12.08.2019 / 23:08

Пазітыўныя ўражанні ад фестываляў мы забіраем сабе, але ў наваколлі пакідаем горы смецця. Зялёны партал праверыў, наколькі культурніцкі феномен Vulica Brazil стаў прасунутым у плане абыходжання са смеццем.

Каляндар непазбежна набліжае нас да восені, ды й надвор'е ў літаральным сэнсе крычыць пра хуткі надыход кароткіх вільготна-мярзотных дзянёчкаў. І ўсё ж гэта не замінае злавіць сыходзячае лета за хвост, наведаўшы крутыя і яркія фэсты для эмацыйнага запасу на "мёртвы" сезон.

На пазамінулых выхадных адгрымела SPRAVA за 160 кіламетраў ад сталіцы, куды выпадковыя людзі, як кажуць, не даедуць. А ўжо ў гэтыя Мінск закрываў у гарачых танцах Vulica Brazil. Фестываль, што пакарыў сэрцы многіх мінчан і захапляе гасцей сваімі манументальнымі шэдэўрамі на сценах былых прамзон і культурніцкіх месцаў, сабраў у суботу людзей на вуліцы Кастрычніцкай.

І так тусовачная і вечна жывая Кастрычніцкая пад час фэсту, падавалася, пашырыла свае межы, разраслася да неверагодных памераў праз дадатковыя фудкорты, пляцы майстроў і забаў, канцэртныя пляцоўкі.

Аднак ва ўсёй гэтай культуры фестываляў ёсць адзін сумны і, на жаль, непазбежны бок — утварэнне смецця. Вядома, што пры вялікім скапленні людзей у адным месцы без гэтага нікуды, бо ўсім нам хочацца "хлеба і відовішч". І пакуль краіны Еўразвязу рыхтуюцца развітацца з аднаразовым посудам з пластыка, мы з задавальненнем трушчым і п'ем на фудкортах з аднаразкі.

Не стаў выключэннем і фестываль Vulica Brazil. Каб апярэдзіць магчымыя гнеўныя каментары, варта зазначыць, што арганізатары добра пастараліся, каб смеццевае пытанне не сапсавала агульнае ўражанне ад самаго фэсту.

Уздоўж усёй Кастрычніцкай з абодвух бакоў можна было лёгка знайсці сметніцы з металічных бочак. Згодна са сторыз у Instagram фестываля, адходы пасля адсартыроўваў экапатруль.

Асабліва кемлівыя і заахвочаныя удзельнікі даносілі сваё смецце да спецыяльных пунктаў для асобнага збору, што стала існуюць на самой вуліцы. Многія фудкорты не адмаўляліся наліць напоі ў кубачкі кліентаў, а піва ўвогуле дазвалялася браць у шкле там, дзе гэта магчыма.

Падтрымлівалі чысціню на вуліцы і работнікі ў яркай аранжавай форме, што перыядыча прагульваліся з аднаго канца вуліцы ў другі, пільна высочваючы дробнае смецце пад нагамі мінакоў.

Магчыма, момант змяншэння колькасці ўтвараемага смецця, а таксама сартыроўкі неабходна рабіць больш відавочным, і таму Vulica Brazil можна ўключыць у ТОП беларускіх фэстаў, што злавілі хвалю адказнага стаўлення да адходаў.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость