Дзеці будуць радавацца і дваццаць восьмай серыі маленькіх забаўных гумовых цацак, а большасць дарослых пачала сур'ёзна злавацца ўжо на другой, хоць бы таму, што гэтая гульня спрыяе таму, каб спажыўцы пакідалі ў краме больш грошай. Калі дзіця вельмі просіць набыць яшчэ пару-тройку адмысловых тавараў, каб атрымаць на касе больш бонстыкаў, гэта вымотвае і маральна, і фінансава.
У эколагаў, вядома, свае прэтэнзіі да бонстыкаў, эмаджы і ўсіх магчымых аналагаў. Дык што не так з гэтымі цацкамі?
Гэта праява празмернага спажывання
Як выглядае адказнае спажыванне? У чалавека з'яўляецца патрэба, ён яе, так бы мовіць, правярае на адпавяданне рэальнасці (калі вельмі хочацца набыць прыгожы нататнік, варта б узгадаць, ці не ляжаць ужо дома ў шуфлядцы дваццаць іншых дужа прыгожых кніжак для запісаў). І калі аказваецца, што гэта патрэба рэальная, а не нейкім чынам навязаная звонку, чалавек яе задавальняе, набываючы той ці іншы прадмет.
Канешне, ёсць дадатковыя фактары, які робяць адказнае спажыванне больш ці менш экалагічным, але базавая формула такая: узнікненне патрэбы – праверка на рэальнасць – задавальненне жадання.
У выпадку з бонстыкамі і эмаджы гэтая формула парушаецца ўжо на першым пункце. Чалавек прыходзіць у краму не для таго, каб набыць гэтую цацку, а, умоўна кажучы, за малаком, сушкамі і памідорамі. І калі ён выканаў пастаўлены крамай колькасны план (набыў прадуктаў не менш чым на 15 рублёў), ён атрымлівае на касе адну цацку.
Ці была першапачаткова гэтая патрэба? Зусім неабавязкова. Калі яна ўсё ж была, ці можна назваць яе рэальнай? Хутчэй не, чым так. І апошні пункт: ці задаволілася гэтая рэальная ці ілюзорная патрэба? Адказ на гэтае пытанне таксама не заўжды станоўчы. Такім чынам, парушаны могуць быць усе часткі базавай формулы адказнага спажывання.
Цацкі зроблены з ненатуральных матэрыялаў
Добрая палова "зялёных" прэтэнзій знікне, калі наступная калекцыя бонстыкаў, эмаджы ці каго там яшчэ прыдумае маркеталагічнае беларускае войска, будзе зроблена з прэсаваных адкідаў вытворчасці драўляных вырабаў.
А пакуль што ўсё сумна: ужо ў першай серыі Бонстыкаў было 22 мільёны цацак, і гэта тоны гумы. Якая раней ці пазней апынецца на звалцы.
Упакоўка не перапрацоўваецца
Кожны бонстык знаходзіцца ў індывідуальным пакеціку, які складаецца з пластыку і металу, і ніколі не будзе перапрацаваны.
Нагадаем, чаму не перапрацаваны пластык - гэта кепска. У найлепшым выпадку ён у больш-менш спрэсаваным выглядзе трапіць на вялікую звалку побытавых адкідаў, дзе будзе раскладвацца наступныя некалькі стагоддзяў, верагодна атручваючы пры гэтым паветра і грунт.
У найгоршым выпадку яго паспрабуюць з'есці жывёлы альбо птушкі. Так сабе перспектывы, - нічога радаснага і жыццесцвярджальнага.
У пытанні ўпакоўкі выйграюць безназоўныя аналагі бонстыкаў і эмаджы, якія можна набыць на некаторых кірмашах, і якія ніяк не запакаваныя.
Яшчэ адзін іх відавочны плюс - гэта магчымасць абраць канкрэтную цацку, а не чакаць, пакуль у непразрыстай упакоўцы трапіцца тая самая, якой не хапае для поўнай калекцыі.
На гэтым, праўда, перавагі скончваюцца і пачынаюцца непрыемныя пытанні: адкуль вязуць гэтыя ноў-нэйм цацкі, у якіх умовах яны былі выраблены, ці бяспечны той матэрыял, з якога яны зроблены, ці ёсць дакументальнае пацверджанне гэтай бяспечнасці?
Бонстыкі вельмі небяспечныя для жывёлаў
І справа не толькі ў бяздомных сабаках – хатнія жывёлы пакутуюць не менш. Каты і сабакі цікавяцца цацкамі, нярэдка з’ядаючы іх цалкам альбо часткова. І калі маленькі бонстык – не надта сур’ёзная праблема для аўчаркі ці лабрадора, дык для ката гэта сапраўдная катастрофа. Ветэрынары забілі трывогу досыць хутка: людзі сталі прывозіць у клінікі катоў з частковай альбо поўнай кішачнай непраходнасцю.
Ужо ў красавіку дырэктар адной з Менскіх ветэрынарных клінік звяртаў увагу ў СМІ на гэтую праблему: “Вызначыць, што кот праглынуў бонстыка, вельмі праблематычна. Яны зроблены з такога матэрыялу, што не вызначаюцца пры звычайным рэнтгенаўскім альбо угд-даследванні, і даводзіцца праводзіць працэдуру з кантрастным рэчывам, а на гэта сыходзіць шмат часу. Пальпіраваць бонстыка, каб вызначыць ягонае месцазнаходжанне, таксама цяжка – ён мяккі, у доктара мусіць быць асаблівая “чуйка”, каб яго адчуць.
Праблема ж у тым, што, па-першае, бонстыкі кепска “прыклейваюцца” да паверхняў мэблі, і могуць проста звальвацца на падлогу з шафы ці лядоўні. Па-другое, з імі часта гуляюцца дзеці, і яны не заўжды памятаюць, што пасля гульні трэба абавязкова сабраць усе цацкі. Ды і ў працэсе самой гульні кот можа сцягнуць парачку бонстыкаў ці эмаджы.
Карацей, прэтэнзій да бонстыкаў, іх прататыпаў і аналаў шмат. Некаторыя з гэтых праблем можна вырашыць, трансфармаваўшы вытворчасць і форму выпуску прадукцыі, з іншымі ж не паробіш нічога. Як ні змяняй матэрыял і форму ўпакоўкі, гэтыя цацкі як былі праявай празмернага спажывання, так назаўжды ёй і застануцца.
Але дапусцім, у вас ужо ёсць бонстыкі (і хутчэй за ўсё, гэта праўда). Што з імі можна зрабіць, акрамя як паставіць у адмыслова створаны “домік”?
Бірулька для ключоў
Гэта вельмі просты спосаб задзейнічаць маленькую цацку, а не пакідаць яе пыліцца на шафе. У зручным для вас месцы зрабіце на бонстыку дзірку наскрозь і працягніце туды цэпку, ленту ці металічнае колца. Такім жа чынам можна зрабіць не толькі бірульку для ключоў, але і падвеску на дзіцячы пенал альбо заплечнік.
Завушніцы
Самы арыгінальны спосаб дарослых людзей зрабіць штосьці з бонстыкамі, які я бачыла. Схема такая ж, як і з бірулькай для ключоў: у нейкім месцы трэба зрабіць дзірку наскрозь і працягнуць туды адмысловую фурнітуру для завушніц, якую можна набыць у спецыялізаванай краме. І не абавязкова рабіць парныя завушніцы: можна эксперыментаваць з камбінацыямі. На дзелавую сустрэчу, можа, варта абраць больш класічную біжутэрыю, але бонстыкі-завушніцы могуць стаць невялічкім яскравым элементам шэрых восеньскіх дзён.
Увогуле, можна не спыняцца на завушніцах і выкарыстоўцаць бонстыкі ці іх элементы ў вырабе падвесак на шыю, пярсцёнкаў і бранзалетаў.
Статычная цацка
Добры спосаб абараніць сваю хатнюю жывёлу – прыклеіць бонстык да чаго-небудзь клеем. Хай маленькі монстр не зможа ўпасці на падлогу, закаціцца за канапу і стаць нагодай для сур’ёзнай поласцавай аперацыі вашаму кату.
Гірлянда
Вазьміке доўкую ленту альбо вяроўку і кожныя 10-20 см падвязвайце ёй аднаго бонстыка ці эмаджы. Гэта можа быць практыкаванне для развіцця дробнай маторыкі, а можа быць стварэнне самай сапраўдная святочнай гірлянды, якую можна павесіць на ёлку альбо на сцяну ў дзіцячым пакоі.