13.10.2020 / 16:10

Каля прэзідыума Акадэміі навук у абед13 кастрычніка прайшла сядзячая акцыя пратэсту. Затрыманы гісторык Уладзімір Шыпіла, а таксама Зміцер Дубовік, які не працуе ў Акадэміі навук. Шыпілу далі сем сутак, Дубовіку - дзесяць.

Супрацоўнікі Акадэміі навук зладзілі сядзячую акцыю на прыступках прэзідыума ўстановы супраць гвалту і ў падтрымку супрацоўнікаў установы, на якіх за іх грамадзянскую пазіцыю ціснуць пагрозамі аб звальненні ці ўжо звольнілі.

Яны трымалі плакаты з імёнамі работнікаў НАН, якіх звольнілі пасля выбараў ці пагражаюць звальненнем: Алега Дымара, Мікалая Козела, Яраслава Раманоўскага. У тым ліку быў плакат у падтрымку Надзеі Луцковіч, якая распавядала пра сваё звальненне Зялёнаму парталу.

Таксама былі цытаты ўдзельнікаў прэзідыума НАН пра вынікі выбараў і пра рускую мову, якія даўней выклікалі рэзананс у прэсе.

Быў плакат у падтрымку пенсіянераў, якія выказваюць сваю пазіцыю і таксама пакутуюць ад гвалту з боку дзяржавы, і заклік да прэзідыума НАН адказаць на зварот аб правамернасці існавання ва ўстанове ячэйкі арганізацыі "Белая Русь" (па ўставе акадэміі там забаронена дзейнасць палітычных арганізацый).

У 13.35 каля прэзідыума НАН затрыманы людзьмі ў масках і ў аліўкавай форме без апазнавальных знакаў навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Уладзімір Шыпіла. Даследчык працуе над кандыдацкай дысертацыяй па антрапалогіі, удзельнічае ў археалагічных раскопках. На момант публікацыі месцазнаходжанне Уладзіміра было невядомае, пазней яму прысудзілі 7 сутак арышту.

Таксама стала вядома, што затрыманы Зміцер Дубовік. Ён не працуе ў Акадэміі навук, прыйшоў падтрымаць даследчыкаў.

Акцыі навукоўцаў аднавіліся 12 кастрычніка і праходзяць у сядзячай форме на знак падтрымкі студэнтаў, якія робяць сядзячыя акцыі на прыступках сваіх універсітэтаў.

Автор:
Фотограф:
Алена Ляшкевіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость