Астравеччына асацыюецца з дубамі і мяжой
«Які турызм у Астраўцы?» – такое ток-шоў прапанавала культурная кампанія «Будзьма». Перад дыскусіяй арганізатары зладзілі невялікае апытанне ў сацсетках: «Напішыце, калі ласка, у каментарах тры словы: з чым ці з кім у вас асацыюецца Астравец і Астравеччына?», – папрасіла Святлана Чакушка, каардынатарка «Будзьмы» па Мінскай вобласці.
«Асацыюецца у пешую чаргу з Вяллей, з Быстрыцай – рэзiдэнцыяй Мiндоўга, з Варнянамi (пад'ёмным мастом i рынкавай плошчай), з Мiхалiшкамi (касцёл з італiйскiмi скульптурамi). Ну і, канешне, [вёска] Малi – з паслом, што наладзiў сувязi з краiнай сакуры, дзе тысячы грамадзян першмі ш свеце спазнала пакуты прамянёвай хваробы», – піша Міхаіл Міхалевіч, краязнаўца з Вілейкі.
Ён дадае: у раёне, ля вёскі Дубкі, расце дуб ахопам 752 сантыметры. Ён мае статус помніка прыроды і з’яўляецца самым тоўстым на рацэ Віліі.
Аўтары кнігі «Пра паганства і балтаў» называюць тую раку беларускім Стыксам – ракой памерлых. «У паданні пра ўзнікненне Вяллі захавалася імя Вялляны», – тлумачаць яны сувязь назвы з багіняй памерлых, багіняй-апякункай Дзядоў.
Па іроніі, вада гэтай ракі будзе выкарыстоўвацца для ахалоджвання тэхналагічнага абсталявання атамнай станцыі, пра якую згадвае наступная спікерка.
«Астравец [асацыюецца] з АЭС. А вось Астравеччына – з шыкоўнай архітэктурай, якая не толькі ў Гервятах, але і той жа вёсцы Міхалішкі). З мастаком Богушам-Шышкам (шкада, што нармальнага музею так і не з’явілася) і з маляўнічымі краявідамі... А, ну і з літоўскай мяжою! Я люблю Астравеччыну», – разважае экс-старшыня моладзевага гармадскага аб’ядання «Гісторыка» Таццяна Мастыка.
Большасць турыстаў – з Міншчыны і Гродзеншчыны
І вось мы едзем вільготнай шашой у Астравец – 180 кіламетраў ад сталіцы. З’явіліся афішы, і каля трох дзясяткаў людзей сабралася ў пятніцу, 28 лютага, у інфацэнтры кінаканцэртнай залі «Астравец». Напачатку прадстаўніцы кампаніі тлумачаць: мэта «Будзьмы!» – папулярызаваць каштоўнасці, якія ёсць у мове, гісторыі ды культуры беларусаў. Напрыклад, праз турызм.
Экалагічны, культурны, рэлігійны ці медыцынскі – любы турызм уплывае на бюджэт і нават дапамагае ўсвядоміць лакальную ідэнтычнасць, як упэўненая каардынатарка і вядоўца ток-шоў Святлана Чакушка.
Ці шмат прыязджае турыстаў зараз і хто яны?
«Больш за ўсё – Гродзенская і Мінская вобласць і раён, а таксама Ашмянскі, Смаргонскі, Іўеўскі раёны. Апошнім часам наведваюць Расія і Літва, палякі замаўляюць у музеі экскурсіі радзей»,– адказвае дырэктарка «Астравецкага гісторыка-этнаграфічнага музею» Марына Праўлуцкая-Калко.
«Шмат неактуальнай інфармацыі»
Як лічыць журналістка і кансультантка па турызму Ася Паплаўская, галоўная кропка прыцягнення ў раёне – храм у вёсцы Гервяты. Яна ўпэўненая, што ў раёне можна паспяхова развіваць пілігрым-турызм і вывучаць літаральна ўсе архітэктурныя стылі. Сама выступоўца спецыялізуецца на працы з касцёламі.
«На Астравеччыне ёсць і віленскае барока, і беларускае таксама; рэдкія драўляныя касцёлы, класіцызм, нерамантыка і готыка – можна ладзіць экскурсіі па вывучэнню розных стыляў, – кажа яна. – З пункту гледжання турыстычнага патэнцыялу, мне здаецца, тут няма праблем. Але трэба даваць больш інфармацыі, комплексна: груба кажучы, каб людзі забівалі ў пошуку “Што паглядзець на Астравеччыне?” – і лёгка знаходзілі адказ. Пакуль з гэтым пытанні: шмат неактуальнай ці неправеранай інфармацыі, мала гатовых маршрутаў».
Прадстаўніца выканкаму: У раёне восем маршрутаў, і АЭС не пужае турыстаў
З ёй нязгодная галоўная спецыялістка сектару спорту і турызму ў выканкаме: Таццяна Букель прапануе звяртацца на старонку сайта выканкаму “Астравеччына турыстычная”.
«У нас распрацавана восем маршрутаў, пераважна экалагічнай тэматыкі – усё гэта ёсць. Усе адметнасці і мапы, вакзалы, а хутка адчыніцца інфармацыйны цэнтр – было вырашана на сэсіі Савета Дэпутатаў. Астравецкі раён працуе над тым, каб шырэй прыцягнуць людзей, і, натуральна, атамная станцыя не перашкодзіць. Яна нікога не адштурхоўвае, а наадварот, прыцягвае. Бо мы маем шыкоўны інфармацыйны цэнтр, які паказвае, як развіваецца горад сёння», – кажа спецыялістка.
У будучым цэнтры для турыстаў (не блытаць з інфацэнтрам АЭС), паводле задумкі, будуць гатовыя падзяліцца кантактамі не толькі адзінага на раён сертыфікаванага гіда, але і мноства несертыфікаваных і закаханых у свой край людзей.
Краязнаўца Ганна Чакур – з іх.
«Што паглядзець – залежыць ад таго, чым вы прыедзеце і як вы абуўшыся. Вы можаце прыехаць шыкоўным экскурсійным аўтобусам, але я б прапанавала вам ровар ці байдаркі. Можна пад’ехаць электрацыяй да станцыі ў Жодзішках...
У нас можаш ісці па лесе – і раптам Трыюмфальная арка, Парыж адпачывае. На беразе Вяллі – Маці Божая, большая за чалавека, а з-пад яе ног цячэ крынічка. У Альхоўцы можна паглядзець кардонную фабрыку. Нам паказвалі ў Полацку на экскурсіі, як раней рабілася папера – то ў нас і цяпер так робіцца», – ганарыцца яна.
І працягвае далей – пра маршрут па рацэ, якім ішоў сам граф Тышкевіч, пра дугу Струве, якая была створаная для вымярэння даўжыні зямнога мерыдыяну аж у XIX стагоддзі і патрэбная, каб правільна маляваць мапы…
Дарэчы, магчыма, у раёне адродзяць і будуць развіваць свой брэнд – Свята дубу, якое прайшло ў мінулым годзе. Пра яго нагадала старшыня раённага Савету дэпутатаў Ірына Тальчук.
“Чаму дуб? Бо мяжа спрыяльных умоваў для дуба – Астравеччына. Я з Гомельшчыны, дык у нас там адны дубы, але тут – мяжа для іх. Мы хочам развіваць турызм, мы хочам уключыцца ў бязвізавую зону. Мы нават плануем рэкламаваць медпаслугі, прамысловы турызм…», – кажа яна.
«У нас ёсць брэнд!»
Трэба згадаць і пра саміх жыхароў гораду: падтрымка ініцыятывы знізу, развіццё відаў спорту накшталт паркуру ці гонак на роварах bmx – моладзь, якая складала ледзь не палову залі, апісала сваё бачанне толькі напрыканцы ток-шоў вуснамі першага і адзінага за вечар выступоўцы-мужчыны.
«Моладзь выязджае адсюль, але з прыезжымі мы ўжо маем 20 тысячаў насельніцтва, так? – пытае Артур у чыноўнікаў. Яны падцверджваюць.
– Маё меркаванне – тут няма чым іх заняць. У маладых людзей – я ведаю – ініцыятыва ёсць, але з гэтай ініцыятывай яны едуць у іншыя гарады, у прыватнасці ў абласныя цэнтры. Таццяна, я чуў, што вы займаецеся турызмам і спортам – я чуў, што тут мла секцый і было б добра накіраваць людзей на нешта спартовае…»
І яму адказваюць:
«У нас ёсць, ёсць брэнд – “Асілак”! Моцныя людзі нават з-за мяжы прыязджаюць». – І іншы голас дадае: «Адчуваецца, што вы даўно тут не былі». – «Так, я рэдка прыязджаю».
Эколаг: «Вялікія прамысловыя аб’екты ёсць кропкай прыцягнення»
А тым часам аб’ектам прыцягнення ў рэігёне робіцца АЭС, на якой падчас сустрэчы намагаліся моцна не акцэнтаваць. Цікаўныя на аўтамабілях перыядычна пад’язжаюць паглядзець на будоўлю, хтосьці нават адчыніў хостэл з відам на АЭС.
Праект заўважна ўплывае на рэгіён: за час будаўніцтва станцыі насельніцтва Астраўца вырасла ўдвая, калі лічыць прыезжых. Спецыялісты-ядзершчыкі і будаўнікі набываюць тавары, здымаюць жытло і ездзяць на масаж пад Нарач. Кошты ўзраслі і паказваюць: у рэгіён прыйшлі грошы.
І эколагі лічаць, што гэтую падзею нельга абыйсці гэта ўвагай.
«Вялікія прамысловыя аб’екты ёсць кропкай прыцягнення. Я была на неверагодна вялікай гідраэлектрастанцыі ў ЗША – цікавы аб’ект, дзе можна паглядзець на моц чалавечай тэхналогіі. Але я б пабаялася так прадстаўляць атамную станцыю, яна прыклад глупства, недальнабачнасці і безадказнасці, – кажа сябра Рады ГА «Экадом» Ірына Сухій. – Я б не гуляла каля АЭС пасля яе запуску і турыстам з іншых краін не раю. Апошнія дасягненні Беларусі ў прамысловым будаўніцтве – цэлюлозна-папяровы камбінат у Светлагорску, з якога пасыпалася пасля запуску. Запусцілі «Омск Карбон Магілёў» – пасыпалася і з яго. Ад гэтых заводаў можна схавацца, пакуль выкіды не знясе вецер. Але калі такое здарыцца з АЭС – не схаваешся».
У жніўні 2017 года актывісты, эколагі і мастакі зрабілі спробу сканструяваць сваю рэальнасць – стварылі выставачны праект «Астравец культуры», дзе паказалі, на іх погляд, ідэальную будучыню станцыі як турыстычнага аб’екта.