04.06.2021 / 09:06

З 26 траўня дзве беларускі Станіслава Гліннік і Бажэна Шамовіч трымаюць галадоўку пад офісам Еўракамісіі ў Варшаве. Яны 24/7 знаходзяцца на вачах еўрапейскіх чыноўнікаў, каб паказаць, што беларусам патрэбна рэальная падтрымка, а не толькі заклапочанасць.

Дзяўчыны патрабуюць увесці жорсткія эканамічныя санкцыі да дзяржаўных беларускіх прадпрыемстваў. Яны жывуць у намётах пад офісам Еўракамісіі і прыцягваюць увагу да сітуацыі ў Беларусі.

У нашай краіне працягваюцца здзекі над людзьмі. Толькі па афіцыйных лічбах у нас 421 палітычны зняволены. З пачатку жніўня было больш за 35 000 чалавек затрыманы. Мы дагэтуль не дачакаліся паўнавартаснай рэакцыі Еўропы на такія падзеі. Эканамічныя санкцыі павінны былі быць уведзены яшчэ ў жніўні 2020. Але іх дагэтуль няма. А менавіта санкцыі дазволілі вызваліць палітзняволеных у 2010”, – заяўляе Станіслава.

Станіслава сама ў свой час з’ехала ў Польшчу па праграме для рэпрэсаваных студэнтаў. Падчас парламенцкіх выбараў у 2012-м яна працавала ў хостэлі, дзе незалежныя назіральнікі арэндавалі залу. Прыйшлі людзі без апазнавальных знакаў і затрымалі ўсіх, у тым ліку супрацоўнікаў хостэла. З таго часу Станіслава вырашыла працягваць вучобу па-за межамі Беларусі. Яна атрымлівае ўнікальную спецыяльнасць інжынера гастраноміі і спадзяецца аднойчы вярнуцца ў Беларусь.

Бажэна, якая таксама трымае галадоўку, зараз вучыцца ў тэатральнай акадэміі:

Прайшоў крызісны момант, калі арганізм не ведаў, як сабе весці. Зараз ужо адаптаваўся. Да нас прыходзіць штодзень медыцынскі супрацоўнік. У нас мераюць узровень цукру ў крыві, пульс, ціск. Пакуль у нас паказчыкі добрыя для галадоўкі. Мы былі падрыхтаваныя да гэтага, рабілі плаўны ўваход”.

Да дзяўчын у першыя дні галадоўкі далучыліся яшчэ трое сяброў Дзіяна, Зміцер і Дар’я. Яны не рыхтаваліся да гэтага, там ім было цяжэй за ўсё. Дзіяна была вымушана спыніць галадоўку ў аўторак з-за стану здароўя. І яе замяніла Караліна, якая, дарэчы, у той дзень святкавала дзень народзінаў.

Бажэна таксама ўжо адзначыла свой дзень народзінаў на галадоўцы. Як кажа дзяўчына, жаданне ў ёй адно, і яно зразумела ўсім беларусам.

Падтрымаць дзяўчын штодзень прыходзяць і палякі, і беларусы, і ўкраінцы. Для іх ладзяць жывыя выступы наўпрост на вуліцы, дораць кветкі і ўсяляк падтрымліваюць. За гэты час да іх прыходзілі мясцовыя палітыкі, Павел Латушка, а таксама ім даслала ліст Карын Карлсбро, член Еўрапейскага парламента.

Станіслава і Бажэна не проста трымаюць галадоўку, а ладзяць акцыі, збіраюць подпісы пад петыцыяй у Еўракамісію, даюць інтэрв’ю, а на 1 чэрвеня разам з польскімі сябрамі рабілі невялікае свята для дзяцей.

Дзяўчыны намераны заставацца пад офісам Еўракамісіі, пакуль іх патрабаванні не будуць пачуты.

Автор:
Фотограф:
Яўген Малашкевіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость