15.02.2016 / 14:02

На пачатку лютага шэрая «Волга» збіла ў цэнтры Ушачаў двух сабак і, не збаўляючы хуткасці, рушыла далей. Адзін дабраўся да парку, дзе неўзабаве памёр. Іншы застаўся ляжаць на дарозе. За перадсмяротнымі пакутамі сабакі з ашыйнікам назіралі мінакі, гандляры рынку, самыя неабыякавыя імкнуліся дапамагчы.

Маладая ўшачанка Вольга, якая была сведкай наезду, з абурэннем расказала, што склалася ўражанне, быццам вадзіцель наўмысна збіў жывёл, піша мясцовая газета «Патрыёт». Выказваліся і меркаванні, што гэта камунальнікі такім вар’яцкім чынам знішчаюць бяздомных сабак. А госць райцэнтра, палачанін Аляксандр Шчарбакоў паведаміў працаўнікам РАУС, каб тыя выклікалі ветэрынара, і атрымаў адказ, што займацца бадзяжнай жывёлай — абавязкі ЖКГ. Урэшце рэшт камунгасаўцы прыбралі збітых сабак з вуліцы.

Ва УП ЖКГ журналістам паведамілі, што ў гэты дзень адлоў жывёл працаўнікі прадпрыемства не праводзілі, і, што рабіць, такія акцыі стараюцца ў час, калі на вуліцах няма людзей.

Як паведаміў начальнік аддзялення ДАІ Ушацкага РАУС Яўген Каўнурка, паняцце ДТЗ дакладна вызначана як «здарэнне, здзейсненае з удзелам хаця б аднаго транспартнага сродку, які рухаецца, у выніку чаго нанесена шкода жыццю або здароўю фізічнай асобы, яе маёмасці». Калі пры такім сутыкненні аўтамабіль не пашкоджаны, грамадзяне не пацярпелі, а жывёла бяздомная — сітуацыя не класіфікуецца як дарожна-транспартнае здарэнне. Аднак у любым выпадку вадзіцель павінен спыніцца, каб агледзець аўтамабіль і па магчымасці высветліць, ці з’яўляецца збітая жывёла бяздомнай. Калі транспартны сродак атрымаў пашкоджанні — трэба выклікаць інспектара ДАІ для афармлення пратаколу. Калі ў жывёлы ёсць гаспадар — яна лічыцца яго маёмасцю, а значыць, шафёр дапусціў ДТЗ. У абодвух выпадках пакіданне вадзіцелем месца здарэння можа пацягнуць за сабой пакаранне аж да пазбаўлення правоў.

Нярэдка бывае, што жывёла, рэзка выскоквае на дарогу і правакуе сур’ёзныя аварыі: летась у Віцебску жанчына-вадзіцель, спрабуючы не збіць сабаку, урэзалася ў дрэва і загінула. Інструктары ў аўташколах рэкамендуюць вучням лепш збіць жывёлу, чым, прыкладам, трапіць пад фуру.

Зрэшты, далёка не кожны кіроўца, пад коламі якога апынуўся кот ці сабака, раўнадушна паедзе далей. Некаторыя перажываюць за сваю ахвяру і намагаюцца ёй дапамагчы. Па словах выконваючага абавязкі начальніка райветстанцыі Віктара Даўгаполага, калі кіроўца прывязе траўміраваную жывёлу, ёй, вядома ж, акажуць дапамогу, прычым бясплатна. Можна выклікаць спецыяліста і на дом — такая паслуга будзе каштаваць 30 тысяч рублёў.

Праблема блукання па населеных пунктах бяздомнай жывёлы стаіць востра літаральна паўсюдна. Пра гэта сведчаць сітэматычныя заявы ад жыхароў.

Прадпрыемства перыядычна праводзіць адлоў бадзяжных сабак, а таму гаспадарам жывёлы трэба паклапаціцца, каб іх гадаванцы (нават калі яны ў ашыйніках) не разгульвалі па вуліцах. Толькі ў тым выпадку, калі на адлоўленым сабаку будзе жэтон (ён выдаецца пры рэгістрацыі жывёлы), работнікі змогуць выявіць гаспадара і перадаць яму гадаванца.

Раней Зялёны партал распавядаў пра тое, што МУС Беларусі хоча адмовіцца ад кантролю за жортскім абыходжаннем з жывёламі ў межах кампаніі па лібералізацыі, маўляў, гэта «неўласцівая для міліцыі функцыя». Абаронцы жывёл у сваю чаргу адзначаюць, што катаванні і здзекі з братоў меншых могуць стаць першым прыступкам на шляху да злачынстваў супраць людзей. Беларусаў заклікаюць ставіць подпісы пад зваротам і галасаваць праз адпаведную форму на сайце МУС.

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: Службу отлова бездомных животных в Гомеле сократили вдвое

Автор:
Фотограф:
Наталля Багдановіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость