Тры прычыны пачаць фатаграфаваць насякомых
Па-першае, гэта захапляльная і пазнавальная справа. У працэсе стварэння кадра ты дакранаешся да цэлага таямнічага свету, які мы пакуль яшчэ слаба ведаем, не разумеем, ці наўпрост не заўважаем. Хіба што толькі адмыслоўцы пра гэта разумеюць больш. А гэты свет жа амаль кожны дзень побач з намі! Ня дзіўна, што часта чую ад іншых людзей пасля прагляду маіх здымкаў прыкладна наступныя словы: «Гэта ў нас, у Беларусі такое ёсць?» У такія моманты разумееш, што працуеш не дарма.
Па-другое, многіх насякомых, асабліва павукоў, несправядліва лічаць агіднымі ці страшнымі, прывучаючыся да гэтага з самага дзяцінства. Таму праз здымкі стараюся знішчыць гэты міт. Ці можна, напрыклад, вось гэтага павука-крыжавіка або павука-асу назваць непрыгожымі?
У жарт, а можа з доляй сур’ёзу мяркую, што яны на нас глядзяць з такой жа незразумеласцю, як і мы на іх…
І канешне, ёсць яшчэ трэці — эстэтычны бок. Хто хоць раз у жыцці не захапляўся прыгажосцю матылькоў ды жукоў?
У любым выпадку, калі вы таксама наважыліся дакрануцца да гэтага свету, трэба будзе ўлічыць некаторыя асаблівасці і цяжкасці.
Часам і макрааб'ектыў не дапаможа
Як заўсёды, шмат што вырашае камера. Адразу добрая навіна — рабіць здымкі макра магчыма нават з не вельмі дарагой тэхнікай, бо звычайна прыблізіцца да аб’екта здымкі не выклікае праблемы. А калі ў вас усё ж камера тыпу люстэркалкі — не пашкодзіць набыць макрааб’ектыў.
Але насуперак многім плюсам і ён можа ў пэўных выпадках не мець ніякай карысці. Бо нават сярод насякомых ёсць прадстаўнікі, якія не любяць блізкай чалавечай прысутнасці. Асабліва так здараецца пры здымках стракоз і матылькоў. Наблізіцца да іх блізка часам сапраўды вельмі складана.
І тут на дапамогу прыйдзе аб’ектыў-тэлевік з функцыяй макра. Паспрабуйце калі-небудзь проста наблізіцца вельмі блізка, напрыклад, да вось гэтай рашэцістай страказы. Вялікая верагоднасць, што атрымаецца не адразу…
Калі і дзе шукаць мадэлек для здымак
Шукаць аб’екты для здымкі лепш у сонечны дзень і цёплае надвор’е, калі насякомыя ды павукі найбольш актыўныя. Але часам і дрэннае надвор’е можа нечакана паспрыяць і дадаць вашым здымкам дадатковы бонус. Як атрымалася вось з гэтай агеленай лабірынтавай.
Варта таксама ўлічыць асаблівасці вашага рэгіёну здымкаў і сезон. Бо віды часта прывязаны да сваіх канкрэтных біятопаў і з’яўляюцца строга ў пэўны перыяд вясны, лета або восені. Таму перад выхадам пажадана аб гэтым пацікавіцца. Напрыклад, зняць матылька паўлінавае вока дзённае можна на працягу ўсяго цёплага перыяду года, майскія хрушчы з’яўляюцца ў траўні.
А вось зняць звычайнага багамола больш шанцаў у першай палове восені, падчас іх масавага з’яўлення.
Наконт таго, дзе шукаць сваіх мадэлек. І тут зноў добрая навіна. Не абавязкова дзеля гэтага кудысьці далёка выбірацца. Дастаткова падысці да бліжэйшага кветніка, куста, дрэва ці густой расліннасці і ўважліва прыгледзецца. Асабліва гэтая парада актуальная для пачаткоўцаў.
А калі ёсць жаданне зняць нешта больш рэдкае і ўнікальнае, тады сонечныя ўзлескі, лясныя паляны, берагі вадаёмаў ды адкрытыя палі чакаюць вас.
Што ўскладняе працэс фатаграфавання
Ускладняюць працэс здымкі і асаблівасці паводзін насякомых ды павукоў. Добра, калі ваш аб’ект асабліва не спяшаецца уцячы, як напрыклад, гэты вялікі вярбовы вусач.
Іншая справа — вельмі актыўныя насякомыя. Гэта датычыцца матылькоў ды стракоз. Напрыклад, каб у ваш кадр трапіла вось гэтае сіняе карамысла, давядзецца набрацца цярпення. Узняўшыся ў паветра адзін раз, яны могуць гадзінамі (!) лётаць вакол вас кругамі і не прысядаць на адпачынак надоўга.
Яшчэ адна праблема, з якой абавязкова давядзецца сутыкнуцца — правільнае вызначэнне знятых вамі аб’ектаў. Заўсёды хочацца даведацца, хто трапіў у ваш кадр. Для гэтага існуюць розныя вызначальнікі ў выглядзе кніг і электронных рэсурсаў. Але важна памятаць наступнае. Далёка не кожны від магчыма вызначыць па фотаздымку. Сярод насякомых ды павукоў шмат відаў-двайнікоў, якія не толькі знешне падобныя, але і сустракаюцца ў адным і тым жа месцы. Аднаго фота для поўнага вызначэння бывае не дастаткова. Будзьце гатовы, што многія віды будуць вызначаны толькі да роду ці сямейства.
У якасці прыкладу вось вам дзве страказы. Знешне вельмі падобныя. Толькі дробныя дэталі (розны характар афарбоўкі ног у дадзеным выпадку) укажуць на розную відавую прыналежнасць — страказы крывава-чырвонай і страказы звычайнай…
І апошняе. Добра, калі вы здымаеце днём, не спяшаючыся, пры святле сонца. А як наконт здымкі начных макрааб’ектаў? Што і як увогуле можна сфатаграфаваць у начны час? Пра гэта ў наступны раз.