12.03.2021 / 10:03

У праваслаўных сёлета з 8 да 14 сакавіка – Масленічны тыдзень. Як правесці яго экалагічна, з максімальнай карысцю для здароўя і мінімальнай шкодай прыродзе?

Адмовіцца ад мяса

Адна з найбольш яскравых адметнасцей Масленіцы і ў сучаснай гарадской, і ў традыцыйнай сельскай культуры – святочная ежа. Бліны і малочныя прадукты (у першую чаргу масла і сыр) ствараюць атмасферу гэтага свята.

Праваслаўная царква забараняе есці мяса на Масленічным тыдні, бо ён з’яўляецца пераходным ад Мясаеду, які пачынаецца з Калядаў, да Вялікага Посту. У католікаў, праўда, спажыванне мяса ў перыяд з Тлустага чацвера да Запустаў напярэдадні Попельнай серады (адпаведнік праваслаўнага Масленічнага тыдня) так строга не рэгламентавалася і ў некаторых мясцовых беларускіх традыцыях нават лічылася абавязковым.

Аднак, у масавую беларускую культуру трапляюць у першую чаргу праваслаўныя традыцыі. У любым выпадку, можна праявіць экалагічную свядомасць на Масленічным тыдні адмовай ад мяса.

 

Гатаваць дома

Святы – акурат час задумацца пра вечнае, прыгадаць канцэпцыю slow food (павольнае харчаванне) і паспрабаваць згатаваць што-небудзь, да чаго раней не даходзілі рукі. Тыя ж бліны наўрад ці хто пячэ штодзень.

Дарэчы, у беларускай мове слова “бліны” часцей выкарыстоўваецца для тоўстых вырабаў, на содзе. А тонкія блінкі, кшталту тых, якія прадаюцца ў шматлікіх блінных, вясковы беларус хутчэй назваў бы “наліснікі”. Традыцыйна на Масленіцу спажывалі бліны з маслам і тварожыстым сырам.

Сёння ў нас большы выбар ежы, можна эксперыментаваць з начынкамі. Цвёрды сыр, загорнуты ў гарачы блін, добра плавіцца і смачны як сам па сабе, так і ў спалучэнні з іншымі інгрыдыентамі.

 

Купляць фермерскія прадукты

Калі ў звычайны дзень можа быць не дужа істотна, якой тлустасці малако ў вашай лядоўні, то на Масленічным тыдні, калі малочныя прадукты – галоўныя кулінарныя героі, можна дазволіць сабе даражэйшую, але больш якасную ежу. Да таго ж, зробленую з душой.

Напрыклад, “Зялёны партал” пісаў пра фермерскі кірмаш “Усё сваё” у Мінску на Кальварыйскай, 21 і кропкі з хатнімі прадуктамі ў гандлёвым цэнтры “Валер’янава” пад Мінскам. Можна пашукаць прылаўкі з фермерскай ежай таксама на мінскай Камароўцы.

І, бадай, у любым горадзе ёсць кірмашы, дзе людзі гандлююць чымсьці з уласных гаспадарак, хай і не пазіцыянуюць свой прадукт як экалагічны. Варта падтрымаць! Асабліва ў святочны час!

 

Спаліць старыя рэчы, якія нельга аддаць ці пачыніць

Насуперак распаўсюджаным масавым мерапрыемствам са спальваннем пудзіла ў беларускай традыцыйнай культуры гэта дзеянне на Масленіцу сустракалася не так і часта. Зніштажэнне вялікай лялькі ў вогнішчы “прыжылася” ў нашай краіне ўжо ў пасляваенны час шляхам мэтанакіраванай арганізацыі “провадаў рускай зімы” ўстановамі культуры.

Мерапрыемства звычайна праходзіла ў апошнюю нядзелю лютага і павінна было замяніць “рэлігійную” Масленіцу, дата святкавання якой разлічвалася ад Вялікадня. Аднак, новаўвядзенне прыжылося дзякуючы падобным звычаям у беларускай культуры.

Раней не абавязкова і не ўсюды палілі пудзіла, маглі кінуць у вогнішча старызну, адкіды льноапрацоўкі. Добрая традыцыя! Калі ў вас дома ё рэчы з натуральных матэрыялаў, якія ўжо не патрэбныя вам, не падышлі сябрам і знаёмым, і вы нізка ацэньваеце іх шанцы быць прыдатнымі для дабрачыннасці (напрыклад, у праекце KaliLaska), і гэта не адзенне, якое можна пусціць на анучы – паліце!

Але не шкодзьце травяны пакроў і пільнуйцеся правілаў супрацьпажарнай бяспекі!

 

Псіхалагічныя практыкі: спаліць грахі, кепскія думкі…

Перад Вялікім постам нашы продкі не толькі чысцілі прастору фізічна ад старых рэчаў, імкнуліся пачысціць і ўласныя душы. Напрыклад, у Любанскім раёне да пудзіла, якое насілі па вёсцы перад спальваннем, мацавалі стужкі, на якія нібыта пераносілі свае грахі.

Добрая псіхалагічная практыка! Можна прыгадаць негатыў у думках, а можна і напісаць што-небудзь. Усё згарыць, пойдзе дымам.

Святкуйце экалагічна!

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость