08.01.2015 / 02:01

Еўразвязам і Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя РБ рэалізуецца некалькі праектаў, галоўнымі накірункамі якіх з'яўляюцца: вада, паветра, клімат, адходы, біяразнастайнасць, паведамляе Радыё Свабода.

Мінпрыроды ўжо атрымала $35 мільёнаў на экалагічныя праекты і яшчэ $20 мільёнаў - на стадыі ўзгаднення. Такім чынам у Беларусі пры пасярэдніцтве ААН рэалізуецца пяць сумесных праектаў з сукупным бюджэтам каля $13 мільёнаў. Дадзены старт яшчэ пяці праграмам на суму $7 мільёнаў, а ў перспектыве запланавана выдзеліць Беларусі дадаткова $15 мільёнаў на экалагічныя патрэбы.

На тэрыторыі краіны вядзецца праца па захаванню біяразнастайнасці і сістэме аховы водна-балотных угоддзяў, прадухіленню забруджвання навакольнага асяроддзя нафтапрадуктамі, кіраванню воднымі рэсурсамі і г.д. За еўрапейскія грошы рэалізуецца праект, накіраваны на ачышчэнне ракі Нёман, запланаваныя яшчэ два праекты ў басейне Дняпра. Акрамя таго, бакі працуюць на ўзгадненне беларускага заканадаўства ў галіне прыродакарыстання з еўрапейскай прававой базай. На апошняй стадыі распрацоўкі — праект развіцця ветравой энергетыкі Беларусі.

У Мінпрыроды запэўніваюць, што ў пытаннях захавання экалогіі Беларусь не стартуе з нуля. За апошнія 20 год выкіды ў атмасферу забруджвальных рэчываў скарочаныя больш чым у 2,5 раза. Аб’ёмы забірання вады з прыродных водных аб’ектаў скарочаныя прыкладна на 45%. Значныя сродкі ўкладзеныя ў сістэму біялагічнай ачысткі вады, у тым ліку ў лакальныя ачышчальныя збудаванні — рэканструкцыя існуючых і будаўніцтва новых прыстасаванняў. Палепшылася сітуацыя што да абыходжання з вытворчымі адкідамі: у 2001 годзе Беларусь выкарыстала 15% прамысловых адкідаў, а ў 2010-м гэты паказнік вырас да 40%.

Тым часам Праграма развіцця ААН у Беларусі сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя рыхтуюць да рэалізацыі тры новыя праекты. Адзін з іх звязаны з развіццём ветраэнергетыкі ў Беларусі, каб паспрыяць краіне ў развіцці аднаўляльных крыніцаў энергіі. Гэтая тэма адпавядае прыярытэтам канкрэтнага донара — Глабальнага экалагічнага фонду (ГЭФ). Праектная заяўка ўхваленая, завяршаецца распрацоўка поўнамаштабнага праекту.

Асноўным партнёрам выступае дэпартамент па энэргаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэту па стандартызацыі, выканаўчым агенцтвам — Мінпрыроды. Праект плануецца рэалізаваць на працягу 5 гадоў пры фінансаванні ПРААН і ГЭФ. Яго бюджэт — крыху больш за $3 мільёны.

Яшчэ адзін праект, які рыхтуецца, — "Зялёныя гарады Беларусі". Мэта — падтрымка "зялёнага горадабудаўніцтва" ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі. Ён акцэнтуе ўвагу на пытаннях экалогіі пры планаванні інфраструктуры гарадоў. У рэалізацыю праекта мяркуецца ўкласці каля $13 мільёнаў, з іх $3 мільёны 100 тысяч дасць Праграма развіцця ААН.

Пілотнымі аб’ектамі ў праекце выступаюць Полацк, Наваполацк і Наваградак. У Наваградку на запыт мясцовых уладаў акцэнт робіцца на эканамічнае і экалагічнае асвятленне вуліцаў і грамадскіх месцаў. Полацку і Наваполацку як адзінаму кангламерату дапамогуць стварыць аптымальную транспартную інфраструктуру.

Міністэрствы залежаць ад міжнародных грантаў

Штогод ад структураў Еўразвязу дзяржаўныя міністэрствы і ведамствы атрымліваюць дзясяткі мільёнаў еўра ў якасці "тэхнічнай дапамогі" на ўдасканаленне сваёй дзейнасці. Але прасачыць, наколькі мэтава расходуюцца атрыманыя сродкі, амаль нерэальна — механізмы іх асваення застаюцца маленькім сакрэтам дзяржаўных "грантасосаў". З дапамогай каардынатара таварыства экалагічных арганізацыяў "Зялёная сетка" Яраслава Бекіша паспрабуем разабрацца, як распараджаецца немалымі сумамі адзін з асноўных атрымальнікаў заходняй дапамогі — Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Атрымаць сістэматызаваныя дадзеныя на сайце ведамства немагчыма — у лепшым выпадку постфактум расказваецца пра ход рэалізацыі таго ці іншага праекту, у большасці выпадкаў без падсумавання выдаткаў і ідэнтыфікацыі "донараў". Але, па падліках экспэртаў, адны толькі экалагічныя праекты штогод даюць дзяржаве не меней за 20 мільёнаў еўра. Яраслаў Бекіш кажа майму калегу Ігару Карнею, што насамрэч скласці ўражанне пра маштабы супрацоўніцтва надзвычай складана нават адмыслоўцам:

"Я не маю нічога супраць, каб дзяржава ці хтосьці яшчэ атрымлівалі грошы альбо тэхнічную дапамогу з-за мяжы. Пытанне — наколькі празрысты сам працэс і наколькі эфектыўна сродкі трацяцца? У выпадку з беларускай дзяржавай лічу, што эфектыўнасць надзвычай нізкая, а транспарэнтнасць амаль што роўная нулю. Калі нейкія дадзеныя яшчэ можна атрымаць на сайтах грантадаўцаў — часцей за ўсё Еўрапейскай камісіі, некаторых міжнародных агенстваў, якія працуюць пры МЗС розных краінаў, — то ў Беларусі гэтыя дадзеныя атрымаць, прыкладам, на сайтах міністэрстваў вельмі і вельмі складана. У лепшым выпадку будзе кавалачак інфармацыі, якую немагчыма спраўдзіць. Паказальна, што ў большасці краінаў былога СССР ужо існуе сістэма грамадскага маніторынгу і кантролю сродкаў, якія выдзяляюцца іхнім урадам як у выглядзе грантавай дапамогі, так і крэдытаў. Называецца гэта bank watching. У Беларусі такога пакуль не існуе. Хацелася б, вядома, каб урэшце з'явілася".

Гэта пры тым, удакладняе Яраслаў Бекіш, што, адрозна ад іншых дзяржаўных ведамстваў, Міністэрства прыродных рэсурсаў яшчэ адносна адкрытае — прынамсі, раз на квартал пад кіраўніцтвам міністра збіраецца Грамадска-кансультатыўная рада, на якой можна задаваць пытанні — зразумела, без гарантыі, што атрымаеш на іх адказ. А цана кожнага пытання сапраўды досыць важкая:

"Калі азірацца нават гадоў на 10 у мінулае, у цяперашні час Мінпрыроды мае некалькі беспрэцыдэнтна буйных інфраструктурных праектаў па самай рознай тэматыцы. Як гэта адбываецца? Калі зусім спрашчаць, часцей за ўсё схема такая. Еўрапейская камісія кажа: мы не можам сабе дазволіць наўпрост супрацоўнічаць з беларускім урадам (прынамсі, так было да апошняга часу), таму што вымушаныя ўлічваць такія моманты, як дэмакратыя, правы чалавека, палітзняволеных і г.д. Але ж нейкім чынам асвойваць грошы трэба, і таму знаходзяць варыянты. Як правіла, грошы выдзяляюцца па лініі ААН, на прадстаўніцтва арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь. І ўжо ПРААН, фактычна як пасярэднік, выступае аператарам гэтых праграмаў сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў. Што, зразумела, не радуе Мінпрыроды, бо лішнія пасярэднікі ў такіх выпадках — гэта заўсёды фінансавыя страты".

Нягледзячы на спекуляцыі афіцыйных прапагандыстаў — маўляў, галоўныя "грантасосы" ў Беларусі — палітычныя партыі і "трэці сектар" — насамрэч 90% замежнай дапамогі адрасна выдзяляецца пад праграмы дзяржаўных ведамстваў. Пра некаторыя пад эгідай Міністэрства прыродных рэсурсаў расказвае Яраслаў Бекіш:

"Сумы дастаткова буйныя, гаворка ідзе пра мільёны еўра. У геапалітычным разрэзе гэтыя сумы, вядома ж, не тое што гіганцкія, але калі паглядзець увогуле на баланс сродкаў, якія паступаюць у краіну на розных рэцыпіентаў — грамадзянская супольнасць, грамадскія арганізацыі, палітычныя партыі, пра што любяць гаварыць па тэлевізары, і ўрадавыя структуры — то абсалютна ільвіная доля, больш за 90%, выдзяляецца менавіта на дзяржаўныя праграмы. Пытаецеся, якія праекты? Мне, напрыклад, бліжэй за ўсё цяпер праект, які называецца "Кліма Іст". Ён накіраваны на тое, каб Беларусь і метадалагічна, і метадычна, і з пункту гледжання заканадаўства, пілотных практык была больш падрыхтаваная як да ўдзелу ў міжнародных працэсах на зніжэнне ўздзеяння на клімат і адаптацыю да працэсаў, якія ўжо мяняюцца, так і тэхнічна была гатовая ўкараняць нейкія практыкі. Да прыкладу, у жыллёва-камунальнай гаспадарцы: каб былі больш экалагічна і кліматычна прыязныя і менш энергаёмістыя".

Раз-пораз здараецца "працёк" інфармацыі наконт таго, што еўрапейскія грошы ідуць не толькі на дэклараваныя праекты, але і на тое, каб палепшыць узровень камфорту міністэрскіх работнікаў — прыкладам, на новую мэблю ці нават на службовы аўтамабіль. Ці сапраўды гэта мае месца?

"Я б не сказаў, што гэта нейкая сістэмная рэч, але паколькі ўвесь працэс непразрысты для грамадскасці, адназначна сцвярджаць, наколькі значныя факты такога немэтавага выкарыстання, складана. Я ведаю, што такія выпадкі ёсць. Не магу сказаць, што ведаю пра гэта як пра масавую з'яву, але — бывае, здараецца. Калі гаварыць пра Мінпрыроды, то большая праблема ў тым, што ў Беларусі не існуе, практычна ліквідаваная сістэма ўнутранага міністэрскага фінансавання. То бок раней у гэтага міністэрства быў уласны фонд, які напаўняўся за кошт розных падаткаў, штрафаў, усяго астатняга. Цяпер гэты фонд ліквідаваны, міністэрства пастаўлена ў сітуацыю, калі цалкам залежыць ад цэнтральнага бюджэту, які для іх дастаткова непрадказальны. То бок кожны год ім складана планаваць на год наступны, бо невядома, што будзе з бюджэтам. Ну, і таксама яны залежаць ад міжнародных грантаў. У размовах, у прыватнасці, з міністрам прыродных рэсурсаў увесь час прабіваецца, што гэта іх кроўныя грошы і інфармацыю пра тое, як яны атрымліваюцца і расходуюцца, ім было б невельмі прыемна распаўсюджваць".

Па словах Яраслава Бекіша, фактычна ведамствы з пераліку заходніх грантаатрымальнікаў негалосна кінутыя на гасразлік: маўляў, выбівайце грошы і самастойна латайце свае дзіркі. Таму немалая частка сродкаў банальна ідзе на тое, каб плаціць заробкі супрацоўнікам:

"Калі вы гаворыце пра нейкія факты немэтавага расходавання, то ў асноўным яны расходуюцца мэтавым чынам. Іншая справа, што нестабільная, неўстойлівая сістэма фінансавання прыводзіць да таго, што міністэрства не можа сабе дазволіць адэкватна аплачваць працу супрацоўнікаў, асабліва ў рэгіёнах. Таму там вялікая цякучка кадраў, вялікія праблемы з прафесіяналізмам, з падвышэннем кваліфікацыі. Адным словам, у выніку, калі прыходзіць замежны грант, то па дакументах ён нібыта сапраўды траціцца мэтавым чынам. А фактычна большая яго частка ідзе проста на латанне дзірак, на тое, каб заплаціць сваім людзям, на заробкі якім больш няма адкуль узяць грошы. Гэта, канечне, вельмі дрэнна. Але я не магу тут абвінаваціць канкрэтна кіраўніцтва Мінпрыроды. Уся сістэма досыць хісткая ў гэтым сэнсе. Думаю, тое ж самае можна назіраць і ў іншых, неасноўных ведамствах. У міністэрствах энергетыкі ці прамысловасці — яшчэ сюды-туды. А вось такія, як Мінпрыроды, Мінздраў — у іх з грашыма вялікія праблемы. І я магу зразумець іх сітуацыю, досыць праблематычную".

Каб ліквідаваць дыспрапорцыю на карысць дзяржаўных грантаатрымальнікаў, пад дахам шэрагу ведамстваў заснаваныя падстаўныя "грамадскія структуры", якія пакліканыя стварыць уражанне ўдзелу ў асваенні заходніх грошай "недзяржаўнымі арганізацыямі". Як кажа Яраслаў Бекіш, у Еўропе нешта падобнае было запачаткавана яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя. Пазней такі падзел паўнамоцтваў паміж дзяржаўнымі структурамі і іх сатэлітамі атрымаў у расейскамоўным варыянце абрэвіятуру "ГоНГО" — "государственные негосударственные организации". З той толькі розніцай, што калі тады ўся дзейнасць была пад кантролем грамадскасці, то ў цяперашняй Беларусі нічога падобнага няма.

Автор:
Фотограф:
Ганна Валынец
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость