05.05.2016 / 16:05

Здавалася б, што можа быць прасцей у выбары паміж «чыстай» энергетыкай будучыні і традыцыйнымі крыніцамі, якія ўжо і так амаль вычарпаны. Яшчэ больш простым падаецца пытанне ў адносінах да атамнах электрастанцый, з улікам страшных падзей 1986 і 2011 гадоў, якія адбіліся ў памяці чалавецтва назаўжды. Як на справе адбываецца працэс пераходу, чаму Беларусі непатрэбная АЭС, і якія перспектывы і патэнцыял у аднаўляльных крыніц энергетыкі (АКЭ), абмеркавалі спецыялісты з розных краін на Міжнароднай канферэнцыі «Чарнобыль+30» у Мінску.

100%-нае выкарыстанне аднаўляльных крыніц — амбіцыйна... і рэальна!

На працягу апошніх некалькіх гадоў асабліва востра вядзецца супрацьстаянне паміж традыцыйнымі крыніцамі энергетыкі і аднаўляльнымі (АКЭ). Гэта абумоўлена многімі фактарамі. Па-першае, такія прыродныя рэсурсы, як нафта, газ, вугаль і іншыя не толькі з'яўляюцца абмежаванымі ў сваёй колькасці, але і здабыча іх вядзе да катастрафічных экалагічных наступстваў. Па-другое, пытанне кліматычных змяненняў, якія адбываюцца па віне чалавечай дзейнасці, патрабуе цвёрдага і канчатковага рашэння. З іншага боку энергетычныя тэхналогіі ўвесь час развіваюцца, і ў параўнанні з традыцыйнымі крыніцамі аднаўляльныя пастаянна становяцца таней, больш бяспечнымі і эфектыўнамі. І калі ў 2015 годзе кліматычнае пытанне ўдалося вырашыць на канферэнцыі ў Парыжы, гістарычнае пагадненне з якой не так даўно падпісала 171 краіна, то карпарацыі і лабісты «бруднага» паліва ўсё роўна працягваюць трымацца да канца за сваё права выкачаць з нетраў планеты рэсурсы да апошняй кроплі.

У мінулым годзе «Грынпіс» апублікаваў свой сцэнар-даследаванне энергетычнай (р)эвалюцыі, які сцвярджае, што да 2050 года цалкам магчыма перайсці на 100% выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергетыкі. У гэтым дакуменце сабраныя звесткі, якія ўлічваюць такія глабальныя паказчыкі, як рост насельніцтва, эканамічнае развіццё і забеспячэнне ўсеагульнага доступу да электраэнергіі. Акрамя гэтага, у сваім даследаванні «Грынпіс» улічвае толькі правераныя энергетычныя тэхналогіі, выключаючы шкодныя і небяспечныя варыянты скарачэння выкідаў СО2 ад спальвання выкапнёвага паліва ці праз атамную энергетыку.

Тобіас Мюнхмаер
Тобіас Мюнхмаер

«У нас засталося ўсяго ля 1000 гігатон СО2, якія мы можам выкінуць у атмасферу і мець рэальны шанс застацца ніжэй пад'ёму сярэдняй тэмпературы на 2 градуса па Цэльсію. Пры нашых цяперашніх тэмпах чалавецтва перасячэ гэты паказчык у 2040 годзе, — патлумачыў Тобіас Мюнхмаер, намеснік кіраўніка палітычнага прадстаўніцтва «Грынпіс», на канферэнцыі ў Мінску, прысвечанай 30-годдзю аварыі на Чарнобыльскай АЭС. — Сёння аднаўляльныя крыніцы энергетыкі адпавядаюць 19% сусветнага попыту на першасную энергію. І наш сцэнар паказвае, што тэхнічна і эканамічна магчыма дасягнуць 100% выкарыстання АКЭ да 2050 года. Больш таго, гэта можна зрабіць па больш нізкаму кошту, чым базавы сцэнар».

Дасягнення такога амбіцыйнага выніку мяркуецца праз паэтапнае адмаўленне ад іншых крыніц энергетыкі. Так, да 2030 года неабходна адмовіцца ад нафтапрадуктаў, да 2035 года — пачаць скарачаць выкарыстанне бурага вугля, цалкам спыніўшы яго здабычу і спальванне ў 2045 годзе. 2040-ы год павінны стаць канчатковай кропкай выкарыстання атамнай энергетыкі, а 2050-ы — газа. Вядома, што без змяншэння попыту на ўжыванне энергіі і прымяненне энергаэфектыўных тэхналогій, змянення спажывецкіх звычак, такія меры не будуць мець станоўчага эфекту.

«Гэтыя мэты тэхнічна дасягальныя, хаця не сакрэт, што перавышаюць палітычныя амбіцыі еўрапейскіх і ўсходніх краін. Тым не менш шэраг з іх ужо знаходзяцца на шляху да выкарыстання аданаўляльных крыніц энергетыкі. Напрыклад, у Германіі ў 2015 годзе больш 30% энергіі было выраблена АКЭ, у Даніі лічба ад энергіі ветра склала 42%, у Іспаніі на АКЭ здабыта каля 40% энергіі», — зазначае Тобіас.

 

Патэнцыял Беларусі

Для Беларусі пытанне выкарыстання аднаўляльных крыніц энергетыкі не з'яўляецца новым. У нашай краіне ўжо выкарыстоўваюцца гідраэлектрастанцыі, сонечныя і ветраныя электрастанцыі, біягазавыя ўсталёўкі, кацельні на біямасе, сонечныя калектары і цеплавыя насосы. Аднак, як зазначыў на той жа канферэнцыі Арцём Быстрык з Цэнтра экалагічных рашэнняў, асноўная частка электраэнергіі ў нашай краіне пакуль вырабляецца на цеплавых электрастанцыях праз спальванне расійскага газа. Доля ўсіх астатніх крыніц даволі малая.

Арцём Быстрык
Арцём Быстрык

  • Па дадзеных на 2014 год, у Беларусі існуе 57 установак гідраэлектрастанцый з гадавой выпрацоўкай электраэнергіі 137 ГВт*г. З 2011 па 2015 гады існавала праграма па развіцці гідраэлектрастанцый, у рамках якой меркавалася ўсталяваць яшчэ 101,6 МВт, што давала б у суме гадавой выпрацоўкі 546 ГВт*г.

Што датычыцца сонечных электрастанцый, то прыведзеныя Арцёмам дадзеныя, на жаль, не ўлічваюць такія ўстаноўкі на прыватных падворках. Тым не менш гадавая выпрацоўка на дзяржаўных электрастанцыях складае 22,47 ГВт*г.

«Каб разабрацца ў патэнцыяле сонечных электрастанцый у Беларусі, неабходна паглядзець на мапу. З яе вынікае, што каля 4 МДж сонечнай радыяцыі падае на метр кубічны паўсюдна на тэрыторыі нашай краіны, — зазначае Арцём Быстрык. — І калі паглядзець на мапу тэрыторый, якія былі выведзеныя з выкарыстання і пражывання пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, то бачна, што якраз на гэтых землях паказчыкі сонечнай радыяцыі найвышэйшыя па краіне. Таму выдатным рашэннем было б усталяваць там сонечныя электрастанцыі».

У 2014 годзе сума гадавой выпрацаванай электраэнергіі на ветраных устаноўках склала 149,07 ГВт*г, аднак гэта без уліку новых магутных станцый ля Наваградка.

«Па падліках спецыялістаў з фірмы «Тайкун», што займаюцца ўкараненнем ветраэнергетычных установак, калі ўсталяваць на 7% нашай тэрыторыі магутныя ветраныя фермы, мы зможам атрымоўваць каля 15 000 ГВт*г у год. А гэта крыху менш за траціну гадавога спажывання краіны», — падкрэслівае Арцём.

Тым больш што вецер у нашай краіне ёсць. Пытанне толькі да распрацоўкі бізнас-планаў для кожнай асобнай пляцоўкі.

«Вядома, можна казаць пра адсутнасць ветравога патэнцыялу, калі паставіць вятрак у лесе... — падтрымлівае словы калегі Андрэй Канечэнкаў, віцэ-прэзідэнт Сусветнай ветраэнергетычнай асацыяцыі, кіраўнік Камітэту па ветраэнергетыцы краін СНД. — У першую чаргу да развіцця любога накірунку ў энергетыцы варта падыходзіць з розумам, ацэньваючы яго магчымасці, рызыкі і наступствы. Бо ўсё ж на першым месцы ў нас павінны стаць чалавек і бяспека яго жыцця на той тэрыторыі, дзе развіваецца той ці іншы від энергетыкі. Гэта, дарэчы, калі вяртацца да Чарнобыльскай трагедыі».

Андрэй Канечэнкаў звяртае таксама ўвагу на тое, што з прымяненнем аднаўляльных крыніц энергетыкі чалавецтва можа вырашыць многія актуальных плаблемы — ад даступнасці электраэнергіі да экалагічных і эканамічных праблем.

Так, напрыклад, вядома, што сёння найбольш дэфіцытным рэсурсам з'яўляецца вада. І ў адрозненні ад атамных і цеплаэлектрастанцый тая ж ветраная энергетыка не выкарыстоўвае гэты рэсурс, як і не стварае выкідаў ў атмасферу.

«Вельмі важны эканамічны момант. Калі мы кажам пра танную атамную энергетыку, мы забываем, што большасць атамных электрастанцый нам засталася ў спадчыну з Саюза (для большасці краін СНД — дад. аўт.). Ніхто не ўлічвае капітальныя выдаткі, выдаткі на вывад станцый з эксплуатацыі, з чым мы зараз пачынаем сутыкацца, выдаткі на перапрацоўку і захаванне радыёактыўных адходаў. Пералічце, і кошт АЭС выглядае ўжо зусім інакш. А з улікам таго, што, згодна пагадненню паміж Францыяй і Велікабрытаніяй, фіксаваная цана за 1 кВт*г атамнай электраэнергіі складае 12,8 еўрацэнтаў. У той жа час у ЗША рыначная цана за ветраную энергетыку — 2,6 даляравых цэнты. Гэта сведчыць пра тое, што краіны, якія развіваюць АКЭ, хутка апынуцца ў больш выгадных эканамічных умовах, чым дзяржавы з выкапнёвым палівам», — кажа ён.

Невыпадкова ў мінулым годзе ўрад Барака Абамы ўсталяваў дасягнуць да 2050 года 35% электрагенерацыі за кошт энергіі ветра. Па ацэнках амерыканскіх экспертаў, дзякуючы такому кроку насельніцтву Злучаных Штатаў удасца сэканоміць на электраэнергіі 149 млрд $.

Спецыяліст падкрэслівае, што не варта забываць пра новыя і перспектыўныя працоўныя месцы, якія ствараюцца пры ўвядзенні ў эксплуатацыю АКЭ.

«Разглядаючы Беларусь, можна адзначыць, што яна сапраўды адрозніваецца не самым высокім патэнцыялам, але мае дастатковую колькасць тэрыторый, якія неабходна вывучаць, праводзячы грунтоўную працу са спецыялістамі і кампаніямі», — упэўнівае Андрэй.

 

Адмовіцца ад АЭС — наш маральны абавязак перад ахвярамі Чарнобылю

Нягледзячы на сусветную тэндэнцыю адмаўлення ад атамных электрастанцый, у Беларусі ў 2008 годзе была зацверджана пляцоўка пад Астраўцом пад першую АЭС.

 

Як зазначыў Тобіас Мюнхаер, яму вельмі прыкра ад таго, што Беларусь пайшла па шляху мінулага стагоддзя. З улікам, што наша эканоміка знаходзіцца далёка ад заходніх краін, і тлумачыцца гэта не якім-небудзь кліматычнымі ўмовамі, а неэфектыўнасцю паводзін у той жа энергетычнай сферы.

У нашых рэаліях замежны спецыяліст раіць выкарыстоўваць энергаэфектыўныя і энергасберагальныя тэхналогіі аднаўляльных крыніц энергетыкі. Асабліва з улікам коштаў узвядзення АЭС.

«Ці магчыма замяніць аднаўляльнымі крыніцамі ўсю атамную энергетыку, напэўна, гэта пытанне ўжо разглядалася адпаведнымі спецыялістамі дзяржаўных органаў. Але калі меркаваць з пункту гледжання абывацеля, варта ўлічыць, што кошт АЭС складае прыблізна 10 млрд $. Атрымоўваецца, што гэтыя грошы ідуць на вытворчаць 2400 МВт. Каб пакрыць такую колькасць электраэнергіі з АКЭ, з улікам таго, што каэфіцыент выкарыстання гэтых крыніц не 100%, а недзе ў 3 разы меншы, адпаведна трэба пабудаваць іх у 3 разы болей, недзе 6500-7000 МВт усталяванай магутнасці. Вядома, што на гэта патрэбны адпаведныя фінансавыя рэсурсы», — расказвае Зялёнаму парталу Дзяніс Каваленка, кансультант праекта «Ліквідацыя бар'ераў для развіцця ветраэнергетыкі ў Рэспубліцы Беларусь», які рэалізуецца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пры падтрымцы Глабальнага экалагічны фонду і ПРААН.

Так, напрыклад, у ветраной энергетыцы будаўніцтва 1 МВт складае 1,5 млн $. З улікам падзення цэн на сонечную энергетыку на 1 МВт неабходна будзе патраціць каля 1 млн $. Даражэй абыйдзецца гідраэнергетыка ці энергетыка з біягазу. У гідраэнергетыцы за 1 КВт усталяванай магутнасці давядзецца выкласці 6000-7000 $, адпаведна, за 1 МВт — 6-7 млн $. 1 Квт усталяванай магутнасці біягазавай энергетыкі абыйдзецца ў 4500-5000 $.

«Каб пакрыць аднаўляльнымі крыніцамі магутнасць АЭС, неабходна будзе патраціць каля 15 млрд $. Але пры праектаванні атамнай станцыі трэба ўлічваць і кошт утылізацыі, што з'яўляецца вельмі дарагім працэсам. Таму вось вам і выбар, што будаваць: АЭС ці АКЭ!» — дадае Дзяніс.

Ён зазначае, што пры такім пакутлівым выбары трэба адказаць сабе на пытанне: на што прыемней будзе глядзець з акна — на АЭС і вятрак? У сваю чаргу прадстаўнік «Грынпіса» Тобіас Мюнхмаер звяртае ўвагу на маральны бок справы:

«Я лічу, што рашэнне па будаўніцтву БелАЭС — гэта антыбеларуская палітыка. І гэта сведчыць, што ключавыя пытанні вырашаюцца не ў Мінску, а ў Крамлі. Бо і ядзернае паліва, і сам рэактар пастаўляюцца з Расіі, адходы будуць зноў жа з Расіі вяртацца сюды, і гэта стане асобнай праблемай для вашай краіны. Мне хацелася б папярэдзіць беларускі народ, каб ён не выбіраў гэты шлях. Бо я ўпэўнены, што мы ўсе маральна абавязаныя ахвярам Чарнобылю і мусім адмовіцца ад ядзернай энергетыкі», — падсумаваў ён.

Автор:
Фотограф:
Ігар Чышчэня, Арцём Быстрык, Андрэй Канечэнкаў
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость