Не перакопвайце градкі, не марнуйце сілы
Ураджай будучага года напрамую залежыць ад таго, як вы падрыхтуеце пасадачную глебу да зімоўкі, наколькі добра, а галоўнае правільна і своечасова яе угнаіце.
Бадай самай вялікай памылкай з'яўляецца перакопванне ці пераворванне зямлі. Дасведчаныя агароднікі вам скажуць, што такое рабіць не тое, каб не абавязкова, а нават непажадана.
Па-першае, перакопваць пад рыдлёўку – гэта фізічна цяжкі працэс. Па-другое, пры узворванні зямлі плугам можна пашкодзіць натуральны мікробна-біялагічны баланс урадлівага пласта глебы.
Найлепшым выйсцем будзе проста прайсціся па градкам матыгаю, нават не выбіраючы пустазелле – няхай застаецца як ''зялёная маса'' для ўгнаення.
Не лішнім будзе пакрыць паверхню глебы мульчой. Дзеля гэтага можна выкарыстоўваць абрэзанае сучча дрэваў, кустоў, рэшткі і адходы ад сабранага ураджаю, напрыклад, пажоўкае бацьвінне буракоў, вяршкі морквы, ачысткі іншай гародніны.
Таксама можна засыпаць грады апалым лісцем, крыху падсушанай травой. Такое арганічнае покрыва абароніць глебу ад прамярзання, а перагніваючы яно будзе насычаць мікраарганізмамі зямлю, фарміруючы урадлівы пласт. Вясной вам толькі застанецца прыбраць сукі і рэшткі, што не перагніюць.
Калі не хочацца вазіцца з мульчой, пасадзіце сідзераты.
Сідзераты – расліны, якія вырошчваюцца з мэтай надалей задзейнічаць іх для паляпшэння структуры глебы і ўзбагачэння яе азотам, перашкоды для росту пустазелля.
Але тут неабходна ведаць якія сідзераты падыйдуць для пасадкі той ці іншай культуры ў будучым сезоне. Напрыклад, калі вы надумалі пасадзіць баклажаны, найлепш выкарыстайце на зіму люпін ці канюшыну, для кабачкоў падыйдуць гарчыца, авёс, віка, гарох ці аднагадовы люпін, капуста таксама любіць аднагадовы люпін, канюшыну, сою, чачавіцу, але не пераносіць гарчыцу, рэдзьку маслянічную, рапс, для бульбы і морквы наадварот жа, пасейце ўсе гэтыя седзераты, але не выкарыстоўвайце сланечнік.
Уцяпліце дрэвы і абараніце іх ад грызуноў
Сад таксама патрабуе догляду па восені, дрэвы трэба абрэзаць і абараніць ад шкоднікаў.
Абрэзка ў садзе праводзіцца санітарная – выдаляюцца ўсе слабыя, скрыжаваныя пабегі, зламанае ці высахлае сучча. Такім чынам вы застрахуецеся ад хвароб і шкоднікаў.
Перш за ўсё, ўважліва агледзьце дрэва, вызначыце, які галінкі трэба выдаліць, а якія працягнуць фарміраваць крону. Для невялікіх, да 26 міліметраў, сучкоў можна выкарыстоўваць секатар, для больш тоўстых – да 40 міліметраў, скарыстайцеся сучкарэзам. Абавязкова апрацуйце зрэзы на дрэвах садовым варам. Абрэзку лепш праводзіць да першых замаразкаў у лістападзе.
Не забывайце аддзячыць дрэвы за ўраджай – падкарміце іх фосфарна-калійнымі ўгнаеннямі, але без утрымання азоту. Звычайна ўгнаенні ўносяцца пад карэнні, але ад іх віду – вадкія ці сухія, залежыць спосаб.
Калі вы выбралі вадкія, то ў прыствольным крузе зрабіце некалькі канавак (чым больш, тым лепш) і паліце іх. Для ўнявення сухога ўгнаення давядзецца зняць 1-2 сантыметры зямлі, раўнамерна размеркаваць угнаенне і засыпаць яго зямлёй.
Садаводы раяць па восені аддаваць перавагу другому спосабу, бо карэнні дрэваў будуць паступова ўбіраць яго разам з дажджамі і талым снегам. Вадкія больш эфектыўныя вясной і летам.
Уцяпліце лістотай карэнне дрэваў, акуратна размеркаваўшы іх у прыствольным крузе. З гэтай мэтай можна выкарыстоўваць не толькі лісце, падыйдуць любыя матэрыялы акрамя саломы і сена, бо у іх любяць завесціся мышкі.
На зіму варта абараніць ствалы малады дрэваў ад грызуноў. Дзеля гэтага можна скарыстацца спецыяльнай сеткай ці прыроднымі матэрыяламі – лапінкамі елкі, якія будуць прапускаць паветра і не створаць парніковага эфекту. Можна прывязаць да ствалоў галінкі палыну, пах якога не пераносяць зайцы і мышы.
Гэтыя работы лепей праводзіць позняй восенню, перад першымі сур'ёзнымі замаразкамі.
Не паліце смецце – гэта шкодна
Не абыйдзецца на ўчастку і без навядзення глабальнай уборкі. На жаль, у шэраг рознага хламу патрапляюць і арганічныя адходы – лістота і скошаная трава, якія мы тут жа бярэмся спальваць. Чаго катэгарычна рабіць нельга!
Лісце выконвае функцыю прыроднага фільтра. Ачышчаючы паветра ад забруджвання, дрэвы накопліваюць шкодныя рэчывы ў кроне, у тым ліку і цяжкія металы. Пры гарэнні ў паветра патрапляюць таксічныя рэчывы, вельмі шкодныя для чалавечага арганізму, асабліва небяспечныя для дзяцей і сталых людзей з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Акрамя таго, змаганее з сухой пажоўклай травой дзедаўскім спосабам – выпальваннем – даўно прызнана неэфектыўным і нават небяспечным. Менавіта гэта найбольш частая прычына асенніх палаў, якія прыводзяць да пашкоджання маёмасці і нават чалавечых ахвяр.
Вельмі часта ў кучу з арганікай патрапляюць і пластыкавыя адыходы, якія таксама выдзяляюць таксічныя рэчывы пра кантакце з агнём.
Найлепшым выйсцем будзе знайсці ўсяму сваё месца. Лістоту, якая застанецца ад мульчы, закідвайце ўкампост, туды ж адпраўляйце скошаную траву. Дробнае галлё можна пусціць на мульчу, у кампост ці выкарыстоўваць у якасці распальвання печкі, мангала.
Усё астатняе смецце максімальна разсартыруйце. Тое, што можна, адпраўце на перапрацоўку, астатняе – на сметнік.