Знешнюю падсветку вечарам у суботу 28 сакавіка адключылі шэраг будынкаў дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў, крамы “Mark Formelle”, “Брадвей”, цэнтр Velcom, праўда, у апошнім гарэла рэкламная шыльда. Традыцыйна “Госвет” на гадзіну адключыў святлодыёдны экран на цэнтральнай плошчы, што сэканоміла каля 78 кВт\гадзін.
Супярэчлівыя водгукі засталіся ад абяцаных кавярнямі вячэраў пры свячах. Па словах уладальніка кавярняў “КофеМания”, “Ретро-пицца”, “Корчма” і “Корчма у причала” ў залах кавярняў напалову было прыглушанае святло. Відавочцы кажуць, што святло гарэла традыцыйна ярка. Загадчыца кавярні “Раскоша” распавяла, што на момант акцыі ў залах прыглушылі святло, запалілі свечкі на століках, адключылі фонавую музыку, прапанаваўшы наведнікам жывое гранне. Адна з наведніц запярэчыла, што свечак на століках не бачыла. У кавярні “Верас” у суботу было мерапрыемства, але гэта, па словах адміністратара, не зашкодзіла прыглушыць святло і запаліць свечкі. Цалкам адключыла асвятленне і падсветку “Кава-піцца” – “усё было са свечкамі”. Да таго ж у піцэрыі віселі рэкламныя плакаты акцыі Гадзіна Зямлі.
На відэа, зробленым экаактывісткай Веранікай Даркнес, можна ўбачыць Савецкую вуліцу на момант ацыі. Як бачым, цэнтральная гродзенская вуліца цёмнымі вокнамі будынкаў на момант акцыі не вылучалася.
Цікавую праграму да Гадзіны Зямлі падрыхтавала анты-кафэ “Жывы час”, якое ў мінулым годзе таксама актыўна падтрымала міжнародны флэш-моб па адключэнні святла. У анты-кафэ ў гэты вечар прыйшло даволі шмат людзей. Госці экавечарыны вучыліся рабіць свечкі з натуральнага воску, экалагічныя ўпаковачныя пакеты, пілі травяную гарбату з тэрмасаў і елі свежаспечаны хлеб, гралі на гітары. Больш здымкаў ТУТ.
Адна з арганізатарак акцыі ў Гродне Яна Сідарэнка кажа, што гарадскія ўстановы даволі ахвотна падтрымлівалі ідэю адключыць на гадзіну лішняе святло ці падсветку:
- На словах усе пагаджаліся даволі хутка, я думала, трэба будзе даўжэй угаворваць. Што мяне здзівіла, дык гэта тое, што многія паняцця не мелі пра міжнародную акцыю Гадзіна Зямлі.
Спадзяюся, у наступным годзе ўдасца падключыць большую колькасць розных установаў. З новага ў праграме сёлета былі адкрытыя заняткі па хатха-ёзе і танцы Месяца ад студыі ёгі “Сансара”.
У фірмовым офісе “Velcom” па вуліцы Савецкай можна было прыносіць выкарыстаныя батарэйкі, за якія экалагічна свядомыя гродзенцы атрымлівалі магніцікі і паштоўкі.
У Гродне падчас Гадзіны Зямлі традыцыйна павышаная ўвага надаецца інфармаванню насельніцтва пра сэнс акцыі, пра беражлівае стаўленне да рэсурсаў і праблемы зменаў клімату. Студэнты-актывісты біяфаку купалаўскага ўніверсітэта зрабілі адпаведныя прэзентацыі для навучэнцаў Гродзенскага каледжа мастацтваў, юрыдычнага, біялагічнага і фізіка-тэхнічнага факультэтаў Гродзенскага ўніверсітэта ім. Янкі Купалы, а таксама ў Гродзенскім медычным універсітэце.
Сярод гродзенскіх школ асаблівай актыўнасцю вылучалася 12-я школа. Да Гадзіны Зямлі далучылася 245 школьнікаў і 32 настаўнікі школы, а таксама іх родныя і сябры. Акцыі была прысвечаная ўся субота: школьнікі афармлялі плакаты і лістоўкі, якія распаўсюджвалі ў мікрараёне школы. Увечары свечкі, падораныя Цэнтрам экалагічных рашэнняў, перадаваліся ад малодшых старэйшым. Вучні правялі турнір па гульні “Экабатл”, вечар бардаўскай песні, конкурс “цёмных” гісторый – усё пры свечках. А таксама былі прагулкі пад парасонам пры свечках і конкурс малюнкаў у змроку.
Таксама да акцыі далучыліся школьнікі Жалудокскай СШ імя Урублеўскага.
Па словах Юлі Каляды, прадстаўніцы “Зялёнай сеткі” ў Гродне, сэнс акцыі не толькі ў эканоміі электраэнергіі, але і выказванні сваёй рашучасці праявіць клопат аб прыродзе і планеце:
- Акцыя глабальная, у ёй прымаюць удзел мільёны людзей. Уявіце, выключаючы лішняе святло, вы ведаеце, што мноства людзей у гэтую хвіліну зрабіла тое самае з тымі ж чыстымі думкамі і энтузіязмам – гэта натхняе! Наколькі ўдала прайшла акцыя ў Гродна, сказаць цяжка. Пра вынікі эканоміі ў горадзе мы даведаемся праз некалькі дзён. Людзі адгукнуліся на розныя мерапрыемствы ў горадзе – гэта, канешне, цешыць. Трошкі засмучае той факт, што большасць мерапрыемстваў у Гадзіну Зямлі ў Гродне ўжо не першы год ініцыюецца таварыствам “Зялёная сетка”. Чакаю таго моманту, калі буду прымаць удзел у такіх акцыях як глядач.
Як адбываліся акцыі Гадзіна Зямлі ў Гродне ў папярэднія гады, можна пачытаць у аглядным матэрыяле ТУТ.