Бясплатныя кірмашы ўжо сталі звыклай падзеяй для мінчан. Кожны раз бескаштоўнае мерапрыемства ператвараецца ў месца сустрэчы людзей з магчымасцямі і людзей з патрэбамі. Такі падыход транслюе каманда Freemarket'а наведвальнікам кірмашоў, сваім прыкладам паказваючы, што чалавечыя стасункі не абавязкова мусяць грунтавацца на фінансавай выгадзе і культуры спажывання.
Звычайна бясплатныя кірмашы прысвечаныя як пэўнай тэме, так і канкрэтнай катэгорыі рэчаў. Аднак на гэты раз каманда Freemarket'а вырашала правесці вялікі кірмаш, аб'яднаўшыся з сэрвісам Культ.цэнтра "Корпус" — Rapair Cafe — у якасці паслуг.
Таму з сабой людзі маглі прыносіць кнігі, вопратку, абутак і разнастайную карысную дробязь, а таксама нерабочую тэхніку, электронныя аксэсуары.
І пакуль тэхнікай займаліся майстры з паяльнікамі і кусачыкамі, наведвальнікі маглі прагуляцца паміж сталамі і вешалкамі з адзеннем, ці атрымаць бескаштоўную кансультацыю ад праваабаронцы Насты Лойка.
Між тым бясплатныя кірмашы — гэта не месца, дзе можна проста "скінуць" дрэннае і заношананае адзенне, зламаныя і ўжо не патрэбныя ні вам і нікому рэчы.
Звычайна Freemarket'ы ладзяцца дзеля таго, каб людзі вучыліся культуры ўзаемадапамогі і супрацы, знаходзілі сапраўды неабходныя рэчы ці паслугі, а не вытрачвалі на гэта дадатковыя намаганні, фінансы і рэсурсы.
Да ўсяго па сваім жаданні і сілах любы чалавек здольны паспрыяць правядзенню бясплатнага кірмаша, прапанаваўшы сваю дапамогу ў якасці валанцёра ці рэалізатара якога-небудзь сэрвіса.