На тэрыторыі Беларусі – амаль 700 экасцежак. Як і варта чакаць з азначэння “экалагічная сцежка – гэта адмыслова абсталяваны маршрут для правядзення эколага-асветніцкіх і пазнавальных мерапрыемстваў”, больш за 600 з іх дзейнічае пры ўстановах адукацыі.
Яшчэ 70 – у лясгасах, на тэрыторыях з асаблівай аховай. Сталіца ганарыцца васмю экасцежкамі. Праўда, не ўсе яны ў аднолькава добрым стане. Некаторыя адманіторыў наш журналіст Аляксандр Лібертад.
А як гэта ўсё працуе ў глыбінцы? Лепшая там сітуацыя ці горшая? У траўні мы гулялі пра экасцежцы ў дендрасадзе ля Глыбокага, і яна была амаль ідэальна дагледжаная.
У жніўні наведалі парк горада Высокае ў Камянецкім раёне. Праз яго праходзіць адразу тры экалагічныя сцежкі: звыклая пешаходная, роварная і водная. Як яны выглядаюць?
Пачнем з таго, што Высокае знаходзіцца блізка ад мяжы з Польшчай і ўпарадкаванне экасцежак было зроблена за грошы праектаў транспамежнага супрацоўніцтва. Потым, Высокае – усё ж не эка-Мекка, калі сюды едуць турысты, то ў першую чаргу іх вабіць гісторыка-культурная, а не прыродная спадчына. Пад назвай Высокі горад згадваецца ў XIV стагоддзі ў сувязі з візітам Гедыміна.
У 1494 у ліку першых беларускіх гарадоў Высокае атрымала Магдэбургскае права. Для населенага пункта, што нават не з’яўляецца райцэнтрам (хаця мела такі статус у 1940 – 1962 гг) мае надзвычай шмат помнікаў архітэктуры. Тут можна паглядзець Траецкі касцёл, капліцу святой Барбары і прыдарожную каплічку, царкву 1869 года пабудовы з характэрнымі агароджай і цокалем з мясцовага камення, старую плябанію, руіны сінагог, будынак кляштара баніфратараў, старыя каталіцкія могілкі, шараговую забудову.
Парк, па якім ідуць экасцежкі, атачае палац Патоцкіх і змяшчае руіны замка Сапегаў, аранжарэю, старыя гаспадарчыя пабудовы. Гуляюць тут і мясцовыя, і турысты. Унутры замкавых валоў абсталяваны стадыён. Парк і вадаёмы закладзеныя яшчэ ў канцы XVII стагоддзя.
Сёння тут праходзяць зялёны водны маршрут “У Палессе па Пульве” (рака, на якой стаіць Высокае), зялёны роварны маршрут “З Палесся ў Прадпалессе” і экалагічная сцежка “Па Высокаўскім парку”.
На апошняй можна пабачыць пірамідальны дуб, віргілію, рэйнутрыю, “ліпу-патрыярх”. Ад апошняй, праўда, застаўся толькі пянёк. Файна, што сцежка ўлучае і прыродныя, і архітэктурныя аб’екты.
Комплексны праект падтрымкі турыстычнага сектару польска-беларускага памежжа, у межах якога створаны ўсе экасцежкі, рэалізаваны ў 2007 – 2013 гг. Стэнды пашкоджаныя менш, чым можна было б чакаць, аб’екты збольшага на месцы (акрамя ліпы-патрыярха), асаблівага засмечвання не заўважана.
Водная сістэма зарасла раскай, сажалкі і каналы добра было б пачысціць. Магчыма, буянне расліннасці тлумачыцца спякотным летам. Палац Патоцкіх знаходзіцца на рэстаўрацыі, абнесены плотам, таму, магчыма, пагрозу экасцежкам можа ствараць будаўнічая тэхніка, але пакуль што быццам бы ўсё добра. Рэстаўрацыі патрабуюць і гаспадарчыя будынкі, і аранжарэя, але пакуль што да іх чарга не дайшла.
Роварны і водны зялёныя маршруты злучаюць Высокае з навакольнымі вёскамі. Ужо па невялічкім куточку бачна, што Камянецкі раён мае вялікі турыстычны патэнцыял. У самім Камянцы былі заўважаныя нават японскія турысты. Натоўпамі яны, аднак, не ходзяць. Будзем спадзявацца, што справа толькі за якасным мэнэджмэнтам.