29.09.2021 / 11:09

Грамадскі дзеяч з Калінінграда Віктар Пашкоў, які жартам заве сябе «канапным урбаністам», але актыўна ўдзельнічае ў ініцыятывах «Право на город», «Аллеи Калининградской области» і «Парковое кольцо», распавёў Зялёнаму парталу пра свой горад.

Віктар Пашкоў з сям’ёй. Фота з асабістага архіву героя.
Віктар Пашкоў з сям’ёй. Фота з асабістага архіву героя.

Мы не будзем паглыбляцца ў гісторыю тэрыторыі, якую цяпер займае Калінінградская вобласць. Адзначым толькі, што да 1945 г. гэта была частка Германіі, а пасля Другой сусветнай вайны землі ўвайшлі ў склад СССР. Немцаў выселілі, а на іх месца прыехалі людзі з усяго Савецкага саюзу.

Віктар Пашкоў настаяў, каб яго аповед пераклалі на беларускую мову, і рэдакцыі надзвычай прыемна выканаць гэту просьбу.

Руіны каралеўскага замка ў Калінінградзе. 2021 г. Фота Алены Ляшкевіч
Руіны каралеўскага замка ў Калінінградзе. 2021 г. Фота Алены Ляшкевіч

 

Была Германія – стала Расія

Пасля вайны ў рускіх была вялікая нянавісць да ўсяго нямецкага. У 1953 г. у Калінінградзе падарвалі каралеўскі замак, які звалі «гнілым зубам», засталіся толькі руіны, у самым цэнтры горада. Людзі папросту не ведалі, што рабіць з нямецкай спадчынай: разбіралі кірхі на цэглу, выкідалі з палёў трубкі для дрэнажу.

Ніхто нікому нічога не тлумачыў і дрэнажная сістэма паступова разбуралася. Не ўсе верылі, што Калінінградская вобласць будзе заўсёды належаць Расіі. Думалі, што жывуць тут часова. Такія настроі ўзмацніліся ў 1990-я гады: хадзілі чуткі, што тэрыторыя адыйдзе да Германіі. Такое ж было і стаўленне – разбурай, ламай, жыві сённяшнім днём.

Прыдарожная алея. Крыніца: Суполка "Аллеи Калининградской области".
Прыдарожная алея. Крыніца: Суполка "Аллеи Калининградской области".

У нас захаваліся прыдарожныя алеі, якія саджалі немцы. У Расіі больш нідзе такога няма. Ёсць у Калінінградскай вобласці, у Германіі, Польшчы, Акрамя дэкаратыўнай у прыдарожных алей шмат іншых функцый: трымаюць дарожнае палатно, не даюць яму разбурацца; кронамі ствараюць цень, не дазваляюць асфальту плавіцца на сонцы; дысцыплінуюць кіроўцу: калі той не гоніць як шалёны, то яму таксама камфортна ехаць у ценю. Але ў нас праблема з п’янымі кіроўцамі, якія хутка ездзяць. Мінімум раз на тыдзень здараецца аварыя: хтосьці ўязджае ў дрэва і разбіваецца на смерць. ГИБДД (аналаг беларускага ДАІ – рэд.) не можа прыдумаць лепшага спосабу забяспечыць бяспеку дарожнага руху, чым пілаваць дрэвы, замест таго, каб змагацца з п’янымі кіроўцамі.

Штогод пілуюць 5–6 тысяч дрэў. Ёсць падазрэнне, што іх асабліва цікавяць каштоўныя пароды дрэў: дуб, ясень. Калі пілаваць у лесе, трэба рабіць прасеку, там рэльеф не заўсёды дазваляе праехаць трактарам.

А ўздоўж дарог растуць дрэвы, якія можна пілаваць і транспартаваць адразу, да таго ж яны, атрымліваецца, нічые. Праз антрапалагічны ўплыў дрэвы сохнуць і іх часам сапраўды трэба прыбіраць. Але ў нас практыкуюцца суцэльныя высечкі, без разбору. Дрэвы каштоўных парод адразу ж забіраюць, і калі прыязджаюць журналісты, ім паказваюць сухія расліны: «Вось глядзіце, яны ж маглі ўпасці!» І атрымліваецца нібыта ўсё правільна высеклі.

Дрэвы часам сапраўды падаюць, бо пра іх не клапоцяцца сістэмна. Па-добраму, павінны быць службы, якія аб’язджаюць алеі і аглядаюць дрэвы. Службы такія ё, але працуюць яны вельмі кепска.

Акцыя Пора сажать аллеи”, 2020 г. Крыніца: Суполка "Аллеи Калининградской области".
Акцыя Пора сажать аллеи”, 2020 г. Крыніца: Суполка "Аллеи Калининградской области".

Людзі, якія ратуюць дрэвы

На пачатку 2010-х эколагі вырашылі аб’яднацца ў рух «Аллеи Калининградской области», які я пазней ачоліў. Пачалі пісаць звароты, вывозілі на стажыроўкі ў Польшчу супрацоўнікаў дарожнай гаспадаркі, ладзілі асветныя мерапрыемствы, друкавалі літаратуру.

Сітуацыя цыклічная: рыхтуецца высечка, падымаецца шум, на некаторы час высечка адкладаецца, а потым пачынаюць зноў пілаваць. Таму мы кожную высечку фіксуем, пішам звароты і праводзім работу, каб неяк гэта ўсё захаваць. Некалькі год таму была інфармацыя, што ў Калінінградскай вобласці ўздоўж дарог расце каля 350 тысяч дрэў. Але высечкі абсалютна не кантралююцца, і колькі іх цяпер – мы не ведаем.

Некаторыя алеі атрымліваецца ўратаваць ужо калі іх пачынаюць пілаваць: у пнях знаходзяць віды жукоў, занесеных у Чырвоную кнігу, і па расійскім заканадаўстве такія алеі набываюць статус прыродных тэрыторый пад асаблівай аховай. Алеі – яны як жывыя калідоры для перамяшчэння розных жывёлаў.

Акцыя «Пора сажать аллеи», 2020 г. Крыніца: Суполка «Аллеи Калининградской области». Фота Алены Масько
Акцыя «Пора сажать аллеи», 2020 г. Крыніца: Суполка «Аллеи Калининградской области». Фота Алены Масько

Для прыцягнення ўвагі мы з 2017 году час ад часу робім акцыі “Пора сажать аллеи”: садзім дрэвы замест высечаных на адным з кавалкаў дарогі. Людзі скідаюцца грашыма на нашу ініцыятыву. Сумы вельмі розныя: ад 100 да 35 тысяч расійскіх рублёў (ад аднаго даляра да 480 – рэд.).

Потым трэба набыць сажанцы, арганізаваць падвоз інструментаў і людзей. Нехта дапамагае ўласным транспартам, нехта едзе з рыдлёўкай, тэрмасам, пірагом – у каго што ёсць. І так два разы на год чалавек 50 разам садзяць дрэвы. Гэта могуць быць школьнікі, студэнты, выкладчыкі, бізнэсмэны, гарадскія актывісты. Нават муніцыпальныя дэпутаты да нас прыязджаюць саджаць. Большасць дрэў прыжываецца: 310 мы пасадзілі за ўвесь гэты час, пяць замянілі, і яшчэ 20 засохла.

Калінінград. Фота Віктара Пашкова
Калінінград. Фота Віктара Пашкова

 

Бясконцая будоўля

Раней Калінінград мала каго цікавіў як турыстычны накірунак. На пачатку 1990-х да нас ехалі немцы, якія даўней тут жылі, гэта быў настальгічны турызм. Потым, мабыць, тое пакаленне адышло, і замежнікаў у Калінінградзе стала вельмі мала. Падчас пандэміі да нас паехалі жыхары «вялікай Расіі» (гэта наш, калінінградскі выраз). Ад турыстаў у нас цяпер не праштурхнуцца. Атрымаўся такі працэс імпартазамяшчэння, бо па ранейшых накірунках расіянам выехаць складана.

Марскі бераг у Калінінградскай вобласці. Фота Віктара Пашкова
Марскі бераг у Калінінградскай вобласці. Фота Віктара Пашкова

Але турысты едуць не проста адпачываць, а адразу купляць кватэры. Ідзе прамоцыя рэгіёну як «рускай Еўропы», дзе шмат цікавых нямецкіх будынкаў, мала людзей і ёсць мора. І тут некалькі парадоксаў. Добрай працы ў Калінінградскай вобласці няма, заробкі маленькія.

Але ёсць лобі фірм, мэта якіх – будаваць як мага больш жытла і прадаваць яго. Мясцовым столькі не прадасі, але калі запрашаць людзей з усёй Расіі, то можна будаваць жытло бясконца.

Яшчэ адзін парадокс у тым, што Калінінград прасоўваюць як “вельмі зялёны горад” і ў параўнанні, напрыклад, з Чалябінскам ён сапраўды вельмі зялёны. Яшчэ ў нас шмат нямецкіх будынкаў, і гэта падкрэсліваецца – самабытны еўрапейскі горад. Але каб пабудаваць жытло для ўсіх людзей, якія да нас прыязджаюць, забудоўцы знішчаюць усё тое, што любяць карэнныя калінінградцы: зялёныя зоны, нямецкую культурную спадчыну.

Механізм знічтажэння можа быць даволі доўгім: кампанія бярэ ў арэнду старую нямецкую сядзібу, якая не ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, і не даглядае яе. З часам будынак разбураецца, і яго зносяць праз аварыйны стан. А на яго месцы будуюць камерцыйную нерухомасць. На зялёныя зоны і на нямецкую забудову глядзяць як на неперспектыўныя тэрыторыі.

 

Спробы грамадзянскага грамадства кантраляваць сітуацыю

Калінінградцы сталі яднацца і спрабаваць адстаяць горад, змагацца за тое, што маюць: за паркі, за скверы. Яшчэ дзесяць год таму ў нас здараліся жудасныя гісторыі, калі актывісты спрабавалі абараніць зялёную зону ад забудовы, ставілі намёты ў парку, а іх білі палкамі, падпіралі дзверы ў навакольныя пад’езды, каб ніхто не выйшаў, і да прыезду міліцыі пілавалі дрэвы бензапіламі.

Цяпер такое складана ўявіць, палкамі нікога не б’юць, хаця запужваюць асобных актывістаў. Людзі сталі больш граматнымі, даведваюцца, што дзе збіраюцца будаваць, яднаюцца, працуюць у тым прававым полі, у якім могуць: пішуць лісты, збіраюць подпісы, складаюць петыцыі. Пікеты забароненыя, знаходзяць іншыя шляхі.

Праз граматна складзеныя звароты можна, напрыклад, высветліць, што некаторыя тэрыторыі былі перададзеныя незаконна. Тады пачынаюцца спробы дамовіцца і губернатар можа вырашыць, што зялёная зона застанецца, падзякваць актывістам за працу і нават прадэклараваць «Я з вамі!». Ёсць перамогі, ёсць паразы. У актывісцкім руху так.

Алег Павукоў
Алег Павукоў

Сартыроўка смецця ў Калінінградзе фактычна пачалася з прыватнай ініцыятывы грамадскага актывіста Алега Павукова і яго арганізацыі “Зелёное дело”. Ён ездзіў па кватэрах і купляў у гараджан смецце.

Грошы атрымліваліся невялікія, часцей за ўсё людзі іх не забіралі, а праз сайт ініцыятывы перанакіроўвалі на іншыя экалагічныя ці сацыяльныя праекты. То бок былі смеццеперапрацоўчыя прадпрыемствы, што забіралі ў вялікіх сетак сыравіну, якую можна перапрацаваць.

Але звычайнаму чалавеку не было куды здаць сартаванае смецце. А аказалася, што ў горадзе ёсць запыт на паасобны збор адкідаў. Алег прадае набытае смецце, выступае як пасрэднік паміж грамадзянамі і перапрацоўшчыкамі,

Улады пабачылі, што ёсць попыт на сартаванне адкідаў, абсталявалі ў горадзе 60 кантэйнерных пляцовак для гэтага, і нядаўна дадалі яшчэ 30. Гэтыя пляцоўкі Алег Павукоў абслугоўвае задарма, вывозячы адтуль смецце на дасартыроўку. То бок гарадскія ўлады не ўкладаюць сродкі ў транспартаванне. Праўда, дасюль у Калінінградскай вобласці перапрацоўваецца толькі 5% смецця. Плошча вобласці маленькая, і каля 5% занята звалкамі.

Ёсць кампаніі, якія працуюць у прамысловых маштабах: збіраюць пластыкавыя адкіды ў гандлёвых сетак і прадпрыемстваў і робяць з іх, напрыклад, лаўкі. Але на экалагічную свядомасць гараджан такія ініцыятывы ўплываюць толькі ўскосна. Кампаніі ставяць у Калінінградзе кантэйнеры для непатрэбных рэчаў, для батарэек. Такія ініцыятывы паступова набываюць папулярнасць.

Акцыя «Пора сажать аллеи», 2020 г. Крыніца: Суполка «Аллеи Калининградской области». Фота Алены Масько
Акцыя «Пора сажать аллеи», 2020 г. Крыніца: Суполка «Аллеи Калининградской области». Фота Алены Масько

 

Пра будучыню

У Калінінградзе расце попыт на экалагічныя, сацыяльныя праекты. Дробных ініцыятыў шмат, і яны рознага накірунку. Звычайна гэта адны і тыя ж людзі, якіх усё хвалюе. Ступіўшы на шлях грамадскага актывізму, ты ўжо не можаш спыніцца.

Напрыклад, жывеш у Калінінградзе, а пачынаюць пілаваць дрэвы ў Зеленаградску. Падавалася б, якая твая справа? Але ты разумееш, што наступная высечка можа быць у тваім горадзе, і што трэба працаваць комплексна над экалагічным дабрабытам Калінінградскай вобласці.

Калі ўсе дрэвы высекуць, мы будзем жыць мала. Калі мы не будзем займацца пытаннямі аховы навакольнага асяроддзя ўсе разам, то звалкі будуць расці, а мы – хварэць.

Гэту інфармацыю мы спрабуем данесці да жыхароў: падумайце хаця б пра сваіх дзяцей! Мы жывем на невялікай тэрыторыі, калі мы ўсё высячэм і ўсё ператворым у звалку, у нас папросту не атрымаецца далей жыць. Вось з гэтымі пытаннямі і спрабуем працаваць.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость