Яшчэ да пачатку фэста, арганізатары настойліва раілі едзельнікам паклапаціцца аб самым экалагічным варыянце вандроўкі на месца – цягніком пад чыгуначнай станцыі Турмантас удзельнікаў забіраў трансфер. Можна было ехаць таксама рэйсавым аўтобусам да Зарасая ці аўтатрансферам з Вільні.
Тым жа, хто ўсё ж аддаў перавагу асабістаму аўто, настойліва рэкамендавалі пакінуць транспартныя сродкі на паркінгу па-за выспай, але працаваў даволі вялікі VIP-паркінг для ўдзельнікаў уласна на тэрыторыі фестывалю.
Возера Дубурыс знаходзіцца на тэрыторыі прыроднага запаведніка. Выспа, на якой праходзіў фестываль, нежылая, таму электрычнасць выпрацоўвалі генератары. Арганізатары папярэджвалі, што тэрыторыя выспы ўначы амаль не асвятляецца і рэкамендавалі браць з сабой ліхтарыкі. Дзе-нідзе працавалі арт-свяцільні, у некаторых месцах (каб пазначыць масткі, напрыклад) ставілі вялікія свечы.
На тэрыторыі фестывалю актыўна выкарыстоўвалася салома: для шматлікіх эка-скульптур, афармлення брамак, для забеспячэння чысціні дарожак. Месцамі зямля была разбітая ў гліну, бо ў першы дзень фестывалю прайшоў моцны дождж. Не ўся тэрыторыя высахла да канца нават праз тры дні. Часамі было досыць спякотна, але даводзілася насіць гумовыя боты ці хадзіць басанож, бо інакш ад сцэны да сцэны было не дабрацца.
Вялікую частку выспы адвялі пад кэмпінг. Ён быў дармовым, але можна было заплаціць добраахвотны збор 1 еўра на карысць навакольнага асяроддзя і атрымаць сувенірную кэмпінг-картку. Збор ішоў на прыборку тэрыторыі фестывалю і прыбіральняў, вываз смецця.
Пасля беларускіх рэалій здзіўляла, што смецця на тэрыторыі фестывалю па-за сметніцамі амаль не назіралася, а прыбіральні былі сапраўды чыстыя нават на чацверты фестывальны дзень.
Пакеты для смецця можна было атрымаць пры ўваходзе на фестываль і на Інфацэнтры. Там жа выдавалі шкляныя кантэйнеры для акуркаў. Вельмі сімпатычныя, дарэчы. Іх можна было памыць і забраць з сабой дамоў як сувенір.
Вогнішчы раскладаць на тэрыторыі выспы было нельга, хто хацеў, грэўся каля вагню, што заставаўся пасля спальвання саламяных скульптур (кожны вечар запальвалі па адной).
Ежу некаторыя гатавалі на перанасных керагазах, але збольшага куплялі ў шматлікіх шапіках. Там таксама клапаціліся пра экалогію: вялікая частка меню была вегетарыянскай.
Для напояў прапаноўвалі пластыкавыя стаканы з сімволікай фестывалю. Яны мелі закладны кошт 1 еўра. Адным стаканчыкам можна было карыстацца ўвесь фестываль і потым пакінуць сабе ў якасці сувеніра ці здаць назад арганізатарам і вярнуць свой еўра.
Частка ежы і рамеснай прадукцыі, што прадавалася на MENUO JUODARAGIS, была сертыфікаваная як “традыцыйны літоўскі прадукт”.
На выспе былі лясныя масівы і дзве крыніцы. Шкодзіць дрэвы, выкарыстоўваць іх для ацяплення ці нейкіх іншых мэтаў было забаронена. Вада ў абедзьвюх крыніцах прыдатная для піцця.
На тэрыторыю фестывалю дазвалялася праносіць сваю ваду, але забаранялася алкаголь. Пітную ваду ў 5-літровых бутэльках можна было таксама набыць на Інфацэнтры фестывалю. Было абсталявана некалькі месцаў для купання, дзейнічала саўна і палявыя душы.
На фестывалі было шмат сямей з дзецьмі, для іх быў прызначаны адмысловы “ціхі” кэмпінг. Дазвалялася таксама прыехаць з жывёламі, пры ўмове, што яны добра выхаваныя, не шкодзяць іншым людзям, гаспадары ўвесь час за імі назіраюць і прыбіраюць.
Даволі добра працавала сотавая сувязь і некалькі пунктаў дармовага wi-fi, адзін з іх адмыслова для журналістаў. На Інфацэнтры можна было заправіць тэлефон. Праўда, арганізатары на старонцы фестывалю раілі “ненадоўга забыцца на гаджэты і паяднацца з прыродай”.
Істотным быў не толькі забаўляльны, але і адукацыйны чыннік. У адмысловым вялікім тэнце праходзілі кінапаказы ды лекцыі. І яны карысталіся аграмадным попытам! Часам ахвочыя паслухаць лекцыю нават стаялі на вуліцы, бо ўнутры тэнта не хапала месца на лавах. Большасць лекцый была па-літоўску, тэматыка – традыцыйная культура, міфалогія, адаптацыя традыцыі ў сучаснасці…
Пад вялікім старажытным дубам выступіў з лекцыяй-канцэртам лідар нарвежскага гурта WARDRUNA Эйнар Сэлвік. Можна было таксама навучыцца аказваць першую дапамогу. Рэанімацыйныя дзеянні ахвочыя маглі адпрацаваць на манекенах.
WARDRUNA стала хэдлайнерам фестывалю. Беларусь на фэсце прадстаўлялі гурты IRDORATH, DAINAVA і клуб традыцыйнага танцу СІТА. Адзін з выступаў DAINAVA прайшоў на ўлонні прыроды, пад дубам.