14.03.2019 / 09:03

Група грамадзян, занепакоеных працай завода сульфатной беленай цэлюлозы ў Светлагорску, на мінулым тыдні сустрэлася са старшынём канцэрну “Беллесбумпрам” Юрыем Назаравым.

Актывісты перадалі канцэрну пісьмовыя пытанні

Працы па пуску і наладцы завода беленай цэлюлызы ў Светлагорску плануюць скончыць у жніўні-верасні – такія апошнія навіны са Светлагорску. Тэрмін назваў старшыня канцэрну “Беллесбумпрам” Юрый Назараў, якога пераказвае прэс-служба ў публікацыі пасля сустрэчы з грамадзянамі, якая адбылася раніцай 6 сакавіка.

“Гэта не прэс-канферэнцыя”, – абвесцілі групе з сямі чалавек на самым пачатку і папрасілі пашпарты.

“Это жители г. Светлогорска, г. Минска, г. Вилейка, п. Якимова Слобода, а также представитель ОО “Экодом”, проживающий в Польше”, – удакладняе прэс-служба дадзеныя са старонкі аб прапісцы.

Сустрэча з кіраўніком, кіраўніцай прэс-службы і двума інжэнерамі, якія не прадставіліся, доўжылася прыкладна паўтары гадзіны. Пытанні грамадзян тычыліся новай вытворчасці “Светлагорскага ЦКК”.

“І тых праблем, якія яна стварае для жыхароў вёскі Якімава Слабада і горада Светлагорска”, – дадаюць удзельнікі ініцыятыўнай групы (іх дадатковыя каментары пра візіт тут).

Юрый Назараў, фота – sb.by
Юрый Назараў, фота – sb.by

Напачатку сустрэчы Юрый Назараў падкрэсліў, што новая вытворчасць з’явілася, каб вырабляць у Беларусі ўласную цэлюлозу, а не завозіць яе з-за мяжы, як гэта адбываецца зараз.

“Сітуацыя вакол ЦКК нагнятаецца, і гэта не зусім адэкватна”, – зазначыў ён і ўдакладніў, што 19 студзеня на заводзе не было ніякай аварыі.

Па словах кіраўніка канцэрна, тое, што медыі назвалі аварыяй – штатны рэжым працы завода, а выкіды ў ліўневую каналізацыю – норма. Ён нагадаў, што па звестках “Беллесбумпрама” звароту ад Украіны ў Беларусь наконт падзеяў 19 студзеня таксама не было.

Тое, што называюць штатнай сітуацыяй. 19 студзеня 2019 года
Тое, што называюць штатнай сітуацыяй. 19 студзеня 2019 года

Тое, што называюць штатнай сітуацыяй. 19 студзеня 2019 года
Тое, што называюць штатнай сітуацыяй. 19 студзеня 2019 года

 

“Мы адчуваем пах, яны – не”

Нагадаем, што першыя спробы запусціць завод былі паўтары гады таму, у лістападзе 2017 года, абмеркаванне экалагічнага ўздзеяння прадпрыемства на наваколле – яшчэ ў 2012-м.

Большую частку гэтага часу удзельнікі ініцыятыўнай групы выказваюць крытыку, лістуюцца з дзяржорганамі і кіраўніцтвам прадпрыемства, стасуюцца са СМІ.

“Як пах з завода быў, так і застаўся, выкіды як былі, так і ёсць. Усе іх абяцанні… – узбураецца жыхар Якімавай Слабады Мікалай Марозаў, пенсіянер і адзін з удзельнікаў сустрэчы. – Мы адчуваем пах, яны – не, мы чуем моцны гул, яны – не, мы бачым пену і брудныя сцёкі, а ў іх – “штатная сітуацыя”! Ці можа ў такім выпадку ўзнікнуць давер да адказаў кіраўніцтва канцэрна і прадпрыемства?”

“У якім такім праекце запланава, што ўсе газоны, тратуары і праезжая частка завода заліваюцца перыядычна пенай? З такіх супярэчнасцяў, недагаворак, сістэматычнага скрыцця становішча і складваецца ўстойлівы недавер да праўдзівасці іх інфармацыі. Атрымліваецца, што мы павінны верыць ім, а не сваім носу, вушам, вачам”, - пытаецца актывіст.

Назараў, па словах актывістаў, падчас сустрэчы сапраўды падкрэсліваў, што шум не можа быць надта моцным, бо самыя шумныя апараты – па здрабленню і акорцы – знаходзяцца ў памяшканні, а не на вуліцы. Удзельнікі сустрэчы дамовіліся, што сур’ёзнасць праблемы мусіць вызначыць санстанцыя.

Завод беленай цэлюлозы, 5 студзеня 2018 года
Завод беленай цэлюлозы, 5 студзеня 2018 года

 

“Ні Мінпрыроды, ні канцэрн не былі гатовыя”

“За час пуска-наладкавых прац яны не здолелі выправіць усе недахопы. Але самае галоўнае – і гэта зараз падцвердзіў старшыня канцэрна – бескантрольна выкідваюцца эціл- і мецілмеркаптаны, дзімецілсульфіды”, – кажа праваабаронца і жыхарка Светлагорска Алена Маслюкова.

Актывісты пацікавіліся, якія вынікі дало лабараторнае даследаванне выкідаў, якое рабіла маскоўская лабароторыя “Экаспэйс”. Старшыня канцэрна адмовіў удзельнікам сустрэчы ў інфармацыі і абгрунтаваў адмову тым, што гэтым вынікам не давяраюць, бо ў Беларусі больш жорсткія нарматывы па ПДК (памежна дапушчальнай канцэнтрацыі шкодных рэчываў – рэд).

Але ў Беларусі такі аналіз зрабіць нельга. Па словах Юрыя Назарава, уласнай методыкі вымярэння выкідаў у паветра і ваду мецілмеркаптану пакуль не існуе і яе ў Беларусі яшчэ толькі зацверджваюць. Чаму, калі завод запушчаны паўтары гады таму?

“Ні Мінпрыроды, ні канцэрн не былі гатовыя да выкідаў. Мы звярталіся ў Мінпрыроды з запытам, і нам адказалі, што яны не былі прадугледжаныя праектам", – працягвае праваабаронца.

"Мы лічым, што неадкладна прыпыніць пуска-наладкавыя працы да поўнага ўхілення ўсіх недахопаў і з’яўлення гэт методыкі вымярэнняў. А пакуль, на вялікі жаль, у нас неправільна растаўленыя прыярытэты: першапачатковым павінна быць здароўе і жыццё людзей,  другаснай – цэлюлоза”.

Алена Маслюкова, фота – svaboda.org
Алена Маслюкова, фота – svaboda.org

Анатоль Змітровіч, былы супрацоўнік хімзавода і адмыслоўца ў машынах і апаратах хімічных вытворчасцяў, упэўнены: выкіды можна было прадугледзець.

“Меркаптаны і вытворныя вылучаюцца пры варэнні цэлюлозы такім спосабам,, як у Светлагорску, – з дыяксідам хлора, гэта ведае любы выкладчык і студэнт на аддзяленні перапрацоўкі цэлюлозы, – кажа ён. – Меркаптаны вылучаюць таксама расійскія заводы. Чаму іх не ўлічылі ў нас пры экалагічнай экспертызе? Бо тады па ёй было б адмоўнае заключэнне. Гэта наўмысная фальсіфікацыя экаэкспертызы”.

Падчас сустрэчы старшыня канцэрну “Беллесбумпрам”  Юрый Назараў паведаміў, што вытворчасць пакуль загружаная толькі на 60%.

Пах можа знікнуць з часам, удакладняе хімік Анатоль Змітровіч.

“Калі завод выйдзе на 70% ад магутнасці, то газы будуць накіроўвацца на спальванне”, – кажа ён і тлумачыць, што паводле лічбаў Назарава, у лютым загрузка склала яшчэ меньш – усяго 25% ад праектнай.

Так выглядае цэлюлоза. Фота – doski.ru
Так выглядае цэлюлоза. Фота – doski.ru

 

Чаму актывісты не ўплывалі на стадыі абмеркавання?

Дзе былі актывісты, калі завод яшчэ не быў збудаваны і ў 2012 годзе абмяркоўвалася справаздача аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе? Хтосьці тады нічога не ведаў пра цэлюлозу, а хтосьці не здолей трапіць у залю для абмеркавання.

“Мы сталі актывістамі, бо прачыталі, што гэта за прадпрыемства. Мы прыйшлі на першыя слуханні, падчас якіх, як апынулася, пратакол не быў складзены. Потым быў другі этап слуханняў, падобны да спецаперацыі: у залю прапускалі толькі людзей, якіх накіравалі з прадпрыемстваў па квотах, а жыхароў Якімавай Слабады ўвогуле не пусцілі на ганак”, – кажа Алена Маслюкова.

На другой сустрэчы – а дакладней, побач – быў жыхар Светлагорска Сяргей Дайнэка.

“Мяне не пусцілі з подпісамі, якія мы збіралі супраць будаўніцтва ў годзе, калі завод толькі праектаваўся. Мы сабралі каля 11 тысяч подпісаў і тады, у жніўні, хацелі на сходзе паказаць, што людзі супраць. Мяне проста не пусцілі на ўваходзе, ахова стаяла і сказала, што заля перапоўненая”, – кажа ён.

“Тады Якімава Слабада прыехала аўтобусам, і з іх таксама нікога не пусцілі, а журналістку з Гомеля Ларысу Шчыракову міліцыянты хапалі за рукі, адбіралі камеру і цягалі па асфальце, каб не пусціць”, – кажа Алена Маслюкова.

Фота – onliner.by
Фота – onliner.by

 

Дамовіліся на працяг дыялога

Між тым актывісты лічаць сустрэчу з кіраўніцтвам канцэрну “Беллесбумпрам”  пазітыўнай: яны даведаліся, што завод будуць удасканальваць дзякуючы працы іх ініцытыўнай групы, і кажуць, што на сустрэчы дамовіліся аб працягу дыялога.

“Яны прызналі, што праблемы ёсць і што яны шукаюць шляхі іх вырашэння Справы не вырашаюць канфрантацыяй. У нас розныя інтарэсы, але можна дасягнуць паразумення”, – кажа Алена Маслюкова.

Па словах Анатоля Змітровіча, Юрый Назараў казаў, што калі пытанне з непрыемнымі на пах газамі будзе вырашана тэхналагічна, то актывістам пакажуць, як менавіта.

“Запросім вас”, – цытуе актывіст Назарава.

Актывісты таксама чакаюць адказу на свой зварот:

“Мы прывезлі 15 пісьмовых пытанняў і сабраныя подпісы”, – кажа Анатоль Змітровіч.

 

Юрыст Магонаў пра сустрэчу: малакарысная, у атмасферы ўзаемнага недаверу

Сустрэча прайшла ў напружанай атмасферы ўзаемнага недаверу і непавагі, – незадаволены юрыст ГА “Экадом” Сяргей Магонаў. – З боку кіраўніка канцэрна і адказнай за прэсу ўвесь час былі нейкія дробныя выпады ў стылі школьнікаў-пераросткаў, імкненне паказаць сваю важнасць і перавагу.

Пачалося з таго, што не хацелі пускаць госця з Якімавай Слабады, у якога не было пры сабе пашпарта (хоць па заканадаўству пасуе любы дакумент). Потым адказная за прэсу спрабавала даказаць, што ў іх прыём грамадзян, таму грамадзкім аб'яднаньням тут не месца. Давялося ёй ўдакладніць, што гэта асабісты прыём грамадзян, іх прадстаўнікоў і прадстаўнікоў юрыдычных асоб.

Падчас запісу прысутных задаваліся пытанні, маўляў, Вы жывяце ў Вілейцы , чаму Вас цікавіць завод, вось Вы жывяце ў Варшаве, Вы грамадзянін Беларусі? Гэта дробныя дэталі, якія не адносяцца да сутнасці сустрэчы”.

Сяргей Магонаў
Сяргей Магонаў

Юрыст пералічвае сказанае па асноўных пытаннях на сустрэчы:

1. “Усё зроблена па праекце. Ніякіх адступленняў няма. (С) канцэрн

2. Не, Мінпрыроды Беларусі ніякага ліста ад украінскага боку наконт забруджвання Бярэзіны і Дняпра не атрымлівала. Я сам ўдакладняў ў намесніка міністра. (С) Назараў

3. Не, у нас усё выкіды ў норме. Не, нічога не смярдзіць. Я сам там учора быў і не смярдзела. (С) Назараў

4. У Беларусі няма метадалогіі даследавання выкідаў мецілмеркаптана. Ёсць расійская методыка, але яна нам не пасуе. Тое, што мы масава выкідваем ў атмасферу рэчыва, метадалогіі даследавання і вымярэння выкідаў якога ў нас у краіне няма – неістотна, нават агуркам гэта не шкодзіць. Але метадалогіі даследавання ў нас няма.

5. Не, шуму ў Якімавай Слабадзе няма, людзям здаецца – так яны адказалі на скаргі аднаго з прысутных жыхароў. Ім у Мінску лепш ведаць, ці шумна ў вёсцы.

6. Склалася ўражанне, ні кіраўніцтва канцэрна, ні завода, і ніхто наогул у краіне не ўяўляў сабе, як будзе гэты завод выглядаць, працаваць і што выкідаць.

Абяцалі пачаць паліць смярдзючыя газы, калі яны яшчэ нешта дакупяць на завод і калі ён будзе працаваць на поўную магутнасць (а будзе гэта не хутка, бо цяпер ён увесь час спыняецца)”.

Юрыст падсумоўвае: удзельнікі сустрэчы з боку канцэрну, відаць, не чулі ні пра Орхускую канвенцыю аб удзеле грамадзян, ні пра роль грамадскасці.

“Інакш чым растлумачыць такое стаўленне да прыйшоўшых і нездаровая цікавасць да таго, дзе хто жыве?” – кажа ён і называе сустрэчу не дужа карыснай.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость