Зялёны партал паразмаўляў з Ігарам Корзунам пра праблемы выкарыстання натуральных паркаў Мінска.
Жылы мікрараён Серабранка мала адрозніваецца ад астатніх сталічных спальнікаў, забудова якіх адбывалася з 1970-х гадоў. Аднак ёсць у ім і адметнасці: тут яшчэ можна пачуць грук трамваяў, што няспешна бягуць па сваёй вузкай каляіне. Ды й да ўсяго "заціснуты" ён паміж водных артэрыяў Мінска: Свіслаччу, Чыжоўскім вадасховішчам і Сляпянскай воднай сістэмай.
Шчыльна да жылой забудовы прылягае Лошыцкі сядзіба-паркавы комплекс, тэрыторыі якога "перацякаюць" у паркі "Срэбны лог" і “Серабранскі”. Усе разам гэтыя зялёныя зоны ўваходзяць у водна-зялёны дыяметр сталіцы.
І калі Лошацкі парк ва ўсіх на слыху, а пасля яго рэканструкцыі ў 2011 годзе ён стаў улюбёным месцам для адпачынку. То пра гісторыю ўнікальнага па сваёй прыродзе Срэбнага лога мала хто ведае.
Хаця, згодна інфармацыі сайта "Дзікая прырода Беларусі", упершыню пра Срэбны лог узгадваецца ў "Акте ревизорского разграничения кгрунтов мещан меньских з кгрунтами шляхетскими" ад 1557 года, якім устанаўліваліся межы тэрыторыі тагачаснага Мінска.
На той час такую назву меў маёнтак, што размяшчаўся на беразе ракі Свіслач. У ХІХ стагоддзі Срэбным логам называлі шырокі яр, дзе сёння знаходзіцца вуліца Пляханава. І толькі ў другой палове ХХ стагоддзе так сталі найменаваць балоты ў нізіне ракі Свіслач па правы бок вуліцы Якубава.
Нягледзячы на тое, што будучыня гэтай тэрыторыі выклікае пытанні ў горадабудаўнікоў. У мінулым годзе ў парку правялі пэўнае ўпарадкаванне: праклалі веладарожку, абапал якой усталявалі месты для адпачынку — лавачкі і сметніцы.
І карціна, якая адкрываецца перад вачыма пасля сыходу снега, сведчыць пра актыўнае выкарыстанне паркавых зон людзьмі.
"На сённяшні дзень у нашай краіне не існуе рэгламенту арганізацыі пікнікоў у межах горада. І гэта зусім не да іх забароны, а для выпрацоўвання правілаў паводзін і эстэтыкі", — кажа Ігар Корзун, каардынатар кампаніі "Гарадскі Ляснічы".
Патрэбна ўкараняць элементарныя культурніцкія звычкі адпачынку гараджан, сцвярджае эксперт. Гэтыя звычкі можна трансляваць праз медыі, спецыяльныя стэнды, лідараў меркавання.
У тым ліку, для іх укаранення не абыйсціся без дапамогі ўладаў. На думку Ігара Корзуна, тыя ж кантэйнеры для смецця павінны быць "не заглыбленымі" ў самім парку, а размяшчацца на ўваходах у яго.
"Вакол кантэйнераў заўсёды будзе смецце, калі яны знаходзяцца ў парках, гэта спрацоўвае як “закон разбітага акна”. Людзі пачынаюць успрымаць усю тэрыторыю, як сметнік", — зазначае ён.
А Срэбны лог, на думку Ігара, месца цікавае сваім ландшафтам і біялагічнай разнастайнасцю. Пры жаданні тут можна знасці і рэдкія эндэмікі, упэўнены ён, якімі наўрадці могуць пахваліцца іншыя прыродныя тэрыторыі горада. Але на сённяшні дзень парк выглядае як "смуродныя балоты" праз пярэстае смецце, за якое ў першую чаргу чапляецца вока.
Прычым пра праблему звалак ў "дзікіх" паркавых зонах кампанія "Гарадскі Ляснічы" ведае не па чутках. Не аднойчы Ігар са сваёй камандай збіраў людзей на прыборкі ў рамках акцыі "Зробім!" Адну з іх кампанія праводзіла якраз у Срэбным логу разам з грамадскай арганізацыяй "Багна".
Асобным пытаннем застаецца культура ўладальнікаў сабак. Бо на рэшткі жыццядзейнасці іх гадаванцаў можна натыкнуцца непасрэдна па пешаходнай сцежцы ці веладарожцы, а не толькі на зялёных зонах.
І гэта з улікам, што ў Правілах утрымання хатніх жывёл у населеных пунктах дакладна прапісаны ўмовы, патрабаванні, а таксама пакаранне за парушэнне правіл утрымання — у выглядзе штрафа за "забруджанне" эксрыментамі гарадскіх тэрыторый.
"Вакол гэтага “балота” можна арганізаваць “атракцыён” — расказаўшы людзям пра асаблівасці месца, зладзіўшы экасцежкі, масткі праз затопленыя тэрыторыі, якія б бліжэй знаёмілі адпачываючых з наваколлем і разнастайнасцю Срэбнага лога. Мне падаецца у якасці экалагічна адукацыйнага элемента — гэта было б выдатна і цікава дарослым і дзецям".
"У гэтым накірунку можна ўступаць у супрацу з гарадскім камітэтам прыродных рэсурсаў. Яны б маглі паспрыяць усталяванню інфармацыйных шыльдаў пра правілы паводзін на дадзенай тэрыторыі, пра раслінны і жывёльны свет балота. А таксама пралабіраваць арганізацыю запаведных куткоў, не ў сэнсе куды нельга сунуцца чалавеку, а дзе ён быў бы набліжэй да прыроды ва ўмовах горада", — мяркуе Ігар Корзун.