31.01.2015 / 09:01

Дзеці і бацькі з непатрэбных рэчаў робяць прадметы мастацтва, вучацца стасавацца з жывёламі і даведваюцца пра дрэвы – гэта Дзіцячыя эка-майстэрні, 3-4 майстра-класы на месяц ад каманды з шасці чалавек. Лізавета Каўцяк і Надзея Куляшова, арт-дырэктар і дырэктар, расказваюць аб канцэпце майстэрань і планах на будучы год.

 

Тлумачыць дзецям замест таго, каб перавыхоўваць дарослых

Надзея Куляшова: Звычайна ў нашай краіне змагаюцца з тым, што нехта з дарослых думае не так. Гэта тычыцца не толькі экалогіі, але і стасункаў, бюракратыі, правоў чалавека. Але паўплываць на сістэму каштоўнасцяй дарослага чалавека не толькі складана - часам немагчыма.

Таму мы вырашылі працаваць з дзецьмі, у асноўным 3-12 год. Узялі такую ўзроставую групу, бо для школьнага ўзросту праграмы ёсць, а з дзецьмі малодшага ўзросту, у якіх толькі закладаюцца ўсе звычкі, мала хто займаецца.

Таксама мы зразумелі, што працуем не толькі з дзецьмі, але і з іх сем’ямі. Бо дзіця прыходзіць з новымі ведамі, спрабуе нешта зрабіць дома - і сутыкаецца з непаразуменнем з боку бацькоў. Трэба тлумачыць і iм, для чаго ўсё гэта робіцца, інакш мы можам справакаваць канфлікт.

Лізавета Каўцяк: Усё добрае ў жыцці пачынаецца ад любові, з натхнення, і для мяне магчымасць расказваць пра экапрыязны стыль жыцця, як рабіць нешта творчае з другаснымі матэрыяламі – вялікае задавальненне.

Можна падарыць дзіцяці веды і натхніць яго. Мне падаецца, так адбываюцца пазітыўныя сацыяльныя змены, якія выходзяць за межы некалькіх гадзін, што мы праводзім разам.

Гэта вельмі важна – каб дзеці і дарослыя разумелі, што экалогія не нешта асобнае, а ўсё мусіць пераплятацца і быць экалагічным. Калі робіш лаўку – думаць, як зрабіць з найменшай шкодай для прыроды і зрабіць яе ўпрыгожаннем урбаністычнай прасторы.

Планы на 2015 год: эка-english, сямейны клуб, госці і экскурсіі

Л: Хочацца прыўносіць новыя фарматы ў працу, каб гэта выходзіла за традыцыйныя майстар-класы: імпрэзы, інтэрактыўнае навучанне.

Н: Сёння з фарматаў у нас ёсць асобныя майстра-класы і курсы заняткаў па 4-5 гадзін са зменай дзейнасці.

Мінулым летам мы пачалі эксперыментаваць з выязнымі лагерамі і будзем працягваць. Там дзеці не толькі атрымліваюць веды, але і вучацца жыць у рознаўзроставай групе – самай натуральнай у жыцці.

Падчас нашага летняга лагера ў мінулым годзе мы таксама зразумелі, наколькі прыярытэтней казаць пра экалогію чалавека. Чалавек частка прыроды.

Мы можам вырашаць праблему асушэння балот, ці ўшчыльняльнай забудовы, ці ратаваць коцікаў у невядомай вёсцы – і недасыпаць, недаядаць, працаваць на знос – ратаваць прыроду, забываючыся, што мы яе частка. Любоў, пра якую Ліза казала – не толькі да наваколля, але і да сябе як да часткі цэлага.

Л: Яшчэ ўвесну мы запусцім два новыя курсы. Адзін – эка-english. Здаецца, гэта цікава – асабіста мае пазнанні ў экалогіі пачаліся з заняткаў англійскай у школе: аб другаснай сыравіне, аб ахове прыроды і аднаўляльнай энергіі…

Н: Часам самыя элементарныя словы запамінаюцца дзякуючы таму, што дзеці нешта робяць сваімі рукамі – learning by doing.

Другі курс - сямейны. Заняткі будуць праводзіцца з дзецьмі, але пры ўдзеле бацькоў, якія часам таксама будуць прыходзіць, каб атрымаць веды. Нейкія рэчы дзеці будуць рабіць дома са сваімі бацькамі. Напрыклад, падлічваць, колькі ў іх утвараецца смецця.

Курсы будуць працаваць і на ўмацаванне стасункаў дзяцей з бацькамі – часта, на жаль, бацькі праводзяць з дзецьмі менш часу, чым хацелі б. Яны могуць нават знаходзіцца ў адной кватэры, але яны сядзяць за камп'ютарам, размаўляюць па тэлефоне ці прыбіраюць. Адна з мэтаў – з’яўленне агульнай справы.

Хутка прыйдзе вясна і ў супрацы з “Гарадскім ляснічым” мы зладзім экскурсіі па парках. У мінулым годзе былі ў парку Горкага, дзе знаёміліся з дрэвамі, размаўлялі як аб іх клапаціцца і ці клапаціцца наогул, аб спальванні травы і зграбанні лістоты. Гэта важна, бо аб гэтым ніхто не размаўляе з дзецьмі.

У дзіцяці, якое расце ў горадзе, стасункі з жывёламі абмежаваныя. У лепшым выпадку ездзіць летам у вёску. Таму дзіцячыя майстэрні ходзяць у госці да розных жывёл, пачалі з коняў. Нам спецыяліст расказвае, што для коняў добра і што кепска. Так дзеці даведаліся, што дзікія коні ўжо вымерлі і ў чым розніца між жывёламі ў дзікіх умовах і ў створаных чалавекам. Вельмі важна, каб дзеці гэта разумелі і не хацелі завесці сабачку проста таму, што хочацца паціскаць шчаня - а пасля вырастае дог, які жыве на трох квадратных метрах усё жыццё.

Майстра-класы ў арганізацыях

Л: Арганізацыі могуць таксама запрашаць нас, мы без праблем можам зладзіць майстра-клас для дзяцей. Гэта камерцыйная паслуга, праграмы распрацоўваюцца пад канкрэтную групу.

Н: Але нам хочацца, каб гэтыя веды былі дасягальныя для дзяцей незалежна ад матэрыяльнага статусу. Таму бясплатныя заняткі ў нас застануцца ў любым разе.

Автор:
Фотограф:
Ганна Валынец, Дзіцячыя эка-майстэрні
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость