Перейти к основному содержанию
04.06.2015 / 17:06

Буйны завод па перапрацоўцы адпрацаванага масла ТАА «ДВЧ-Эка» адчыніўся на тэрыторыі былой вытворчай базы ў Крупскім раёне Мінскай вобласці 3 чэрвеня. Інвестарам з’яўляецца кампанія з Кіпра, якая яшчэ ў 2012 годзе падпісала інвестыцыйную дамову з Мінпрыроды.

«Летам масла здаюць, а зімой паляць ці выліваюць у каналізацыю»

«Спальванне адпрацаванага масла — бізун постсавецкай прасторы. Людзі не разумеюць шкоды, якую гэта прыносіць», — так аб актуальнасці завода па перапрацоўцы гаворыць кіруючы партнёр кампаніі «ДВЧ-мэнэджмэнт» Дзмітры Чэрыковер.

Паводле звестак статыстыкі, на якую спасылаюцца супрацоўнікі кампаніі, у Беларусі перапрацоўваецца толькі 10% выкарыстанага масла, у Еўрасаюзе — каля 75%. Штогод у нашай краіне выкарыстоўваецца каля 140 тысячаў тон гаруча-змазачных аўтамабільнага і індустрыйнага масла, а колькасць адходаў у сярэднім дасягае 85%. 

«Самае складанае — стварыць сістэму збору масла», — кажа Дзмітры. Кропкі, дзе ўсталяваныя адмысловыя ёмістасці і транспарт завода забірае масла, — гэта СТА, калгасы, гаражныя кааператывы, прамысловыя прадпрыемствы. Усяго заключана каля 2000 дамоваў. Таксама падпісаная дамова з «Белкаапсаюзам» аб супрацоўніцтве па зборы ў насельніцтва адпрацаванага масла, якое забірае транспарт прадпрыемства.

«Летам звычайна ўсе здаюць, бо ім яно не трэба, а зімой паляць для ацяплення і дыхаюць гэтым дымам альбо зліваюць у глебу ці каналізацыю», — тлумачыць ён. 

У выніку завод кампаніі «ДВЧ-Мэнэджмент» будзе выпускаць лінейку маслаўтрымліваючых прадуктаў, 70% з якіх або імпартазамяшчальныя, або экспартныя. Кошт абяцаюць зрабіць на 40% ніжэй за кошт аналагічных матэрыялаў на рынку, а якасць — практычна аднолькавай. 

Стратэгічнай мэтай новае прадпрыемства «ДВЧ-Эка» называе засваенне 30% адпрацаванага маторнага масла ў Рэспубліцы Беларусь. І больш за 90% адходаў у выніку рэгенерацыі можна пераўтварыць у прадукт, прыдатны для паўторнага выкарыстання.

Завод па перапрацоўцы масла як бізнэс-праект. Акупальнасць — 10-12 год

Адкрыццём Мінская вобласць павінная двум ізраільскім інвестарам — Мудзі бэн Шаху і Іудзі бэн Гані, прадстаўнікам інвестыцыйнай кампаніі MDD BEL LTD (Рэспубліка Кіпр). На будоўлю завода было атрымана 13 мільёнаў даляраў прамых замежных інвестыцый. Інвестыцыйная дамова, падпісаная яшчэ ў верасні 2012 года, з’явілася дзякуючы візіту ў тым жа 2012 годзе прадстаўнікоў беларускага Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя на аналагічны завод у Ізраілі.

У планах азначаных інвестараў, якія падцверджвае Дзмітры Чэрыковер, збудаваць дадатковыя часткі завода: па перапрацоўцы пластыку, гумы, шын, тлушчу, у тым ліку каналізацыйнага. Але першапачатковая задача — паставіць на ногі запушчаную вытворчасць.

Тэрмін акупальнасці з улікам складанай эканамічнай сітуацыі і падзення коштаў на нафтапрадукты тут прагназуюць у 10-12 гадоў. Дадзены праект — чысты бізнэс, хоць і з экалагічнай функцыяй. Дзяржаўнай падтрымкі не мае, апроч самога факту ўхвалення ініцыятывы.

Адкрыццё адзначыў як важнае старшыня Мінкага абласнога выканаўчага камітэту Сямён Шапіра: «Сёння мы кажам аб адкрыцці яшчэ аднаго прадпрыемства на Мінскай зямлі, што асаблівую актуальнасць набывае ў гэты цяжкі для сусветнай эканомікі перыяд: зачыняюцца прадпрыемствы, звальняюцца супрацоўнікі, несвоечасова выплачваюцца заробкі».

З нежаданнем здаваць масла заклікаюць разабрацца на ўзроўні дзяржавы

На новым заводзе зараз 60 працоўных месцаў, а, згодна прэс-рэлізу кампаніі, камунікацыі і плошча завода дазваляюць павялічыць аб’ём перапрацоўкі ў тры разы — і тады Беларусь па паказніку перапрацоўкі амаль зраўняецца з ЕС. Свой завод кампанія называе першым падобным у СНД. 

Задачай дзяржавы тут бачаць, паводле інфармацыі прэс-рэліза, выпрацоўку заканадаўчых і адміністрацыйных мер, якія дапамаглі б вырашыць праблему са скідам масла ў навакольнае асяроддзе (і тым самым паспрыялі б развіццю прадпрыемства).

«Цяпер асноўнай праблемай з'яўляецца нежаданне суб'ектаў гаспадарання здаваць адпрацаваныя маслы на перапрацоўку. Дадзеная праблема павінна быць вырашана на дзяржаўным узроўні ў інтарэсах дзяржавы і грамадзян», — зазначаець уладальнікі кампаніі «ДВЧ-Мэнэджмент».

 

Автор:
Фотограф:
Ганна Валынец
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость