Калісьці сціплую і сарамлівую дзяўчынку, што ў свае 15 год пачала адзіночныя пікеты пад шведскім парламентам сёння называюць "голасам пакалення". Яе намінуюць на Нобелеўскую прэмію і ўключаюць у спісы ўплывовых людзей Time і GQ, вітаюць на міжнародных сустрэчах самага высокага ўзроўню, а таксама ставяць у процівагу Трампу і іншым буйным скептыкам кліматычных змяненняў. На яе ж абрынуўся цэлы шквал крытыкі, пра большую частку якой, хутчэй за ўсё, яна не ведае. На шчасце.
Падлетак супраць заганнай сістэмы
У 2018 годзе Грэта стала пераможцам ў конкурсе сачыненняў на тэму клімата, што арганізавала шведская газета Svenska Dagbladet. І на самой справе нічога дзіўнага ў гэтым няма, бо тэмай клімата будучая актывістка цікавілася з васьмі год.
Пасля перамогі выданне апублікавала яе твор у выглядзе артыкула і на дзяўчыну выйшлі актывісты з экалагічнай арганізацыі Fossilfritt Dalsland. З іх падачы ў Грэта падхапіла ідэю школьных забастовак па прыкладзе амерыканскіх вучняў штата Фларыда, якія патрабавалі ўвядзення больш жорсткіх правілаў на продаж зброі пасля масавых растрэлаў у навучальных установах.
Грэта шукала паплечнікаў сярод маладых людзей, але на той момант нікога не запаліла яе ідэя. Такім чынам, дзяўчына пачала ў адзіночку выходзіць да шведскага Парламента штопятніцы, аддаючы прыярытэт забастоўцы дзеля клімата, а не вучобе.
Мэтай пратэста яна ставіла выкананне палітыкамі ўмоваў Парыжскага пагаднення, згодна з якім краіны мусяць прыняць меры па зніжэнні ўзроўню вуглякіслага газа ў атмасферы і тым самым не дапусціць глабальнага пацяплення.
Паступова на дзяўчынку звярнулі ўвагу медыя. Усё больш эфірнага часу аддавалі яе забастоўкам, прамовам, адсочванню кожнага кроку падлетка. Гэта стала штуршком, каб у грамадстве пачалі актыўна абмяркоўваць дзейнасць шведскай школьніцы, шчырасць памкненняў, а таксама яе асобу.
І ўсё ж, у Грэты знайшліся паслядоўнікі — школьнікі і студэнты ў розных кутках планеты пайшлі за прыкладам шведскай дзяўчынкі, арганізоўваючы свае пікеты ў падтрымку клімата і больш рашучых дзеянняў у барацьбе з яго змяненнямі.
Сама ж актывістка атрымала доступ да цел на самым высокім узроўні: яна выступала на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, на Кліматычным саміце ў Катавіцах і г.д. Яна прымушала вядомых палітыкаў даваць справаздачы па дзеяннях дзеля змянення кліматычнай сітуацыі.
Шырокі рэзананс выклікала яе апошняе выступленне на Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку, пад час якога яна даволі жорстка заявіла аб недастатковасці дзеянняў палітыкаў у вырашэнні пытанняў кліматычных змяненняў. Грэта адкрыта абвінаваціла іх у прыярытэце грошай над аховай наваколля.
Эмацыйнасць яе выступлення дало новую хвалю абмеркаванню кліматычнай тэмы і феномена шведскай школьніцы.
На жаль, у рускамоўным сегменце сацыяльных сетах большасць водгукаў на прамову Грэты Тунберг мелі негатыўны характар. Людзі надавалі ўвагі нястрыманай падачы і няўдаламу акторству актывісткі, чым закладзенаму сэнсу, пачынаючы капацца ў псіхічным здароўі падлетка і ўстойлівасці яе самаадчування.
Ад таго, што вы робіце, я плачу па начах
І мала хто ўзгадаў, што 27 год таму, у 1992 годзе на Канферэнцыі ААН па навакольным асяроддзі і развіцці ў Рыа-дэ-Жанейра з падобнай прамовай выступіла 12-гадовая канадская школьніца Северн Сузукі. З трыбуны яна звярнулася да ўдзельнікаў міжнароднай сустрэчы з заклікам мець большую рашучасць на шляху да ўстойлівай будучыні наступных пакаленняў.
Ва ўзросце дзевяці год Северн стварыла дзіцячую супольнасць "E.C.O.", дзейнасць якой была скіравана на вывучэнне пытанняў наваколля. Разам з членамі арганізацыі яна ў 12 год сабрала грошы, каб патрапіць на канферэнцыю ў Бразілію і распавесці перад прадстаўнікамі розных дзяржаў пра экалагічныя праблемы, як іх бачыць моладзь.
"Я ўсяго толькі дзіця, але ведаю, калі б усе грошы, выдаткаваныя на вайну, патрацілі на вырашэнне экалагічных крызісаў, выкаранення беднасці і пошуку дамоўленасцяў, якім бы цудоўным месцам стала Зямля. У школе і нават дзіцячых садках вы вучыце нас таму, як сябе паводзіць. Вы вучыце нас: не біцца з іншымі, знаходзіць рашэнні, паважаць іншых, прыбіраць за сабой, не чыніць другім істотам болю, дзяліцца — не быць сквапнымі. Чаму пасля гэтага вы самі ідзеце і робіце тое, што вучыце нас не здзяйсняць?" — звярнулася яна з пытаннем да дэлегатаў канферэнцыі.
У 1993 годзе Северн патрапіла ў Глабальны спіс ганаровых званняў Праграмы ААН па навакольным асяроддзі, выданне Doubleday апублікавала яе кнігу "Распавядзі свету" пра экалагічныя крокі для сям'і.
У 2002 годзе дзяўчына скончыла Ельскі ўніверсітэт, атрымаўшы ступень бакалаўра ў галіне экалогіі і эвалюцыйнай біялогіі. Распачала кар'еру вядучай дзіцячага тэлесерыяла Suzuki Nature Quest на канале Discovery Kids.
У якасці члена Спецыяльнай кансультатыўнай групы Кофі Аннана праекта Skyfish прадставіла дакумент "Прызнанне адказнасці" на Сусветнай сустрэчы на вышэйшым узроўні па ўстойлівым развіцці ў Ёханэсбурге.
У хуткім часе праект быў распушчаны, а сама Северн працягнула навучанне, паступіўшы ў аспірантуру Універсітэта Вікторыя, дзе вывучала этнабатаніку.
Дзяўчына працягвае сваю актывісткую дзейнасць, займаючыся асветай студэнтаў у пытаннях экалогіі. Яна заклікае маладых людзей станавіцца экспертамі ў галіне эканамічнай ўстойлівасці сусветных рэсурсаў, быць носьбітамі экалагічных каштоўнасцяў, вучыцца трансляваць іх і выкарыстоўваць сілу свайго пакалення.
"Мы павінны стаць прычынай змяненняў, нам патрэбна ўстойлівае развіццё зараз, існуе рэальны шанец змяніць разбуральную эканамічную сістэму. Сёння асаблівыя часы. Сёння кожны з нас важны для фарміравання будучыні. І якія перамены нас чакаюць — залежыць ад нас!" — заявляла актывістка ў 2008 годзе.
Выступ Северн у 1992 годзе слухалі моўчкі, а па сканчэнні зала пляскала ў далоні. Аднак што змянілася за 27 год? Колькасць насельніцтва з 1992 года вырасла на планеце з 5,5 мільярдаў чалавек да 7,7, бясследна зніклі многія віды жывёл і расліны, чалавецтва працягвае вычэрпваць прыродныя рэсурсы планеты і весці войны.
Вядома, ёсць і пазітыўныя зрухі ў выглядзе шматлікіх міжнародных дакументаў, канвенцый і дамоўленасцяў паміж дзяржавамі. Напрыклад, Рамачная канвенцыя ААН аб змяненні клімата, Павестка дня на ХХІ стагоддзе, Орхуская канвенцыя, Кіёцкі пратакол да Рамачнай канвенцыі, Павестка дня ў галіне ўстойлівага развіцця, Парыжскае пагадненне і г.д. Іншае пытанне, наколькі яны ратыфікуюцца і працуюць у свеце.
Галубы міру перыяду халоднай вайны
Сённяшняе маладое пакаленне наўрадці ведае, хто такія Саманта Сміт і Кацярына Лычова, дзяўчынкі, што сталі пасламі міру дзвюх звышдзяржаў — ЗША і СССР — у перыяд халоднай вайны.
Вядома, што ў той час мала хто думаў пра наваколле, куды важней была індустрыалізацыя і гонка ўзбраення. Ды й выклікі перад чалавецтвам стаялі іншыя: людзей хвалявала не змяненне клімату як такое, а хістанні палітычнага клімату і пагроза ядзернай вайны.
У 1982 годзе Генеральным сакратаром ЦК КПСС стаў Юрый Андопаў, які прышоў на змену Леаніду Брэжневу. Новае прызначэнне разглядалася заходнімі медыя як пагроза стабільнасці міжнародных адносін. Падставамі для гэтага служылі былія заслугі кіраўніка Савецкага Саюза: падаўленне Пражскай вясны, барацьба з дысідэнтамі, узмацненне ролі КДБ і г.д.
У тыя часы агульная палітычная атмасфера была ў літаральным сэнсе наэлектрызаваная. Любы крок з абодвух бакоў мог быць расцэнены як пагроза бяспекі і прывесці да катастрафічных наступстваў.
На фоне ўзмацнення пратэстнага руху супраць ядзернай зброі па ўсім свеце, ЗША і Савецкі Саюз працягвалі ўзбройвацца і весці супрацьстаянне на міжнародным узроўні. Такія абставіны трымалі людзей у страху.
У канцы 1982 года амерыканская дзяўчынка Саманта Сміт напісала ліст Юрыю Андропаву, у якім яна падзялілася з кіраўніком СССР сваімі страхамі пра пачатак ядзернай вайны паміж дзвюмя дзяржавамі, а таксама задала пытанне, чаму ён хоча заваяваць увесь свет ці хаця б Амерыку. На той момант ёй было 10 год.
Частка яе ліста ў красавіку 1983 года была апублікаваная ў газеце "Праўда". Неўзабаве дзяўчына атрымала адказ ад Андропава. Ён заўпэўніваў Саманту, што Савецкі Саюз ва ўсім імкнецца не дапусціць вайны ў свеце, і хоць мае ядзерную зброю, як і ЗША, але ніколі не прыменіць яе першым.
"… І ўвогуле мы прапануем спыніць яе [зброі — дадатак аўтара] далейшую вытворчасць і прыступіць да знішчэння усіх яе запасаў на Зямлі. <...> Мы хочам міра — нам ёсць чым заняцца: вырошчваць хлеб, будаваць і вынаходзіць, пісаць кнігі і лётаць у космас. Мы хочам міра для сябе і для ўсіх народаў планеты. Для сваіх дзяцей і для цябе, Саманта", — падкрэслівалася ў адказ на пытанне дзяўчынкі.
Каб яна магла ўпэўніцца ў гэтым сама, Андропаў запрасіў Саманту ў Савецкі Саюз.
Пасля гэтых падзей дзяўчынка прачнулася знакамітай на ўвесь свет. Яе пачалі запрашаць на тэлебачанне, звязвацца рэпарцёры з Францыі, Германіі, Японіі, Англіі, Балгарыі. Асобную падзяку за свой смелы ўчынак Саманта атрымала ад Заканадаўчага штата Мэн, у якім пражывала.
Летам таго ж года яна разам з бацькамі адказалі на запрашэнне кіраўніка савецкай дзяржавы. У якасці пасла добрай волі дзяўчынка наведала Маскву, Ленінград і лагер "Артэк" у Крыме. Праграма візіта была досыць насычанай і дазволіла пабачыць Тэатр оперы і балета, Вялікі тэатр, Эрмітаж, маскоўскі цырк, Алімпійскі цэнтр, сустрэцца з першай жанчынай-касманаўтам Валенцінай Церашковай, піянерамі і г.д.
Па вяртанні на радзіму, Саманта была сапраўднай зоркай свайго часу. Яе не толькі клікалі на тэлебачанне, дзяўчынка пачала здымацца ў галівудскіх серыялах, у якасці спецыяльнага карэспандэнта Disney Channel брала інтэрв'ю ў кандыдатаў у прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі.
Саманта атрымоўвала карэспандэнцыю з усяго свету. Былі ў лістах як захапленні і адабрэнне, так і негатыўны водгук. Дзяўчыну абвінавачвалі ў тым, што яна стала пешкай у руках савецкай прапаганды, нярэдка яе называлі камуністкай. І ўсё ж, да самага канца амерыканка верыла ў сваію місію — наладжванне міра і сяброўства паміж дзецьмі.
Пра сваё падарожжа ў Савецкі Саюз дзяўчына распавядала на публічных сустрэчах, а таксама за дапамогай бацькоў напісала кнігу.
Жыццё Саманты перарвалася нечакана. Ва ўзросце 13 год дзяўчына разам з бацькам загінулі ў авіякатастрофе пры вяртанні з Велікабрытаніі. Нейкі час хадзілі чуткі, што гэта здарылася па змове, аднак афіцыйная версія — няшчасны выпадак, аварыя пры пасадцы па віне пілота.
У 1985 годзе Злучаныя штаты наведала савецкая школьніца Кацярына Лычова, якую адабралі з тысячы кандыдатаў. Падобны крок быў прапанаваны арганізацыяй "Дзеці як міратворцы".
Разам з амерыканскай школьніцай Стар Роў яна наведала Вашынгтон, Нью-Ёрк, Сан-Францыска, Штаб-кватэру ААН, Цэнтр кіравання палётамі NASA, сустракалася з амерыканскім прэзідэнтам Рональдам Рэйганам. Асноўнай місіяй паездкі была прапаганда міру.
Нягледзячы на тое, што Каця была вядома савецкім людзям па некаторых кінастужках, падавалася, што пасля паездкі ў Амерыку на яе абрынецца слава ня меншая, чым на Саманту ў свой час. І ўсё ж яе місію міра сустрэлі не так цёпла, асабліва аднагодкі дзяўчыны.
У 1988 годзе яна разам з маці пераехала ў Францыю, дзе працягнула навучанне ў Сарбоне, атрымаўшы дыплом эканаміста і юрыста. Затым працавала ў Парыжскім цэнтры садзейнічання замежным інвестыцыям.
У 2000 годзе Кацярына вярнулася ў Расію. Пачала курыраваць сацыяльныя праекты ў якасці намесніцы начальніка ўпраўлення міжнароднай супрацы Міністэрства працы і сацыяльнага развіцця. Пасля чаго стала працаваць у Міністэрстве прамысловасці, была супрацоўніцай Федэрацыйнага агенства па навукаёмкай прамысловасці, дырэктаркай па міжнародным развіцці ў "Аб'яднаным авіябудаўнічым кансорцыуме".
Затым стала віцэ-прэзідэнтам ААТ "АўтаВАЗ" — першай жанчынай сярод топ-менеджэраў гіганта расійскага аўтапрама. З 2011 года пра Кацярыу Лычову практычна нічога невядома. Яна сышла ў дэкрэт і ўсяляк абмежавала сябе ад увагі медыя.