15.03.2017 / 20:03

Гісторыя са скверам «Котаўка» мае працяг. На гэты раз актывісты спрабуюць прыцягнуць да адказнасці прадстаўнікоў прадпрыемства «Зеленбуд Савецкага раёна» за пашкоджанне травянога покрыва ў скверы падчас высечцы рэшткаў дрэў.

На мінулым тыдні мясцовым жыхарам і актывістам зноў давялося ўступіць у супрацьстаянне з супрацоўнікамі мясцовага «Зеленбуда». Аднак абыйшлося без бойкі.

Нагадаем, 6 сакавіка на сайце адміністрацыі Савецкага раёна з'явілася інфармацыя пра намер высекчы 11 дрэваў, якія прызналі небяспечнымі. Некалькі дзён актывісты намагаліся звязацца з кіраўніцтвам «Зеленбуда», каб удакладніць, на якой падставе і якія дакладна дрэвы павінны выдаліць. Аднак адказ атрымаць так і не атрымалася.

Раніцай 7 сакавіка быццам для навядзення парадку ў Котаўку прыехалі супрацоўнікі прадпраемства. Яны збіраліся выдаліць дрэвы, якія засталіся пасля канфлікту з забудовай сквера. Галлё і бярвенні загружалі ў кузаў грузавага аўтамабіля, які загналі на зялёную зону. Ішоў дождж, і колы грузавіка моцна праселі ў сырой глебе, чым пашкодзілі газон у скверы.

«Мы звярнуліся ў Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя наконт пашкоджання тэхнікай “Зеленбуда” глебы і газона. Нягледзячы на тое, што супрацоўнікі прадпрыемства пастараліся выправіць сітуацыю, разраўняўшы раз'езджаныя ўчасткі зямлі, газон на іх адсутнічае. Мы напісалі і ў ДАІ з просьбай прыцягнуць вінаватых асоб да адказнасці ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам. Спадзяемся на ўзбуджэнне адміністрацыйнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў “Зеленбуда”», — расказала Зялёнаму парталу каардынатарка юрыдычнай службы Таварыства «Зялёная сетка» Марына Дубіна.

Спецтэхніка мае права заязджаць на тэрыторыю паркаў і сквераў, але ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра мэтазгоднасць такіх дзеянняў.

Як адзначаюць мясцовыя жыхары, што непасрэдна знаходзіліся ў Котаўцы ў час правядзення работ, зеленбудаўцаў было дастаткова, а менавіта 8-10 чалавек, каб прыбраць бярвенні і галіны. І заганяць грузавы аўтамабіль на тэрыторыю сквера не было ніякай неабходнасці. Тым больш відавочна, што такога кшталту тэхніка цяжкая і дакладна нанясе пашкоджанні травяному покрыву.

«Мы хочам, каб адказныя панеслі пакаранне: штраф ці дысцыплінарнае спагнанне, і ўвогулле каб у будучым не дапушчалася падобных сітуацый на іншых гарадскіх зялёных тэрыторыях», — удакладніла Марына.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость