30.06.2017 / 17:06

Як вужам на сонцы, давялося круціцца ўчора прадстаўнікам улады на сустрэчы з жыхарамі Бараўлян. Абмеркаванні генплана прайшлі, але праект не задавальняе людзей, ды й нармальнай прэзентацыі ніхто не праводзіў, сцвярджаюць яны.

«Давайце перанясем сустрэчу, мне зараз стане дрэнна!» — пачаў выкрыкваць сталага веку чалавек, звяртаючы ўвагу старшыні на перапоўненую залю Дома культуры, маўляў, месца непадрыхтаванае.

Аднак яго прапанову хорам забанілі людзі, гатовыя стаяць да канца. Сустрэча пачалася.

«Мы будзем вырашаць сумесна з вамі ўсе пытанні. Я разумею, што накіпела, але давайце паводзіць сябе карэктна, мы ж цывілізаваныя людзі», — звярнуўся з трыбуны Аляксандр Мякіннік, намеснік старшыні Мінскага райвыканкама.

Аляксандр Мякіннік
Аляксандр Мякіннік

 

«Абмеркаванні прайшлі, а мы пра іх і не ведалі»

З 2 па 26 чэрвеня праходзілі грамадскія абмеркаванні праекта карэкціроўкі генплана, згодна з якой вялікая частка леса будзе высечана пад дзіцячы садок і школу, а частку катэджнай забудовы «закапаюць» пад «аўтабан». Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што ніхто іх не праінфармаваў пра абмеркаванні і прэзентацыі праекта не было.

«Інфармацыю пра абмеркаванні размясцілі ў самых непапулярных СМІ, ніхто пра іх не ведае. Яшчэ нам кажуць, што было паведамленне на сайце Бараўлян, але хто яго наведвае? Упэўніваюць, што ў сельсавеце вісела аб'яўка. Гэта хлусня, я дакладна вам кажу», — сцвярджае жыхар пасёлка Вопытны Вадзім Трэфілоўскі.

Вадзім Трэфілоўскі
Вадзім Трэфілоўскі

Сам мужчына даведаўся пра абмеркаванні выпадкова з тыдзень таму ад бабулечкі на вуліцы. Літаральна за 10 дзён ініцыятыўная група пастаралася максімальна данесці гэтую інфармацыю да мясцовых жыхароў.

 

У сваю чаргу юрыст грамадскага аб'яднання «Экадом» Рыгор Фёдараў падкрэслівае, што парушэнні ў працэдуры правядзення абмеркаванняў сапраўды былі з боку Мінскага райвыканкама:

 

«Так, у апавяшчэнні на сайце выканкама не былі размешчаны ні тэкставая, ні графічная часткі праектнага рашэння, якое трэба абмеркаваць. Гэта прамое парушэнне палажэння аб парадку правядзення грамадскіх абмеркаванняў у вобласці горадабудаўнічай дзейнасці», — адзначае ён.

 

Такім чынам, каб азнаёміцца з праектам, жыхарам Бараўлян неабходна было наведаць сельсавет у працоўны час. Да ўсяго за тэкставай часткай трэба было асабіста звяртацца да кіраўніцтва сельсавета і ў прыёмнай вывучаць том у некалькі соцен старонак. На думку Рыгора Фёдарава, гэта нерэальны варыянт.

 

Акрамя гэтага, у людзей ёсць усе доказы маштабных высечак лясоў вакол населенага пункта, дзеліцца Вадзім Трэфілоўскі:

«Мы маем фотаздымкі, на якіх зафіксавана складзеная драўніна. Ляснікі сцвярджаюць, што праводзіцца чыстка леса ад сухастою, аднак месца высечак дакладна супадае з тым, дзе павінна прайсці дарога па генплане. Толькі ж нічога яшчэ не зацверджана».

У сувязі з гэтым у пракуратуру быў напісаны ліст з просьбай працягнуць грамадскія абмеркаванні. Але згодна з атрыманым адказам, ліст перанакіраваны ў райвыканкам.

«Па сутнасці, тым, хто прафукаў гэты праект», — разводзіць рукамі мужчына.

Аднак заканадаўча не існуе працэдуры паўторных абмеркаванняў, ды й пакуль не было ў практыцы выпадку прызнання абмеркаванняў несапраўднымі.

 

Генплан паўтарае папярэдні, у тым ліку парушэнні

Для Бараўлян распрацавалі не новы генплан, а карэкціроўку папярэдняга з улікам некаторых сацыяльных паказчыкаў і патрэб. Як падкрэсліў прадстаўнік УП «БелНДІПгорадабудаўніцтва» Валерый Ляўковіч, мінулы дакумент амаль цалкам адпавядаў колькасці насельніцтва — 21 000 чалавек у 2010-2011 гады. Аднак за 5 год адбыўся прырост амаль у два разы, і сёння ў Бараўлянах ужо пражываюць 37 000 чалавек.

На гэта мясцовыя жыхары адрэагавалі эмацыйным абурэннем, схіляючыся да таго, што гэтыя працэсы стымулююцца самімі ўладамі праз будаўніцтва шматпавярховай забудовы.

Валерый Ляўковіч
Валерый Ляўковіч

«Мы меркавалі, што населены пункт, размешчаны ля Мінска, будзе прырастаць. І прашу заўважыць, у карэкціроўцы генплана не такія бурныя тэмпы: да 2025 года — 43 000. Відавочна, умовы забудовы таксама будуць іншыя», — зазначыў прадстаўнік праектнай арганізацыі.

Супакоіць людзей паспрабавалі лічбамі па працоўных месцах, што ўзнікнуць пры рэалізацыі новага генплана. А таксама дадатковымі сацыяльна-культурнымі ўстановамі — садкамі і школамі, якія павінны ўзвясці.

«Бараўляны развіваюцца, як і астатнія прыгарады сталіцы. Звяртаю вашу ўвагу на генплан 1994 года, як быццам бы, калі вы набывалі ўчасткі для сядзібнай забудовы, не ведалі пра будучую структуру населенага пункта?» — адрэагаваў Валерый Ляўковіч на абурэнне мясцовых жыхароў. Але ў адказ на сваё пытанне прадстаўнік праектнай арганізацыі пачуў цвёрдае харавое «Не!».

«Але ў вас было законнае права азнаёміцца з ім!» — зазначыў ён.

«Мы ўсе простыя людзі, мы не маем горадабудаўнічай адукацыі... Калі я прыходжу ў выканкам, то прашу вылучыць мне ўчастак пад забудову, а некаторыя і набывалі сабе. Старшыня падпісвае нам дазвол ці дамову куплі-продажу. Чаму ён робіць гэта на ўчасткі, што ідуць пад знос, — пытанне!

Пра дарогу сапраўды ніхто не сказаў! Хто тут купіў бы хоць адзін участак, калі б ведаў пра яе?» — пад апладысменты людзей пастараўся апаніраваць Вадзім Трэфілоўскі.

Да ўсяго, мясцовы жыхар прыгадаў цытату Аляксандра Лукашэнка, дзе ён загадвае спыніць забудову Бараўлян і навесці тут парадак. Аднак нават пасля гэтага, у абыход слоў прэзідэнта, падкрэслівае мужчына, развярнулася будаўніцтва ля кафэ «Ачаг».

«Наўрад ці тут ёсць людзі, якія пераехалі з горада, каб жыць у новым горадзе... Вы кажаце пра новыя дзіцячыя садкі і школы, што перашкаджала ўзвесці іх па дзеючаму генплане? Я запісаў дзіця ў садок, калі яно нарадзілася, мы былі ў чарзе трохтысячнымі. Хутка мы ўжо ідзем у школу, у садок тут не трапім, ходзім у горадзе», — адзначыў мясцовы жыхар.

Яго словы падтрымала яшчэ адна мясцовая актывістка — Вікторыя Шаблінская, што заявіла пра катэгарычную нязгоду з карэкціроўкай генплана населенага пунта. Па яе словах, праект не толькі пагаршае ўмовы пражывання тых, хто пражывае ў гэтай мясцовасці, — сам дакумент быў распрацаваны без уліку меркаванняў грамадзян, з парушэннем іх інтарэсаў.

Вікторыя Шаблінская
Вікторыя Шаблінская

«Дадзены генплан пазбаўляе нас экалагічнай і санітарнай бяспекі пражывання, — кажа яна. — Акрамя ўсяго, мы на законных падставах набылі ўчасткі, узвялі жыллё і ўвялі яго ў эксплуатацыю, прайшлі рэгістрацыю. Таму я нагадваю, што недатыкальнасць нашых правоў гарантавана артыкулам 44 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».

Яшчэ адна прычына, па якой мясцовыя жыхары выступаюць катэгарычна супраць карэкціроўкі генплана, — адсутнасць стратэгічнай экалагічнай ацэнкі, што не дае дакладнага ўяўлення аб перспектывах раёна.

«Мы катэгарычна супраць, бо ў дакуменце не ўказаны крыніцы фінансавання запланаваных работ, і таму выклікае сумнеў іх добрасумленнае і тэрміновае выкананне», — адзначына Вікторыя Шаблінская, робячы рэмарку пра нерэалізаваныя аб'екты сацыяльна-грамадскага назначэння дзеючага плана, замест якіх былі ўзведзены шматпавярховікі.

Жыхарка падкрэсліла, што, зацвердзіўшы змяненні ў генплане па ўзаконьванню мэтавага выкарыстання зямель, высечцы 6 га векавога лесу, па зносу і рэканструкцыі дамоў пад аўтамагістраль, людзі не маюць ніякіх гарантый на вырашэнне сваіх праблем.

 

Генплан-2010: абяцалі адно, пабудавалі іншае

Відавочна, што недавер да абяцанняў чыноўнікаў узнік у мясцовых жыхароў не на пустым месцы. Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы падрыхтавалі падрабязны аналіз рэалізацыі генплана 2010 года, у якім параўналі запланаваныя і фактычна ўзведзеныя аб'екты.

Нечакана з залы выйшаў Віктар Барташэвіч, які разгарнуў плакат з цытатай А. Р. Лукашэнка. Яго адзінагалосна папрасілі сыйсці, не жадаючы ператвараць сустрэчу ў мітынг і надаваць ёй палітычную афарбоўку
Нечакана з залы выйшаў Віктар Барташэвіч, які разгарнуў плакат з цытатай А. Р. Лукашэнка. Яго адзінагалосна папрасілі сыйсці, не жадаючы ператвараць сустрэчу ў мітынг і надаваць ёй палітычную афарбоўку

Так, ныпрыклад, у пасёлку Бараўляны па вуліцы 40 год Перамогі за домам №34 замест абяцанай лесапаркавай зоны ўзніклі ачышчальныя збудаванні, у межах 2 га Кастрычніцкага завулка, Школьнага завулка, вуліцы Азёрнай замест аб'ектаў спартыўнага прызначэння і грамадскага цэнтра, сквера з возерам красуецца прыватная забудова з агароджаным вадаёмам. Ці ў аграгарадку Лясны замест дзіцячага садка на 100 месцаў знаходзіцца пустка з невялікай дзіцячай пляцоўкай, у новым плане садка так і не прадугледжана, а замест дашкольнай установы выраслі жылыя 5-павярховікі.

Дзяніс Халадцоў
Дзяніс Халадцоў

Назбіралася каля 15 такіх прыкладаў.

 

Мясцовыя органы самакіравання пасунулі ў абмеркаванні архіважнага пытання

Сітуацыя з супрацьстаяннем мясцовых жыхароў прапановам уладаў па ўладкаванню жыцця ў населеным пункце — бадай, адзіны з нешматлікіх выпадкаў, калі за інтарэсы грамадзян заступіліся мясцовыя дэпутаты.

«Я з'яўляюся дэпутаткай мясцовых саветаў, мой абавязак адстайваць інтарэсы грамадзян. Я і трое маіх дзяцей жывуць тут, мяне хвалюе іх будучыня, — кажа Ларыса Грыбалёва. — Вельмі абурае тое, што пра абмеркаванне карэкціроўкі генплана я даведваюся абсалютна выпадкова. Гэта грубейшае парушэнне, бо, як дэпутатка, я мушу першай адказаць людзям на пытанне: “Што адбываецца?”».

Ларыса Грыбалёва
Ларыса Грыбалёва

Мясцовыя савет дэпутатаў не быў праінфармаваны пра планы выканаўчых органаў улады адносна горадабудаўнічага планавання населеных пунктаў. І гэта нягледзячы, што ў іх кампетэнцыю ўваходзіць зацвярджэнне праграм прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, зацвярджэнне жыллёвага будаўніцтва, добраўпарадкавання тэрыторый, а таксама ажыццяўленне кантролю па выкананню гэтых праграм.

Робячы дэпутатскі запыт па колькасці землекарыстальнікаў, чые інтарэсы закране дадзеная карэкціроўка, Ларыса Грыбалёва сутыкнулася з ухіленнем прадастаўлення такой інфармацыі ад Мінскага агенцтва па рэгістрацыі і зямельнаму кадастру.

«Са свайго боку я абяцаю, што пытанне па адхіленню мясцовых органаў самакіравання ад горадабудаўнічага планавання будзе ўзнята на сесіі Савета дэпутатаў», — заявіла яна.

Ларыса Грыбалёва
Ларыса Грыбалёва

 

Ларыса Грыбалёва ўжо ля 7 год пражывае ў Бараўлянах. Пакінуць сталіцу яе прымусіў клопат пра здароўе дзяцей і жаданне быць бліжэй да прыроды.

 

«Усе, хто тут жыве, хочуць развітую сацыяльную інфраструктуру: садкі, школы, установы медыцынскага абслугоўвання. Важна, каб людзі разумеллі змены, якія іх чакаюць, бо гэта наш дом. Ёсць цудоўныя плюсы і жудасныя мінусы... Асабіста я вельмі баюся штучнага прыросту, які нам прапаноўваецца. Прырост павінны быць натуральным. Для развіцця раёна і вобласці існуюць гарады-спутнікі», — каментуе яна Зялёнаму парталу.

 

Надалей ініцыятыўная група плануе працягваць работу з уладамі, арганізаваць сустрэчу з архітэктарамі, каб спецыялісты змаглі сумесна дапрацаваць генплан.

 

Па словах дэпутаткі, наўрад ці яна зможа дапамагчы ў прафесійных горадабудаўнічых тонкасцях, але, як маці, жанчыне, ёй хочацца паспрыяць належнаму вырашэнню пытанняў. І маючы магчымасці прадстаўніка органаў самакіравання, яна спадзяецца паўплываць:

 

«Мне было б сорамна, калі я проста адседзіла сустрэчу ў залі ці зусім не прыйшла. Тое, што я раблю, — мая грамадзянская пазіцыя», — зазначыла Ларыса Грыбалёва.

 

 

Чыноўнікі саступілі?

Увесь час, што ішла сустрэча, чыноўнікам з прэзідыума складана было кіраваць эмацыйнай хваляй залі. Людзі цалкам пагаджаліся з выступленнямі прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы і адзінагалосна патрабавалі паўторных абмеркаванняў карэкціроўкі генплана і дадатковай работы па ім.

«Калі глядзець аб'ектыўна, то сапраўды, напэўна, мы чагосьці не ведаем. Прэтэнзіі, заўвагі мы прымаем, але ўсё ж некаторыя рэчы патрабуюць асэнсавання і сумеснага аналізу, — заявіў напрыканцы галоўны архітэктар вобласці Вадзім Нікалаенка. — Вынікі абмеркаванняў павінны падводзіцца на горадабудаўнічым савеце пры галоўным архітэктары Мінскай вобласці. І паверце, пры такой колькасці пытанняў і такім рэзанансе, відавочна, што трэба разабрацца. Таму прапаную сустрэцца з ініцыятыўнай групай, да якой, я бачу, вы маеце давер, абмеркаваць пытанні, каб канструктыўна разабрацца ва ўсім».

Вадзім Нікалаенка
Вадзім Нікалаенка

Нягледзячы на тое, што галоўны архітэктар вобласці паабяцаў, што да высвятлення усіх момантаў рашэнне па абмеркаваннях прымацца не будзе. Адзначыў, што нават пасля супрацы з ініцыятыўнай групай могуць быць незадаволеныя яе вынікамі.

Людзям прапанавалі прагаласаваць за прыняцце рэзалюцыі, у якой патрабавалі прыпыніць правядзенне карэкціроўкі генплана і адпаведным праваахоўным органам разабрацца ва ўсіх парушэннях, а таксама зацвердзіць састаў ініцыятыўнай групы. Тэкст рэзалюцыі перадалі Вадзіму Нікалаенку.

Такім чынам, у нейкім сэнсе ў Бараўлянах адбылася невялікая «рэвалюцыя», і людзі дамагліся пэўнай перадышкі ў рэарганізацыі населенага пункта. Але і чыноўнікі, па ўласцівай ім звычкі, ухіліся цалкам задаволіць патрабаванні грамадзян.

 

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость