Канфлікт паміж мясцовымі жыхарамі і забудоўшчыкам аб'екта на перасячэнні вуліц Захарава і Андрэеўскай цягнецца вось ужо амаль 3 гады. Як толькі ў 2013 годзе жыльцам дома №77а па вуліцы Захарава стала вядома, што на адлегласці 16,5 метраў ад іх павінна быць узведзена крама «Віталюр», яны тут жа сталі пратэставаць і звяртацца ў разнастайныя інстанцыі. Аднак гэта ніякіх вынікаў не прынесла. Сёння тэрыторыя, на якой павінна весціся будоўля, амаль агароджана. Але мясцовыя актывісты не збіраюцца здавацца, ды й сам канфлікт набыў новы паварот.