11.09.2019 / 12:09

Дзікіх коняў бачылі? А яны ў Беларусі ёсць, прычым зусім недалёка ад сталіцы — у Налібоцкай пушчы. Нядаўна сюды з Нідэрландаў перавезлі 151 асобіну пароды Konik — дымчастых, невысокіх, магутных, з густой грываю. Кажуць, на такіх калісьці ездзіла войска князя Вітаўта. Зараз на іх ускладаюць зусім іншую функцыю — аднавіць лугавую экасістэму.

"Бачыце воблака шызее? Вось там яны стаяць", — паказвае на поле за хмызняком дырэктар заказніка "Налібоцкі" Васіль Гуркоў, маючы на ўвазе статак Konik'аў.

Ён праводзіць журналістаў уздоўж "штучных" пашаў. Палі былі спецыяльна створаны ў рамках праекта Глабальнага экалагічнага фонду на тэрыторыі ў 150 гектараў для ўтрымання папуляцыі зуброў у межах заказніка.

У цэлым Налібоцкая пушча — унікальны прыродны комплекс плошчай 90 000 гектараў, геаграфічна размешчаны ў двух абласцях — Мінскай і Гродненскай. Большую яго частку – 70 000 гектараў – займаюць лясы, што захаваліся ў старажытных контурах.

"Так, мы не можам назваць яго сёння рэліктавым. Лес вельмі жорстка эксплуатаваўся да Другой Сусветнай вайны, у час і пасля, калі неабходна было аднаўляць Рэспубліку Беларусь", — распавядае Васіль Гуркоў.

З 1994 года на тэрыторыю заказніка былі вернуты зубры. Ад пачатку завезлі 17 асобін, сёння іх налічвацца каля 100. Аднак праз адсутнасць палявых угоддзяў статак жывёл стаў разбівацца на больш дробныя і распаўсюджвацца ў бок Наваградка і Карэліч. Такое суседства не зусім прыемнае для населеных пунктаў, жывёлы шкодзяць сельскагаспадарчым землям, а таксама ствараюць небяспеку для дарожнага руху на гродненскай трасе.

З гэтай нагоды было вырашана ажыццявіць праект па стварэнні пашаў, якія б служылі кармавой базай для зуброў і аленяў. І, як зазначае дырэктар заказніка, ужо можна з упэўненасцю сказаць, што жывёлы аблюбавалі гэтыя мясціны.

Разам з тым узнікла патрэба зрабіць сістэму ўстойлівай і самарэгуляванай, каб жывёлы маглі падтрымліваць пашы ў прадуктыўным стане і без удзелу чалавека карміцца працяглы час.

 

Жывыя газонакасілкі

Нечакана рашэнне задачы знайшлося: вярнуць тарпанаў у Налібоцкую пушчу. Па словах Васіля Гуркова, 400 год таму коні жылі ў заказніку і экасістэме якраз неставала іх у харчовым ланцужку.

Паспрыялі аднаўленню папуляцыі дзікіх коней калегі з Дзяржаўнай службы лясоў Нідэрландаў. Па першапачатковай дамоўленасці ў заказнік "Налібоцкі" павінна было пераехаць 50 асобін пароды Konik, а аднак па выніку атрымаўся статак у 151 галаву.

Konik — польская парода небуйных коняў, якія лічацца блізкімі па сваім фенатыпу да тарпана — дзікага ляснога каня, якія быў канчаткова вынішчаны ў XIX стагоддзі.

Коней перадаў адзін з нідэрландскіх запаведнікаў, дзе праз адсутнасць натуральных драпежнікаў пачаліся праблемы з рэгуляцыяй колькасці.

"Галандцы адсартавалі статак па сем'ях па 3-12 асобін, і так перавозілі іх спецыялізаванымі грузавымі аўтамабілямі. На кожную жывёлу зроблены пашпарт з усімі дадзенымі: дата нараджэння, аналізы і чыпы", — распавядае Васіль Гуркоў.

Зараз коні знаходзяцца на каранціне пад пастаянным назіраннем, у тым ліку валожынскай ветстанцыі. І так будзе да 22 кастрычніка, пасля чаго іх выпусцяць на волю, даўшы магчымасць свабодна перамяшчацца па ўсёй тэрыторыі пашаў. З гэтага моманту яны цалкам пачнуць належыць заказніку "Налібоцкі".

"Мы разлічваем на іх як на асноўны кампанент самарэгулюемай устойлівай экасістэмы. Гэта значыць, што яны будуць падтрымліваць пашы ў высокапрадуктыўным стане, не даючы ім зарастаць. Што дазволіць багата харчавацца зубрам і аленям, — тлумачыць экасістэмнае прызначэнне Konikаў Васіль Гуркоў.

Па просту кажучы, коні будуць выконваць функцыю газонакасілак".

Адаптацыя жывёл праходзіць добра – у іх нават нарадзілася жарабя, якое мае ўжо беларускае грамадзянства, жартуе дырэктар. Магчыма, неўзабаве статак павялічыцца яшчэ на некалькі галоў.

Згодна з умовамі дамовы з нідэрландскім бокам, коні будуць ўласнасцю прыроднага комплекса, але іх нельга выкарыстоўваць у гаспадарчай і эканамічнай дзейнасці. Забараняецца спецыяльнае кармленне жывёл (выключэннем можа быць прафілактычная падкормка ў зімовы перыяд), наўмысная барацьба з драпежнікам і аказанне ім ветэрынарнай дапамогі. Такім чынам, коні мусяць выжываць самастойна, як любая дзікая жывёла ў натуральных умовах.

За парушэнне тых ці іншых пунктаў прадугледжанны штрафныя санкцыі  ў дачыненні да заказніка – 1000 еўра за адну асобіну.

Што ж тычыцца рэгулявання колькасці, то ў працэс, упэўнены начальнік паляўнічай гаспадаркі Мінлесгаса Аляксандр Казарэз, абавязкова ўключацца ваўкі, якія спакушаюцца нават на зубра. А вось той жа мядзведзь наўрадці зможа глабальна паўплываць на папуляцыю, бо не з'яўляецца тыповым "паляўнічым" на такога кшталту жывёл. Хаця, па словах чыноўніка, ужо прыходзіў цікавіўся навасёламі, як бачна на здымках з фоталавушкі. Перажываць, што ваўкі пераб'юць ўсіх коняў, таксама не варта.

"Нягледзячы на свае мірныя паводзіны, якія мы зараз можам назіраць, яны дастаткова агрэсіўныя. Жарабцы, абараняючыся, здольны забіваць драпежніка. Маюцца публікацыі і сведчанні, што коні Пржевальскага [падвід дзікага каня, — дадатак аўтара] мэтанакіравана высочваюць ваўкоў і знішчаюць яго", — сцвярджае ён.

 

Пачатак беларускай папуляцыі

"Тарпанавідныя коні — спрадвечна наш абарыгенны від, што паходзіць ад ляснога тарпана. Яны былі штучна адноўлены з рэшткаў коняў, што адлоўлены і сабраны ў мясцовага насельніцтва ў ваколіцах Белавежскай пушчы. І з'яўляюцца нашчадкаім па фенатыпу статкаў, якія фармавалі пашы для раслінаядных жывёл у старажытнасці.

Таму вяртанне гэтага віда будзе спрыяць аднаўленню лугавых экасістэм, на якія апошнім часам траціцца вельмі шмат сродкаў: на тэхніку, паліва, людскія рэсурсы. Тут жа, сыходзячы з замежнага досведу, усё можа падтрымлівацца само", — дае навуковае абгрунтаванне ўключэнне дзікіх коняў у трафічныя ланцужкі Васіль Шакун, загадчык лабараторыі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсам.

Да ўсяго, коні ў сваіх павадках вельмі кансерватыўныя, што гарантуе адсутнасць іх міграцыі на ўчасткі да людзей, у адрозненні ад зуброў.

Па разліках, якія былі праведзены спецыялістамі з улікам агульнай плошчы ўгоддзяў для камфортнага існавання жывёл і экасістэмы, папуляцыя Konik’аў можа разрасціся да 1000 галоў. Гэта дазволіць cфарміраваць з іх племянны статак для стварэння новых папуляцый і рассялення на іншыя тэрыторыі, дзе патрэбна вычышчэнне ад зарасніку.

"Пойма Прыпяці зарастае, існуюць праблемы па Дняпры. Раней гэта ўсё выкашвалася і выкарыстоўвалася пад пашы. Кожная сям'я мела карову, на якую трэба было назапасіць сена, сама жывёла знаходзілася ў пойме. Адтаго яны былі чыстымі, птушак шмат было і разнастайнасць. Цяпер жа гэта ўсё дэградуе, атрымоўваюцца закінутыя землі", — кажа спецыяліст.

Прайшло ўсяго некалькі тыдняў, але ўжо бачна, як коні ўплываюць на экасістэму: візуальна луг больш чысты, з сакавітай травой, у параўнанні з тымі, дзе пакуль валадараць толькі зубры і алені.

 

Белая варона ў статку

Нават нявопытнае вока вычэплівае са 150 галоў маладога жарабца. Памерамі і статнасцю ён нічым не адрозніваецца ад субратоў, але па-здрадніцку заўважная рудая афарбоўка, што хутчэй кажа пра набліжанасць да хатняга, чым дзікага каня.

"Наколькі нам вядома, гэта адзін з членаў апошняга табуна, які адлавілі. Бо самай галоўнай мэтай было не разбіваць сфарміраваныя сем'і, бо гэта негатыўна адбіваецца на развіцці статку ў далейшым", — тлумачыць Васіль Шакун.

Дырэктар заказніка і спецыяліст Акадэміі навук не ўтойваюць, што ў будучым жарабца давядзецца вымаць з папуляцыі. Відавочна, адбудзецца гэта пасля сканчэння каранціна. Мера абумоўлена тым, што конь малады, здольны зфарміраваць сваю сям'ю і перадаць адрозненні нашчадкам.

"Будзем звяртацца па рэкамендацыі да Акадэміі навук. Бо ў нас мусяць быць тарпаны, а не хатнія коні, — падкрэслівае Васіль Гуркоў.

Паразмаўляем з галандцамі, магчыма перададзём яго якому-небудзь фермеру ў якасці цяглавай сілы".

Больш вясёлыя перспектывы для жарабца бачыць навуковец, які хутчэй бы разглядаў яго "кліентам" заасаду ці заапарку. Бо, нягледзячы на досвед мінулага па прыручэнні дзікіх коняў, не ўсе з іх прыдатны для працы.

 

Бонусам глушчы

Яшчэ адзін праект, якім можа пахваліцца заказнік "Налібоцкі" — цэнтр па аднаўленню глушцоў. Ідэя яго стварэння ўзнікла праз агульную прыгнечанасць папуляцыі птушак. У Налібоцкай пушчы іх налічваецца усяго 200-220 асобін, і гэта лічба дае надзею на падтрыманне падвіда. А пры паспяховай рэалізацыі праекта на аказанне дапамогі суседнім краінам — Польшчы і Літве.

Праект атрымаў фінансавую падтрымку Еўразвязу ўкладанні з рэспубліканскіх бюджэтных сродкаў па развіцці асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый, а таксама ўласныя грошы заказніка. Агульны бюджэт праекта склаў каля 225 000 даляраў.

У 2016 годзе для стварэння матачнага пагалоўя было адлоўлена сем птушак. Аднак яшчэ два гады давялося патраціць на выпрацоўку тэхналогіі для размнажэння птушак у няволі.

"Глушцы атакавалі па два месяцы самак, а тыя не ўступалі ў паляванне. У дзікай прыродзе ў іх як, калі самка не ў позе палявання, то самцы ніяк не рэагуюць на гэта", — тлумачыць Васіль Гуркоў.

Праблему заўважылі дапамаглі навукоўцы з БДУ. Апынулася, уся справа ў пакрыцці даху вальераў — полікарбанат не даваў праходзіць ультрафіялету, праз што ў птушак нічога не атрымоўвалася.

"За тры дні мы пабудавалі выгульныя вальеры на вуліцы і паспелі да красавіка, каб выпусціць самак… Усё адбылося. Яны зрабілі тры кладкі, агулам 21 яйка, з якіх вылупілася 19 птушанят", — хваліцца дырэктар.

Да трох месяцаў дажыло 16 птушанят. Як паказаў сумны досвед, птушка патрабуе руплівага дагляду, напрыклад, калі самкі няма побач, то яны чалавека прымаюць за яе і егер вымушаны знаходзіцца ля малых 24 гадзіны ў суткі. Недагляд жа здарыўся праз тое, што птушкі запанікавалі ў час дажджу і нашкодзілі сабе.

"Я разлічваю, што у будучым ад 12 самак, якія ў нас зараз ёсць, атрымаецца стварыць дзве матачныя групы, якіх можна будзе перадаць у іншыя гаспадаркі для аднаўлення папуляцыі, — дзеліцца планамі Васіль Гуркоў. — Аднак мы першыя, у каго атрымалася вывесці гэтых птушак у няволі".

 

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость