06.02.2015 / 18:02

З першых вуснаў – пяць адказаў на пытанні аб смецці, якія вас хвалявалі, і расповед аб тым, як чыноўнікі змагаюцца з горамі смецця на палігонах.
 

Чыноўнікі ўздыхаюць: у нас - 14, у іх - 41,3% Штогод у Беларусі ўтвараецца 4 мільёны тон камунальных адходаў. 14% з іх было перапрацавана ў 2014 годзе. Аб гэтым паведамілі чыноўнікі падчас прэс-канферэнцыі на тэму абыходжання з адходамі. У той жа час, як было сказана на сустрэчы, за 2012 год па ЕС сярэдняй лічбай было 41,3% перапрацоўкі.

"На жаль, да гэтага часу асноўным спосабам абыходжання з камунальнымі адходамі было захаванне на палігонах, - кажа Галіна Міхалап, намесніца кіраўніка аддзела абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. - Эканамічны складнік не палягае толькі ў выручцы ад рэалізацыі  другаснай сыравіны ў выглядзе ПЭТ-бутэлькі ці макулатуры. Напрыклад, 1 тона макулатуры эканоміць 16 кВт электраэнергіі ці эканоміць 4 кубічныя метры драўніны. І што тут, эканоміка ці экалогія?".

І ў якасці новага кроку да павелічэння колькасці перапрацоўваемых другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР) на прэс-канферэнцыі абвясцілі "Рух "Мэта 99".

"Гэта нефармальнае аб’яднанне грамадзянаў, якія падзяляюць ідэю клопату аб навакольным асяроддзі", - пракаментавала Наталля Грынцэвіч, дырэктар установы "Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў".

Таксама ўдзел у сустрэчы прынялі Анатоль Шагун, намеснік міністра ЖКГ, Павел Семянюк, гендырэктар ДА "Белрэсурсы", і Аляксандр Кірпічнік, гендырэктар ААТ "БелВТІ".

Па сутнасці ідэя "Руху "Мэта 99" больш падобная не да ідэі ўтварыць моцную супольнасць экаактыўных грамадзянаў, а хутчэй да брэнду з мэсэджам "Збіраць другасныя матэрыяльныя рэсурсы – добра і правільна". На сайце руху патлумачана, што пасільны ўклад кожнага з грамадзянаў – сартаваць адходы, а ў СМІ будзе ісці інфакампанія. Дарэчы, на цэтлік "Далучыцца" на галоўнай старонцы, пазначыўшы сваё імя, ужо націснулі 2306 чалавек.

Праўда, самі чыноўнікі, як высветлілася на прэс-каферэнцыі, не заўсёды сартуюць смецце: асобна пластык ці шкло, але адзін з прысутных нават прызнаўся, што карыстаецца смеццеправодам.

Топ-5 фактаў аб адходах у Беларусі

Шмат увагі было нададзена сітуацыі з адходамі ў краіне, і не скласці топ тэмаў проста нельга:

1. Колькі сабралі батарэек і калі перапрацуюць?

Сабрана ўжо 30 тон, але пакуль іх не перапрацуюць, бо немэтазгодна – трэба 100 тон на год і больш, каб гэта справа стала выгаднай. Таму думаюць над тым, хто б мог перапрацаваць іх за мяжой.

Батарэйкі збіраюць з 2011 году. І вядома, што кожная з іх, не трапіўшы ў адмысловае месца для захоўвання, здольная забрудзіць ртуццю, кадміем, свінцом і іншымі цяжкімі металамі да 20 квадратных метраў глебы альбо 400 літраў вады.

2. Ці праўда, што мы набываем бітыя бутэлькі за мяжой?

І праўда, і не. Карычневы і зялёны шклабой наадварот прадаем, і прыбытак складае пару мільёнах даляраў. А бясколернага за першае паўгоддзе 2014 набылі 5,8 тысяч тон. Шклабой патрэбен для выпуску шклатары, і гадавая патрэба РБ – больш за 130 000 тон. У Германіі 90% сыравіны для бутэлек – шклабой, у нас па тэхналогіі пакуль 60 - 70%.

3. Ці будзем даплачваць у крамах за тару?

Магчыма, над гэтым якраз працуюць. У ідэале хацелі б увесці плату на ўсю шкляную тару, ПЭТ-бутэлькі і на ўсе алюмініевыя ёмістасці, якую можна атрымаць, як у СССР, здаўшы бутэльку. Чыноўнікі лічаць, што гэту сістэму ў РБ фактычна трэба ствараць з нуля.

4. У Еўропе штрафы за несартаванае смецце. Можа, і нам трэба?

У нас ёсць адміністратыўная адказнасць, артыкул 15.63: да 50 базавых велічынь для фізасобаў за несартаванае смецце пры наяўнасці кантэйнераў, калі заўважыць інспектар. Прэцэдэнтаў праўда не было.

Іншая справа, што ў сталіцы інспектар адзін на раён, ды і "нельга аштрафаваць 50% насельніцтва", як кажа нам міністра. Хаця застаўся ў памяці 2007 год, калі штрафавалі ўсіх, і насіць флікер у малых гарадах зрабілі нормай.

5. Дык ці добра ў нас з асобным зборам?

Лепш, чым было, але да Германіі яшчэ расці: у нас 72 500 кантэйнераў для асобнага збору, а ў адным Гамбургу іх 300 000. Праўда, па словах спікераў, нашай працы над праблемай гадоў на 40 менш, чым аналагічнай у Германіі, таму параўноўваць зараз проста нельга.

Ну і на аптымістычнае развітанне – у 2014 годзе колькасць сабраных у РБ ДМР вырасла ў сярэднім на 45% да ўзроўню 2012 году.

Автор:
Фотограф:
Ганна Валынец
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость