05.06.2020 / 18:06

Напярэдадні Сусветнага дня навакольнага асяроддзя, які штогод адзначаецца 5 чэрвеня, Прадстаўніцтва ААН у Беларусі і Прэс-клуб сабралі экспертаў па клімаце і экалогіі, каб паразмаўляць на тэму “Прырода настолькі ачысцілася“, ці Як каранавірус уплывае на навакольнае асяроддзе”.

Зялёны партал запісаў асноўныя тэзісы анлайн-сустрэчы.

 

Што скажуць кандыдаты ў прэзідэнты?

Марыя Фалалеева, кандыдат геаграфічных навук, эксперт у галіне кліматычнай палітыкі міжнароднага грамадскага аб’яднання “Экапраект” (Беларусь) і «EVRESCO» (Ірландыя), адзначыла тры асноўныя напрамкі сувязі кавіду са змяненнем клімату.

Першае – цяперашняе зніжэнне выкідаў не ўплывае на змяненне клімату. Паветра становіцца сапраўды чысцей, але гэта часовы эфект. Усё ў хуткім часе вернецца. Па прагнозах, сусветныя выкіды за год упадуць на 8%, але гэтага недастаткова, каб дасягнуць мэты Парыжскага пагаднення. У ідэале нам трэба да 2030 знізіць выкіды амаль на палову. Парніковыя газы маюць вялікі тэрмін жыцця ў атмасферы, таму працэсы змяненню клімату фактычна ўжо запушчаны.

Другое – змяненні ў экасістэмах уплываюць на сітуацыю з хваробамі. Ёсць тэорыя, што цяперашняя ўспышка каранавірусу была ў тым ліку справакаваная памяншэннем арэалаў жыхарства дзікіх жывёл. Яны ўсё часцей прыходзяць у гарады. Кавід-19 не адзіная хвароба ў свеце, ёсць яшчэ шмат іншых, якія могуць патэнцыйна стварыць эпідэмію. Напрыклад, у Сібіры тае вечная мерзлата, з-за чаго  адкрываюцца магільнікі жывёл, хворых на сібірскую язву. Гэта рэальная праблема, і яе трэба вырашаць. У Беларусі іншыя цяжкасць – павялічылася актыўнасць кляшчоў і ўсё звязаныя з імі захворванні.

Трэцяе – і змяненне клімату, і кавід аказаліся індыкатарамі няўстойлівасці сістэмы.

“Мы доўгі час будавалі сваю эканамічную сістэму на прынцыпах эфектыўнасці. Але зараз парадыгма мяняецца, бо галоўнай становіцца ўстойлівасць. І наступнае пытанне: што мы з гэтым будзем рабіць? Сітуацыя з кавід паказала, якія сектары эканомікі, бізнесы і спосабы вядзення гаспадаркі найбольш устойлівыя”, – адзначае экспертка. Прадпрыемствы з экалагічнымі праграмамі і праграмамі карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці аказаліся больш устойлівымі, бо яны клапоцяцца пра наваколле і здароўе сваіх супрацоўнікаў.

Марыя Фалалеева лічыць, што гэта наш шанс перайсці на зялёную эканоміку, які мы не павінны ўпусціць. Еўрасаюз працягвае прытрымлівацца European Green Deal, і план па аднаўленні пасля пандэміі будуецца на прынцыпах зялёнага развіцця.

На думку спецыялістки, у Беларусі недастаткова дыскусій на гэту тэму. І вельмі важна, каб пра гэта важнае стратэгічнае пытанне казалі і кандыдаты ў прэзідэнты: як яны збіраюцца рэагаваць на гэтыя выклікі.

 

 

Чым больш людзей, тым менш прыроды

Велізарная праблема, да вырашэння якой ніхто не падступаецца, – рост насельніцтва Зямлі.

“Калі насельніцтва будзе расці такімі ж тэмпамі, без знішчэння прыроды мы ніяк не абыдземся”, – лічыць Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар “Аховы птушак Бацькаўшчыны”.

За апошнія 40 гадоў біямаса ўсіх прадстаўнікоў дзікіх відаў паменшылася на  60%, каля мільёна відаў знаходзяцца пад пагрозай знікнення. На думку эксперта, добра, што крызіс нас узварухнуў.

Аляксандр Вінчэўскі расказвае, што яго калегі з іншых краін скардзяцца, што з-за строгага каранціну браканьеры актыўна палявалі ў прыродзе, а супрацьдзеяння ім фактычна не было. Еўрапейскія і амерыканскія партнёры шкадуюць, што з-за эпідэміі забаронены доступ да ахоўных тэрыторый. З-за гэтага фінансаванне арганізацый па ахове прыроды паменшылася.

Паколькі ў Беларусі каранціну няма, то і наплыву айчынных паляўнічых у лясы таксама не назіраецца. Наадварот, пандэмія паспрыяла памяншэнню колькасці людзей на паляваннях нават мацней, чым забарона на наведванне лясоў з-за пажараў. Велізарны плюс для прыроды, што з-за закрытых граніц еўрапейскія паляўнічыя не прыехалі да нас на вясновае паляванне.

Аляксандр Вінчэўскі нагадвае, што Еўрасаюз у траўні прыняў два беспрэцэдэнтных дакумента: амбіцыёзную стратэгію па захаванні біяразнастайнасці да 2030 года і новую стратэгію развіцця сельскай гаспадаркі.

“Я вельмі спадзяюся, што Еўрасаюз будзе ціснуць на ўсе краіны, якія з ім гандлююць, у тым ліку і на Беларусь, каб яны прымалі аналагічныя меры па захаванні прыроды. Зараз такое адбываецца з лясной сертыфікацыяй – і ў нас лясная гаспадарка стала нашмат прагрэсіўней”, – падвёў вынікі дырэктар АПБ.

 

Патрэбны рэсурс даверу паміж насельніцтвам і ўладамі

Існуе карэляцыя паміж забруджваннем паветра і колькасцю людзей, якія загінулі з-за кавіда. Пра гэта кажа Міхаіл Дарашэвіч, каардынатар ініцыятывы Minsk Smart City. Ён, як эксперт па паветры, адзначае, што гарадское паветра на самаізаляцыі сапраўды ачысцілася. Але гэта часовы эфект.

“Патрэбны ўзгодненая палітыка і даволі шмат намаганняў, каб гэта была не выпадковасць з-за пандэміі, а рэгулярная практыка. Назіранні за паветрам – гэта інструмент, які можа стаць асновай для таго, каб абіраць палітыку ў далейшым”, – лічыць спецыяліст.  

Пра важнасць грамадскай і палітычнай ініцыятывы казала і Вера Сысоева, эксперт праекта ПРААН Беларусі “Зялёныя гарады”. Яна адзначае, што на працягу апошніх сто гадоў сістэма горадабудаўніцтва фактычна не змянялася і заставалася збалансаванай. Зараз з-за пандэміі ўсе гэтыя набыткі пераацэньваюцца. І ўстае пытанне: у якой форме расселяцца?

Людзі прывыклі сцякацца да месцаў паслуг і працы – у гарады. Хоць зараз усе мараць пра свежае паветра і прыроду, гэта можа несці вялікую пагрозу наваколлю. Пераезд далей ад “благаў цывілізацыі” патрабуе затрат на перасоўванне, стварэнне новай інфраструктуры і будаўніцтва. Калі людзі паселяцца ў катэджным пасёлку з нізкай шчыльнасцю, развіццё тых ж медыцынскіх аб’ектаў на месцы будзе немэтазгодна і рэсурсаёмка.

Вера Сысоева лічыць, што самыя шчыльна заселеныя гарады эфектыўна справіліся з распаўсюджаннем каранавірусу як раз дзякуючы наяўнасці і блізкасці сервісаў, разумных тэхналогій і згуртаванасць камьюніці.

Тым ня менш тэндэнцыі да самазанятасці і развіццю паслуг у крокавай даступнасці вядуць да шматфункцыянальнай забудовы. Людзі ў пэўнай ступені вяртаюцца да эпохі натуральнай гаспадаркі, калі ўсё было пад рукой. Гэта якасна новы погляд на постсавецкі мадэрнісцкі горад, дзе ўсе размежаванае.

Каранавірус прынёс заўважныя змяненні ва ўжыванні рэсурсаў: павялічылася нагрузка на інтэрнэт і электрычнасць у жылых дамах. Не ўсе сеткі да гэтага падрыхтаваныя. Мадэрнізацыя патрабуе значнага ўкладу і выбару прыярытэтаў. Нават банальнае мыццё рук прыводзіць да дадатковых 20-40 літраў у дзень на чалавека. А для многіх краін вада – гэта значны рэсурс. На думку Веры Сысоевай, пытанне па эканоміі вады і яе другаснаму выкарыстанню таксама выходзіць на пярэдні план.

“Горадабудаўнікі гатовы вырашаць задачы, але пастаноўка прыярытэтаў і мэт – задача грамадства і органаў кіравання. Праект “Зялёныя гарады” дапамагае развіваць кампетэнцыі для гэтага. Я думаю, што гэта не апошняя пандэмія і трэба падрыхтавацца да рэагавання на такія выклікі. Для гэтага патрэбна разуменне паміж насельніцтвам і адміністрацыяй, рэсурс даверу”, – падкрэсліла эксперт.  

 

Вырашаючы адну праблему, не забываць пра іншыя

Яўген Лабанаў, дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў, заўважае, што ўсё больш бізнесоўцаў і палітыкаў кажуць пра аднаўленне эканомікі на аснове прынцыпаў кліматычнай нейтральнасці і экалагічнай прыязнасци. Пандэмія паказала, наколькі на наша грамадства ўплываюць прыродныя фактары. Насамрэч, кавід – не самы смяротны ўзбуджальнік хваробы, але нават пры гэтым ён здольны практычна поўнасцю паралізаваць развіццё краін. І гэта вельмі сур’ёзны сігнал. 

Эксперт заўважае, што ў кароткатэрміновай перспектыве будуць пэўныя пазітыўныя наступствы для наваколля, звязаныя са зніжэннем забруджвання ад чалавечай дзейнасці, як то зніжэнне выкідаў ад авіяпералётаў і прамысловай вытворчасці. Але ж, хутчэй за ўсё, усе вернецца разам з аднаўленнем працы эканомікі.

Але ж мяняюцца сацыяльныя мадэлі паводзін, звязаныя з павышанымі мерамі бяспекі. У кароткатэрміновая перспектыве гэта можа мець негатыўныя наступствы. Напрыклад, людзі ўжо зараз сталі менш выкарыстоўваць грамадскі транспарт і пераселі на сваё аўто, сталі менш выкарыстоўваць тавары і паслугі ў галіне сумеснай эканомікі. Але, з іншага боку, шэраг краін адзначае, што гэта добры момант, каб прасоўваць вялікія праграмы, напрыклад, па развіццю веларуху. 

Павелічэнне аднаразовага пластыку ў выглядзе розных упаковак рэзка кантрастуе з тымі тэндэнцыямі, якія былі яшчэ ў пачатку гэтага года. Але пакуль усе планы па скарачэнню пластыкавай упакоўцы ў Беларусі і ў свеце застаюцца ў дзеянні. Можна заставацца аптымістам і, вырашаючы адну праблему, не забываць пра іншыя.

 

 

Раней у нас на ветры ляталі толькі пакеты, а цяпер і маскі

Палімерныя адходы пластыка ўсё яшчэ застаюцца на першым месцы па аб’ёме смецця, якое збіраецца ў сталіцы. Пра гэта нагадвае Наталля Блышчык, супрацоўніца праграмы па хімічным рэчывам і адходам Цэнтра экалагічных рашэнняў. Палігон "Трасцянецкі! запоўніўся на дзесяць гадоў раней, чым было першапачаткова разлічана. І ўжо ў бліжэйшы час там плануюць ажыццявіць трэццю чаргу будаўніцтва – і пашырыць яго на 15 га. Распрацоўваецца дакументацыя на тэхналогію спальвання смецця ў ТЭЦ. Але, на думку Наталлі Блышчык, гэта навіна выклікае шмат пытанняў, бо нашы ТЭЦ не прыстасаваныя да гэтага.

 “Раней у нас на ветры ляталі толькі пакеты, а цяпер і пальчаткі, і аднаразовыя маскі, і вільготныя сурвэткі”, – падкрэслівае эксперт.

Абыходжанне з медыцынскімі адходамі з’яўляецца сур’ёзнай праблемай. Калі медустановы займаюцца сарціроўкай адходай і іх абеззаражваннем, то ў насельніцтва амаль адзіны варыянт – усё выкінуць у агульнае смецце. Тут  ёсць пункт росту для грамадскіх ініцыятыў, як то збор лекаў, які не так даўно запрацаваў у некаторых гарадах.

Звычайна ў людзей з’яўляюцца адходы лякарстаў з-за таго, што яны набылі больш, чым трэба. І ў цяперашняй сітуацыяй гэта праблема абвастраецца. У тым ліку з антыбіётыкамі, якія не працуюць супраць вірусу, але павялічваюць антыбіётыкарэзістэнтнасць.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость