Праект закранае тэрыторыю паміж вуліцамі Савецкай Канстытуцыі, Крывашэіна, Маладагвардзейскай, Партызанскім праспектам, Арлоўскай, Гаўрылава і Гродзенскай. Цяпер там праходзіць лінія электраперадачы. Яе плануюць прыбраць і выкарыстаць гэты калідор пад жылую забудову.
Грамадскія абмеркаванні працягнуцца да 13 красавіка. На практыцы гэта азначае, што ў жыхароў ёсць два тыдні, каб выказаць пазіцыю. Калі ўдзелу няма, праект лічыцца ўзгодненым.
Раён «Усход» будаваўся ў канцы 80-х – пачатку 90-х і ўжо сфарміраваўся як жылое асяроддзе з зялёнымі зонамі. Новая забудова змяняе яго шчыльнасць і структуру.
У каментарах жыхары Берасця пішуць пра знішчэнне зеляніны і пагаршэнне ўмоваў жыцця. Узгадваюць старыя дрэвы, у тым ліку дзікую грушу, якой каля 50 гадоў. Пішуць пра недахоп святла ў дварах, рост шуму і знікненне звыклых месцаў для адпачынку і выгулу жывёл.
«Там расце дрэва – дзікая груша. Ёй дакладна гадоў 50. І яе зрубяць… Жудасная ідэя, не падтрымліваю ўсімі рукамі і нагамі. Ужо не ведаюць, куды « уціснуць» гэтыя дамы. Столькі гадоў была гэтая зялёная зона, што цяпер цяжка ўявіць, як яе заменяць бетонныя джунглі. Побач стаяць пяціпавярховыя дамы – яны наогул сонца не ўбачаць. А колькі будзе шуму – я ўжо і не кажу. Сапраўды сумна: усё жыццё гуляла пад гэтымі лініямі, і заўсёды было добра, што «Усход» – адзін з тых раёнаў, дзе шмат зеляніны і дрэў. А цяпер нават гэты маленькі аазіс хочуць забраць пад дамы? Я супраць – пакіньце «Усход» у спакоі», – кажа жыхарка Берасця.
Грамадскі актывіст Ігар Маслоўскі, які займаўся вырашэннем розным праблемаў Берасця, называе праект горадабудаўнічай памылкай. Паводле яго, гаворка ідзе пра занадта шчыльную забудову без базавай экалагічнай інфраструктуры.
«37 панэльных 11-павярховых дамоў – і ніводнай нават невялікай зялёнай зоны. Гэта стварае эфект “цеплавога вострава”: бетон і асфальт назапашваюць цяпло, і тэмпература ў такіх кварталах можа быць на 3–5 градусаў вышэйшая. Узнікаюць праблемы з асвятленнем – дамы будуць закрываць сонца. Дадаецца транспартная нагрузка: больш машын – больш выкідаў, якія застаюцца ў двары і кватэрах», – кажа ён.
Маслоўскі прапануе разглядаць гэтую тэрыторыю як зону для зялёнай рэгенерацыі. Паводле яго, тут маглі б з’явіцца парк або сквер, якія зніжалі б шум і пыл ад дарог. Альбо – кампрамісны варыянт: значна меншая колькасць дамоў з абавязковым стварэннем зялёных зон.
«Калі забудова непазбежная, гаворка павінна ісці пра 10–15 дамоў і як мінімум два паўнавартасныя скверы. Інакш гэта рашэнне, за якое будуць расплачвацца здароўем некалькі пакаленняў», – лічыць ён.