05.05.2017 / 16:05

У Жэневе завяршаецца міжнародная канферэнцыя адразу трох канвенцый, на якой абмяркоўваюць небяспечныя хімічныя рэчывы, устойлівыя арганічныя забруджвальнікі і пестыцыды. Пакуль дэлегаты прымаюць канчатковыя рашэнні і падпісваюць дамовы, Зялёны партал распытаў Яўгена Лабанава, дырэктара ўстановы «Цэнтр экалагічных рашэнняў», пра прамежкавыя вынікі сустрэчы.

 

Уключылі ў Стакгольмскую канвенцыю, але з агаворкай

Стакгольмская канвенцыя аб устойлівых арганічных забруджвальніках рэгулюе вытворчасць і зварот таксічных рэчываў, якія сур’ёзна ўплываюць на здароўе і наваколле. Беларусь далучылася да яе ў 2003 годзе.

Безумоўным плюсам і дасягненнем сустрэчы ў Женеве можна лічыць уключэнне некаторых новых рэчываў у Стакгольмскую канвенцыю. У спіс трапілі: дэкабромдэфінілавы эфір, што выкарыстоўваецца для папярэджання ўзгаранняў, хларыраваныя парафіны з кароткім ланцугом, якія прымяняюцца ў якасці змазачных матэрыялаў, у пластмасе, пры рэзцы металаў, сустракаюцца нават у спажывецкіх таварах і гексахлорбутадыён, які з’яўляецца выкідам, пабочным працэсам.

«Канвенцыя робіць сур’ёзны сігнал: маўляў, вытворчасць і выкарыстанне гэтых рэчываў трэба забараніць. Аднак мноства краін, напрыклад Еўразвяза, Індыя, Кітай, Расія і іншыя, папрасілі зрабіць выключэнні для пэўных працэсаў і тэхналогій, нават цэлых прамысловых галін: аўтабудаўніцтва, аэракасмічнай сферы, здабычы нафты, вырабу лакаў і фарбаў і г.д. Гэта азначае, што іх ужыванне працягнецца як мінімум ад 5 да некалькі дзясяткаў гадоў, і ў выніку яны трапяць у навакольнае асяроддзе і будуць вельмі негатыўна ўплываць на здароўе людзей», — тлумачыць Яўген Лабанаў.

Што датычыцца Беларусі, то ў дадзенай сітуацыі яна прыняла пазіцыю па скарачэнні спісаў выключэнняў.

На жаль, з’яўляючыся не самым моцным іграком у перамовах, паўплываць на рашэнне не атрымалася.

Вядома, такія вынікі выклікаюць пэўнае незадавальненне, бо сустрэча ў чарговы раз пацвердзіла, што эканамічны інтарэс пераважае над клопатам пра ахову здароўя і экалагічны стан наваколля.

 

Базэльская канвенцыя прыплюшчыла вочы на канцэнтрацыю небяспечных выкідаў

Базельскую канвенцыю аб кантролі за трансгранічнай перавозкай шкодных адходаў і іх выдаленнем наша краіна зацвердзіла ў 1999 годзе.

Асноўнае пытанне, якое абмяркоўвалася на перамовах у межах канвенцыі, — якой мусіць быць канцэнтрацыя тых ці іншых таксічных рэчываў у выкідах, каб прызнаць іх шкоднымі і небяспечнымі і потым прымяняць адпаведныя меры па іх утылізацыі?

«Падавалася б, цалкам тэхнічнае пытанне, але ў рэчаіснасці яно датычыцца класіфікацыі адходаў у залежнасці ад наяўнасці пэўных канцэтрацый рэчываў і менавіта прызнанне іх шкоднымі ці звычайнымі. А гэта, у сваю чаргу, уплывае на тэхналагічныя працэсы і меры прадухілення, — заўважае Яўген Лабанаў. — Гэта дапамагло бы забараніць імпарт даволі значнай часткі нябеспечных адходаў з развітых, багатых краін у краіны, якія развіваюцца і часта не маюць магчымасцяў абмежаваць такі ўвоз».

Аднак ў выніку, пасля абнародавання пазіцыі Еўразвяза па гэтым пытанні, краіны-ўдзельніцы Базэльскай канвенцыі вырашылі не зніжаць парогавыя лічбы канцэнтрацый таксічных рэчываў у адходах.

 

Ратэрдамскую канвенцыю Беларусь пакуль не падпісала

На жаль, да гэтага часу Беларусь застаецца адной з нямногіх краін свету, хто не далучыўся да Ратэрдамскай канвенцыі аб шкодных хімічных рэчывах і пестыцыдах у міжнародным гандлі. Аднак, па словах Яўгена, на сустрэчы ў Жэневе зробленыя важныя крокі, каб выправіць становішча. Беларускія прадстаўнікі вядуць актыўныя перамовы дзеля гэтага.

Автор:
Фотограф:
pixabay.com, facebook.com
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость