Лена Антановіч скончыла інстытут журналістыкі, па размеркаванні трапіла ў родны Салігорск. Дзяўчына пачала актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці: арганізоўвала велапакатушкі, суботнікі і многае іншае. Дзяўчына ў дзяцінстве бавіла час у мясцовай лесапаркавай зоне, а цяпер звярнула ўвагу на тое, што яна стала вельмі запушчанай: шмат смецця, уся інфраструктура даўно развальваецца, і многія людзі прыходзяць туды проста выпіць піва на лавачках. Некалькі разоў яна з сябрамі ладзілі суботнікі, але праз тыдзень смецце вярталася. Актывісты задумаліся: як зрабіць так, каб іх праца была эфектыўнай? Гэты лес трэба цалкам перафарматаваць, перазагрузіць. Лена Антановіч з камандай падалі заяўку на шоу «Горад» і ў выніку выйгралі.
– На дзяржаўным узроўні тут пастаянна праводзяцца мерапрыемствы накшталт спартыўнага арыентавання і бегу, але да нас ніхто з простых актывістаў не праводзіў тут нічога падобнага. Гэты лес знаходзіцца на балансе ЖКГ, і яна не спраўляецца з усёй працай, таму дадзеная тэрыторыя была ў такім сумным стане – з дарогі ж не відаць, і гэта галоўнае. Пытанне аб рэканструкцыі ўздымалі гадоў дзесяць таму: адзін чалавек ад ФАК (фізкультурна-аздараўленчы комплекс) пісаў у газеты, звяртаўся ў выканкам, але так і не давёў справу да канца. Ён спадзяваўся, што калі напісаць адзін артыкул, то адразу ўсё зменіцца. Мы вырашылі не проста заявіць пра тое, што ёсць праблема, але і зрабіць нешта сваімі рукамі, таму прынялі ўдзел у «Горадзе».
Суботнік па-новаму
Пасля перамогі на шоу і атрымання ўзнагароды актывісты зладзілі вялікі суботнік у лесе 21 траўня. Каб прыцягнуць увагу да мерапрыемства, Лена вырашыла зрабіць фотасэт з прыгожымі падкачанымі дзяўчынамі і хлопцамі, каб паказаць: «Сцежка Здароўя» – гэта не нейкае маркотнае савецкае месца, а сучасная лакацыя для класных спартыўных мерапрыемстваў.
На суботніку маладзёны прыбіралі смецце, прыкручвалі урны, ставілі самаробныя лавачкі. Прыйшоў адзін ініцыятыўны хлопец і павесіў шэсць шпакоўняў з надпісам «Наша Сцежка». Як распавядае Лена, яшчэ прыйшлі дзве жанчыны з гаспадаркі, якія прыбіраюць «Сцежку Здароўя», і былі ў шоку: яны ніколі не бачылі, што людзі самі прыходзяць, прыбіраюць і ставяць скрыні.
На акцыі таксама арганізавалі ёгу, майстар-клас па зумба-фітнесу, хлопцы з клуба гістарычнай рэканструкцыі паказвалі баі на мячах, была гульня ў алтымат фрысбі, рамеснікі прапаноўвалі свае вырабы, мясцовыя крышнаіты частавалі ежай. Дом культуры будаўнікоў бясплатна прадаставіў гукавую апаратуру і генератары.
Больш за ўсё дапамагалі валанцёры і прыватныя кампаніі, але дзяржструктуры таксама ўдзельнічалі – у першую чаргу аддзелы архітэктуры і ідэалогіі выканкама, якія ўсё ўзгаднілі і дазволілі. ЖКГ дала трактар для вывазу смецця.
«Вам заняцца няма чым? У нас нічога няма. Усё, што мы вам можам даць, – гэта трактар»
– Але як усё адбывалася. Першапачаткова я папрасіла выканкам пасадзейнічаць у прыцягненні ЖКГ. Ім пераслалі мой ліст з просьбамі і прапановамі. Калі я стэлефанавалася з дырэктарам ЖКГ, ён перанакіраваў мяне да нейкага мужчыны, і той сказаў нешта накшталт: «Вам заняцца няма чым? У нас нічога няма. Усё, што мы вам можам даць, – гэта трактар. Але навошта вам трактар? Там жа няма смецця!» Мне прыйшлося доўга тлумачыць, што сцежку прыбіраюць толькі на бачных участках. У выніку нам усё ж такі далі трактар, а фарбу і урны прыйшлося набываць самім. Ну, дзякуй і на тым.
Калі ЖКГ у апошні момант паведаміла, што сметнікаў няма, за адзін дзень я знайшла ў Менску кампанію, якая займаецца вырабам металаканструкцый, і заплаціла каля 100 еўра са сваёй кішэні за скрыні. Потым звярнулася да дырэктара адной нашай IT-кампаніі, і ён згадзіўся пакрыць выдаткі на гэта. Мой тата з’ездзіў у Менск і прывёз нам новыя сметніцы. У той жа дзень мы з сябрамі выкопвалі ямы на «Сцежцы Здароўя», бетанавалі іх, каб затым усталяваць скрынкі – і ўсё гэта адбывалася пад дажджом. Потым вырашылі замаляваць усякія пенісы на фургончыку-распранальні – у 8 гадзін вечара пачалі фарбаваць і скончылі, калі ўжо сцямнела, а на суботніку яшчэ дадалі графіці.
Пасля суботніка актывісты не спыніліся і сталі далей развіваць «Сцежку Здароўя»: адкрылі пляцоўку для ўсходніх практык – зараз па раніцах выходных дзён усе жадаючыя прыходзяць туды, каб пазаймацца ёгай. Цікава, што яшчэ год таму на гэтым месцы былі столікі, дзе людзі проста бухалі, а цяпер там займаюцца спортам.
Што тычыцца вандалізму, то ён усё яшчэ ёсць: хтосьці вывернуў адну скрыню, хтосьці спрабаваў сарваць паказальнікі.
У далёкай перспектыве рабяты хочуць зрабіць дзіцячую пляцоўку. Яна ёсць, але быццам для дзяцей вайны – вельмі страшная і на месца для гульняў зусім не падобная. Верагодна, восенню з'явіцца клумба па даўжыні ўсёй сцежкі. Яшчэ б Лена з аднадумцамі хацелі б усталяваць новыя ліхтары, бо апытанні паказалі: жыхарам вельмі не хапае асвятлення.