Навукоўцы з Оксфарда вывучылі ДНК у каціных шкілетах, выяўленых па ўсім свеце, паведамляе BBC. Аказалася, што прыручэнне катоў пачалося не з аграрнай рэвалюцыяй у Леванце, як меркавалі раней (каля 10 тыс. гадоў таму).
А толькі прыкладна 3,5 тыс. ці 4 тыс. гадоў таму на поўначы Афрыкі, дзе людзі ўпершыню пачалі весці аселы лад жыцця. Здагадкі добра спалучаюцца са стаўленнем да катоў у старажытным Егіпце, дзе іх ушаноўвалі.
Усе сучасныя каты ад аднаго віду – стэпавага ката (Felis lybica). Як толькі каты сталі жыць з людзьмі, яны хутка распаўсюдзіліся па ўсім свеце: іх шанавалі за вельмі карыснае ўменне як на караблях, так і ў дамах – лавіць мышэй і пацукоў. Але ў Еўропу хатнія каты трапілі толькі каля 2 тыс. гадоў таму – таксама нашмат пазней, чым лічылася.
Разам з рымлянамі яны патрапілі ў Вялікабрытанію, а затым распаўсюдзіліся на ўсход і дасягнулі Кітая – праўда, там ужо жылі дзікія бенгальскія каты.