кіраўніцтву. Гэта найперш тэхналагічны персанал цэху «Аміяк-3», які працуе па зменах. У гэтым цэху працуе каля 80 чалавек.

Перад гэтым адна са зменаў увогуле адмаўлялася заступаць на працу ў знак пратэсту. Да іх прыяжджалі генэральны дырэктар Ігар Бабыр і галоўны інжынер Віктар Міхневіч. Урэшце яны дамовіліся працаваць далей.

Цэх «Аміяк-4» цяпер на планавым рамонце, хоць рамонт той меўся пачацца яшчэ ўлетку. Некаторыя азотаўцы мяркуюць, што кіраўніцтва зацягвала пачатак рамонту, бо баялася, што пасля работнікі адмовяцца яго зноў запускаць. Цяпер работы ў «Аміяку-4» ідуць досыць марудна. Гэта нагадвае італьянскі страйк. Работнікі адпрацоўваюць свой час, не выходзяць працаваць у выходныя, не застаюцца на «звышурочныя», як раней. Гэта законна.

«Людзі хутчэй паказваюць кіраўніцтву, што яны не будуць для яго зарабляць грошы», — мяркуе старшыня незалежнага прафсаюзу «Гродна Азот» Андрэй Ханевіч.

 

Ці так проста іх звольніць і ці будзе далей працаваць завод?

«Аміяк-3» і «Аміяк-4» — адны з асноўных вытворчых цэхаў «Азоту». Зь імі звязаныя «Карбамід-3» і «Карбамід-4» адпаведна. Калі тых, хто напісаў заявы, сапраўды звольняць, то з такой нястачай кадраў цэх «Аміяк-3» не зможа працаваць. Ён патрабуе кантролю 24 гадзіны на суткі.

Як патлумачыў Андрэй Ханевіч, гатовых спэцыялістаў у гэтай галіне вельмі мала. Каб падрыхтаваць такога адмыслоўца, патрэбна паўгода.

На ўсім прадпрыемстве працуе каля 7 тысяч чалавек (калі не ўлічваць «Хімвалакно», якое ўваходзіць у склад гіганта). З іх прыкладна паўтары тысячы зменнага персаналу.

«Гэта людзі, якія менавіта зарабляюць грошы. Іх не будзе — і цэхі стаяць. Іх не падменіш. Гэта людзі, якія выпускаюць прадукцыю», — тлумачыць Ханевіч.

Падчас сустрэчы з уладамі 14 жніўня

Незалежны прафсаюз спрабаваў адгаварыць работнікаў пісаць заявы на звалненне.

«Бо, хутчэй за ўсё, выйдзе крышку іншы варыянт. Некаторым, самым актыўным, падпішуць заявы аб звальненні, а астатнім скажуць: „У вас кантракт, працуйце далей“, і на гэтым усё затухне», — кажа старшыня незалежнага прафсаюзу.

 

Наколькі небяспечная рэакцыя азотаўцаў?

Юры Рававы тлумачыць, што азотаўцы не плануюць спыняць «Гродна Азот» экстрана і небяспечна. Яны хочуць найперш спыніць ціск на калег і начальніка цэха, які іх падтрымлівае.

«Ніякіх пагрозаў экалогіі і абсталяванню няма», — запэўнівае лідэр страйкаму.

«Мы самі жывём у гэтым горадзе, у нас тут жывуць сваякі. Падумайце, ці мы можам рызыкаваць іх бяспекай. Вядома, не. Тут працуюць падрыхтаваныя спецыялісты. Гаворка ідзе толькі пра ўзгодненае спыненне заводу», — кажа яшчэ адзін з работнікаў заводу.

Юры Рававы перакананы, што калі супрацоўнікі будуць настроеныя на пратэст рашуча, гэта прывядзе да бяспечнага спынення цэху «Аміяк-3» цягам месяца. Бо такі загад аддасць само кіраўніцтва.

 

Што адбывалася на «Гродна Азоце» пасьля выбараў?

Работнікі найбуйнейшага хімічнага прадпрыемства «Гродна Азот» аднымі з першых заявілі пра жаданне страйкаваць. Іх патрабаванні — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, новыя выбары, вызваленне палітвязняў і спыненне гвалту. Да іх на перамовы прыяжджала кіраўніцтва гораду, а потым і новы старшыня аблвыканкаму Ўладзімір Каранік.

Азотаўцы на вулічных пратэстах

 

Кіраўніцтва прадпрыемства не дазволіла работнікам страйкаваць. Лідэр страйкаму Юры Рававы з мэтаў бяспекі зьехаў у Польшчу. Вядома, што некалькі работнікаў звольніліся «за згодаю бакоў».

Работнікі «Гродна Азот» працягваюць удзельнічаць у вулічных акцыях. Максімум іх адначасна выходзіла каля тысячы чалавек на самым пачатку пратэстаў. Кіраўніцтва забараніла ім выносіць за межы заводу працоўную форму.

«Гродна Азот» нельга спыніць імгненна з прычыны складаных тэхналагічных працэсаў. Гэта вельмі небяспечна. Спыніць яго можна паступова, прыкладна цягам месяца. Потым яго гэтак жа сама доўга трэба запускаць.

Некалькі разоў за апошні месяц знянацку ламалася абсталяванне ў цэхах «Аміяк-3» (які ўлетку быў на планавым штогадовым рамонце) і «Аміяк-4». Некалькі разоў над «Азотам» нехта вывешваў бел-чырвона-белыя сцягі.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаннем інфармацыі БелаПАН.

Источник:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость