15.07.2016 / 16:07

Лета — час падарожжаў і вандровак. Але як бы ні грэлі думкі пра будучы адпачынак, перад гэтым абавязкова трэба прайсці падрыхтоўчы этап збору рэчаў і прадумвання свайго харчовага рацыёну. Часта веганам даводзіцца сутыкацца ў дарозе з тым, што акрамя яблыка, банана ці кансерваванай фасолі нічога больш асабліва не з'ясі. І няхай гэтыя прадукты смачныя і кожны па-своему карысны, але пагадзіцеся, што рацыён усё ж даволі беднаваты. Таму ў пытанні «што ўзяць вегану ў дарогу» трэба быць асабліва дбайным. З гэтай нагоды праект «VeganFood» прапаноўвае вам як варыянт сэндвіч з гародніны і разнастайныя намазкі на хлеб.

Сэндвіч з авакада і сезоннай гароднінай і зелянінай

Ці наўрад хтосьці яшчэ не чуў пра карысныя якасці і састаў авакада. Так, менавіта ў 100 г гэтай незвычайнай садавіны ўтрымліваецца прыблізна 245 калорый, аднак пры ўсім няма ні шкодных тлушчоў, ні цукру. Шмат у плодзе калія, натрыя, кальцыя, фосфара, марганца, магнія і іншых карысных рэчываў. Не абдзелены ён і вітамінамі: С, РР, Е, D, група вітамінаў В, провітамін А. У авакада знаходзяцца біялагічна актыўныя рэчывы, якія спрыяюць падтрыманню маладосці арганізма. І ў цэлым садавіна спрыяльна ўплывае на многія органы чалавека. Авакада канцэнтруе памяць і зніжае рызыку ўзнікнення сардэчна-сасудзістых захворванняў, нармалізуе кровазварот і кроваўтварэнне, дапамагае стрававальнай сістэме.

 

Для сэндвіча нам спатрэбяцца:

  • багет;
  • лісты салату ці пекінскай капусты;
  • 1/2 авакада;
  • агурок;
  • памідор;
  • зеляніна (на выбар).

Паўавакада акуратна ачышчаем і наразаем тонкімі скрылькамі. Тонка наразаем акурок і памідор. Добра прамываем лісты салата і зеляніну, даем сцекчы вадзе. Не забываем адрэзаць таксама дудачкі ў зеляніны, бо нам неабходныя толькі лапушкі і «пэндзлікі» кропу. Затым бярэм багет, дзелім яго на тры роўныя часткі. Разразаем кожную з іх уздоўж.

Такім чынам у нас атрымоўваецца 6 роўных кавалачкаў багету.

Бярэм 2 паловы адной часткі і выкладаем на дошку ці шырокую плоскую талерку. І пачынаем выкладваць слаямі начынку з гародніны.

На 2 паловы акуратна выкладаем лісты салату. Зверху елачкай выкладаем скрылькі авакада, якія «засцілаем» зелянінай: кропам і рукалай. Яны дадуць сэндвічу крыху пікантнасці і свежасці. Аднак выкарыстоўваць можна і пятрушку, базілік, шпінатны і гарчычны ліст ці ўсё, што прыйдзецца вам па смаку.

На слой зеляніны выкладаем скрылькі агурка і памідора. Прычым лепш выкладаць на розныя паловы розную гародніну. Перасцілаем адну палову яшчэ лістом салату.

Затым вельмі акуратна спалучаем часткі, каб начынка «не паехала» і ўвесь сэндвіч не разваліўся.

Акуратна, а галоўнае — вельмі шчыльна закручваем яго ў харчовы цэлафан і на некалькі гадзін кладзем у лядоўню.

Карысныя парады:

Абавязкова ў краме ўпэўніцеся, што ў састаў багету не ўваходзяць малако і яйкі. Каб тонка нарэзаць авакада і агурок, скарыстайцеся нажом для чысткі гародніны. Калі вы хочаце зрабіць багетную частку сэндвіча больш тонкай, адрэжце ад кожнай паловы тонкі слой уздоўж. Сам сэндвіч лепш гатаваць за некалькі гадзін да ад'езду, каб бутэрброд не апынуўся вельмі сухім, але не забудзьцеся пакласці яго ў лядоўню.

І памятайце, што замест, напрыклад, памідораў можна выкарыстоўваць радыску, замест агурка добра падыйдзе малады цукіні ці чырвоны балгарскі перац. У якасці соўсу падыйдзе хатняя песта.

 

Намазкі з нуту, бурачка і морквы

Зручнымі ў дарозе могуць аказацца разнастайныя намазкі, якія будуць адначасова карыснымі і сытнымі для перакусу.

 

Для намазкі з нуту (хумусу) нам спатрэбяцца:

  • 1,5 шклянкі адваранага нуту;
  • 2-3 сярэдніх зубчыкі часнаку;
  • кунжутныя семачкі;
  • кумін (зіра) цэльны;
  • 2-3 сталовыя лыжкі аліўкавага алею;
  • 2 лыжкі лімонага соку;
  • 1/4 авакада (на смак);
  • соль.

Загадзя адварваем нут, пры гэтым яго крыху падсольваем. На добра разагрэтай патэльні злёгку абсмажваем кумін і семачкі кунжуту.

Увага: абсмажваць варта без алею і сачыць, каб нічога не падгарэла. Затым закідваем у камбайн і перамалываем іх. Чысцім зубчыкі часнаку, дадаем да сумясі з куміну і кунжуту і зноў перамолваем.

У гэты ж час закідваем нут у глыбокую міску, дадаем крыху вады, у якой бабовае варылася, і ператвараем блэндэрам ў аднароднае пюрэ. Дадаем у яго змолаты кунжут, кумін і часнок. Яшчэ раз узбіваем блэндэрам. 

Дадаем у міску з нутным пюрэ аліўкавы алей, парэзаны кубікамі авакада і лімонны сок. Добра ўсё ўзбіваем да аднароднай масы.

 

Для намазкі з бурачка нам спатрэбяцца:

  • сярэдні бурак (адвараны);
  • 2 сярэдніх зубчыкі часнаку;
  • 2-3 чайныя лыжкі аліўкавага ці льнянога алею (па выбар);
  • 2 чайныя лыжкі льняных семачак ці семачак сланечніку;
  • кроп;
  • соль.

Загадзя адварваем бурачок і даем астыць. Затым чысцім яго і націраем на буйную тарку.

Чысцім зубчыкі часнаку і закідваем у камбайн. Мыем кроп, даем сцекчы вадзе, буйна рвем і дадаем да часнаку. Добра перамолваем.

Закідваем перамолатую зеляніну да бурачка, туды ж дадаем льняныя семкі, алей, соль.

Увага: калі вы задумалі дадаць сланечнікавыя семачкі, то абсмажце іх загадзя, але без алею. І блэндэрам яшчэ раз усё перамяліце ў аднародную масу.

 

Для начынкі з морквы нам спатрэбяцца:

  • 1-2 сярэднія адвараныя морквы;
  • паўжмені грэцкіх арэхаў;
  • зеляніна (кроп ці базілік);
  • 2 чайныя лыжкі аліўкавага ці льнянога алею;
  • соль.

Адварваем моркву і даем астыць. Чысцім і наразаем калечкамі сярэдняй таўшчыні.

Мыем кроп і даем сцекчы вадзе, рвем буйна і закідваем у камбайн. Туды ж дадаем паўжмені грэцкіх арэхаў. Добра перамолваем. Падсальваем моркву, даліваем алей і закідваем у сумесь зеляніны з арэхамі.

Блэндэрам ўсё ператвараем ў аднародную масу.

Намазкі лепш падыйдуць да грэнак. Дзеля чаго багет ці шэры тоставы хлеб неабходна злёгку падсушыць на патэльні да залацістай скарынкі.

У якасці смачнага «аксэсуару» з начынкамі можна падаць:

  • да хумусу і морквенай — рукала ці свежы агурок;
  • да бурачковай — чарнасліў ці радыска.

Яшчэ адным бонусам можа стаць вельмі просты бутэрброд з падсмажаных шампіньёнаў, якія выкладаюцца на свежы агурок.

Карысныя парады:

Памятайце, што вашыя вандроўкі і падарожжы будуць адбывацца ў спякоту, а гародніна ці садавіна без лядоўні псуюцца даволі хутка. Таму неабходна быць вельмі асцярожнымі, бо атручванне можа быць не менш цяжкім, чым ад любых іншых несвежых прадуктаў.

Смачна есці!

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость