Зялёны партал працягвае знаёміць з арганізацыямі-таварышамі Зялёнай сеткі.
Аб'яднанне ўтварылася ў 2015 годзе на фоне тэмы несанкцыянаваных звалак і актыўнага ўдзелу ў акцыі па ўборкам ''Зробім!''
''Напачатку сваёй актыўнасці мы сутыкнуліся з праблемай несанкцыянаваных звалак у месцах масавага адпачынку людзей на прыродзе, у сельскай мясцовасці, а таксама на гарадскіх зялёных тэрыторыях. Нас гэта хвалявала. Арганізацыя прыборак падалася найпрасцейшым механізмам вырашэння праблемы. Падумалі, чаму б не ўключыцца ў гэты рух, стаць часткай чагосьці, даведацца новае для сябе'', – прыгадвае старшыня праўлення аб'яднання Рыгор Цярэньцеў.
Ідэя стварыць афіцыйную структуру бачылася як, бадай, найбольш эфектыўны механізм дзейнасці, рост самых актывістаў, як каманды, магчымасць працаваць і камунікаваць з дзяржаўнымі органамі і выходзіць на міжнародны ўзровень.
''На жаль, звычайнай ініцыятыве, актывісту ці гараджаніну цяжэй прасоўваць нейкія змяненні, нават на лакальным узроўні'', – тлумачыць Рыгор.
Звалкам і адыходам бой!
Сёння барацьба з несанкцыянаванымі звалкамі і арганізацыя мясцовых акцыій па ўборкам – застаюцца аднымі з стратыгічных накірункаў працы «Часу Зямлі». Бо уборкі, на думку Рыгора, бадай, самая карыснае і прывабнае мерапрыемства, здольнае закрануць адразу некалькі аспектаў: вырашэнне экалагічнай праблемы тут жа на месцы і прыцягненне дзеля гэтай мэты грамадзян.
У 2017 годзе аб'яднанне правяло акцыю ''Знаходзь, фіксуй, дзейнічай'', дзе сіламі грамадскага руху ''Зялёны дазор'' удалося правесці маніторынг месцаў і выявіць 21 буйную звалку смецця.
Як адзначае Рыгор, утвораны яны былі не толькі па віне звычайных людзей, але і дзяржаўных структур – жыллёва-камунальнымі службамі, што па сутнасці сваёй дзейнасці якраз павінны займацца правільнай арганізацыяй смецця на мініпалігонах.
''Кампанія правяла да маштабнай праверкі мініпалігонаў па ўсёй вобласці. Дзякуючы чаму Брэсцкі камітэт прыродных рэсурсаў выявіў шэраг сістэматычных парушэнняў больш, чым на 40 палігонах.
На наш погляд, пакаранне павінны несці ўсе: грамадзяне, якія смецяць у наваколлі і дзяржаўныя структуры, што дазваляюць сабе такога кшталту парушэнні. Пры ўсім, што тым жа камунальным службам выдзяляюцца сродкі на арганізацыю правільнага збору адходаў, а пасля яшчэ – на ліквідацыю звалак'', – зазначае Рыгор.
Аднак, як бачыцца кіраўніку аб'яднання, праблема крыецца ў адсутнасці правільна арганізаванай сістэмы збору адходаў у невялікіх населеных пунктах, а таксама ў неабходнасці інфармацыйнай работы з насельніцтвам.
З гэтай нагоды ў рамках кампаніі “Час Зямлі” распаўсюджвала ўлёткі з алгарытмамі дзеянняў: што неабходна рабіць, калі вы знайшлі звалку. Пасля гэта акцыі ў аб'яднанне звярнулася мясцовая жыхарка вёскі Астрамечава, якая паведаміла пра скіды адыходаў мясцовай зверафермы непасрэдна ў лес.
''Праблема была ў старой і разбуранай лагуне. Мы накіравалі зварот з зафіксаваным парушэннем у камітэт прыродааховы. У выніку парушэнне ўдалося выправіць: сельскаму вытворчаму каператыву пабудавалі новую лагуну'', – прыгадвае Рыгор.
Грамадзяне, не праходзьце міма!
Працу з насельніцтвам аб'яднанне праводзіць не толькі для фіксацыі праблем, але і для прыцягнення іх да прыняцця эказначных рашэнняў.
Як прыклад, Рыгор прыводзіць збор меркаванняў брэстчан па карэкціроўцы генплана горада.
''У гарвыканкаме мы ўзялі анкету, што была распрацавана галоўным архітэктарам і перавялі яе ў электронны выгляд. Праз сацыяльныя сеткі пачалі збіраць інфармацыю наконт таго, якім людзі бачаць горад, дзе і чаго ім не хапае ці хочацца ўбачыць.
Такім чынам мы хацелі прыцягнуць гараджан да ўдзелу ў грамадскіх працэсах, каб яны думалі і цікавіліся сваім горадам. Каб не здарылася такога, што прыедуць высякаць чарговую зялёную зону, а людзі толькі ачунялі'', – падкрэслівае Рыгор.
З улікам першага досведу грунтоўнага аналізу людзскога меркавання ўдалося сабраць 133 анкеты, што, лічыць Рыгор, зусім не дрэнна.
Зялёны канцэпт развіцця горада
Брэст па праву можа ганарыцца такім прыродным рэсурсам, як зялёныя зоны. Аднак з імі ў горадзе склалася парадаксальная сітуацыя. Лакальныя тэрыторыі спальных раёнаў найчасцей вельмі недагледжаныя. Тут мусяць суседнічаць аматары адпачынку з моцнымі напоямі і бацькі з дзецьмі. А гарадскія паркі знаходзяцца на прыстойнай адлегласці для сталых людзей ці сямей з каляскамі.
''Па нашай задуме ў кожнага жыхара з'явіцца зялёная зона крокавай даступнасці, што будзе арганізавана па прынцыпах натуральнасці, а не ўкатаная ў асфальт. У іх будзе нешта ўнікальнае, арт-аб'екты, лавачкі – яны ператворацца ў цэнтр мікрараёну, дзе будуць праходзіць разнастайныя фестывалі, святы, майстар-класы'', – зазначае Рыгор.
На адной з такіх тэрыторый, дзе партнёрам выступае адна з сярэдніх школ, мусіць з'явіцца ''Школа дрэва''. Плануецца вырабіць спецыяльныя таблічкі, на якіх проста, даступна і крэатыўна будзе распавядацца пра кожнае зялёнае насаджэнне.
У цэлым жа, канцэпцыя мусіць пераўвасобіцца ў зялёны каркас горада. З часам, спадзяецца Рыгор, зялёныя зоны атрымаецца аб'яднаць маршрутамі-калідорамі, праз якія будзе праходзіць сетка веладарожак.
З надзеяй на будучыню
Неад'емным кампанентам дзейнасці моладзевага аб'яднання ''Час Зямлі'' стаў адукацыйна- асветніцкі накірунак.
Арганізацыя на пастаяннай аснове ладзіць ''Школу экалагічнага актывіста''. Таксама каманда “Часу зямлі” працуе са студэнтамі. Каб тыя ў будучым маглі працягваць развіваць тэму аховы навакольнага асяроддзя, экапрыязнага ладу жыцця, самастойна арганізоўваць акцыі па месцу жыхарства ці адпрацоўкі.
''Такім чынам, будзе перадавацца эстафета, фарміравацца пакаленне за пакаленнем экаасэнсаваных людзей. Вось такая цэлая схема па захопу света'', – смяецца хлопец.
У аб'яднанне можна звярнуцца з любой экалагічнай праблемай. Нават калі вам не змогуць дапамагчы сіламі каманды, то абавязкова знойдуць спецыяліста, які паспрыяе вырашэнню пытання.
''Калі вы актыўныя, гатовыя штосьці рабіць ці ўжо робіце, мы будзем рады вам дапамагчы'', – кажа Рыгор.
Таму можна смела станавіцца валанцёрам, аб'яднання, прымаць актыўны ўдзел у акцыях і мерапрыемствах, прапаноўваць свае ідэі, сваю дапамогу і не сароміцца прасіць яе пры неабходнасці.
Кантакты:
Рыгор Цярэньцеў +37529 261 73 72 (МТС)
Сацыяльныя сеткі:
Суполка facebook
Супорка Вконтакте
Суполка Instagram