Перейти к основному содержанию
16.05.2022 / 08:05

Працягваем серыю інтэрв'ю з беларусамі, якія жывуць ва Ўкраіне і намагаюцца дапамагчы суседям вызваліць сваю зямлю ад захопнікаў.

Мінулым разам нашымі суразмоўцамі былі бел-чырвона-белая нявеста і  мэнэджарка Мінскай урбаністычнай платформы. Гэтым разам размаўляем з журналістам і праваабаронцай Андрэем Мядзведевым.

Андрэй працуе ў незалежнай журналістыцы з 2016 года, з 2019 года супрацоўнічае з праваабарончым цэнтрам “Вясна”, адміністраваў рэгіянальны праваабарончы сайт “Палеская вясна”, пісаў для “Нашай Нівы”, “Новага часу”, Радыё Свабода”, Зялёнага парталу.

- Чаму вы з'ехалі з Беларусі?

- Калі пачаўся прававы дэфолт, тэрор незалежнай журналістыцы i грамадскасці, я чакаў, што прыйдуць i да мяне. Першы ператрус у мяне быў яшчэ ў лютым 2021. I у ліпені, калі па БТ заявілі, што будуць праводзіць зачыстку. Я з’ехаў з Рэчыцы ў суседні горад Калінкавічы, дзе была кватэра маёй маці. Калі былі выбары 2020, я быў на іх назіральнікам і мяне ўжо шукалі.

17 ліпеня 2021 года да Андрэя ў кватэру прыйшлі людзі ў цывільным. Яго забралі на допыт ў КДБ, вывезлі з хаты ўсю тэхніку.

- Прымусiлі запісаць пакаяльнае відэа, выдаліць з тэлеграма канал майго сайта «Палеская вясна». I патрабавалі ад мяне падпісаць паперку аб супрацы, каб выпусціць. Я гэтую паперку падпісаў, але вырашыў з краіны адразу з'язджаць. Знайшоў магчымасць выехаць і пешкам 19 ліпеня перайшоў расiйска-украінскую мяжу і такім чынам патрапіў ва Украіну.

Знаходзячыся ў Беларусі, Андрэй займаўся праваабарончай дзейнасцю: наведваў суды, дакументаваў здзекі і ціск на людзей. Калі з’ехаў, на радзіме засталася ня толькі маёмасць, але і справа, якой займаўся.

- У Беларусі застаўся сайт, які я вёў, таму што праблемна яго весці з іншай краіны. Да самага апошняга дня, калі мяне затрымалі, я займаўся праваабарончымі справамі, маніторынгам судоў у Беларусі. Збіраўся ехаць на суд у Мазыры, і так сама быў на папярэднім судзе, таму мяне і знайшлі вось там».

Зараз мне так сама цікава гэтая тэма,  я хачу быць карысным тым людзям, якія засталіся ў Беларусі. Я часам дапамагаю, калi хто да мне звяртаецца праз інтэрнэт, але разумею, што гэта не тое, калi я б сам мог там быць.

Акрамя гэтага, ад самых выбараў і да лета я займаўся дакументаваннем катаванняў, якія адбываліся ў Мазыры. Гэта быў цэнтр катаванняў, які праславіўся на ўсю краіну тым, што шмат людзей збілі. I людзі там былі вельмі скалечаныя, і жанчыны і дзяўчыны, і асабліва хлопцы. I калі ты слухаеш і запісваеш, што адбывалася з людзьмі – гэта вельмі складана маральна, адчуваеш нейкае расчараванне ў справядлівасці свету.

Ва Украіне Андрэй некаторы час жыў у Доме правоў чалавека ў Чарнігаве, пасля з жыллём дапамог Free Belarus Center.

- Мне патэлефанавала знаёмая, з якой я пазнаёміуся ў Тбiлiсі і прапанавала працу на «Радыё Ўнэт». Польскае радыё ў якога ёсць беларуская рэдакцыя. У Кіеве да пачатку вайны ў нас была студыя, адкуль мы выходзiлі ў эфір i вялі праграмы беларускія. I зараз я так сама на ім працую».

24 лютага быў мой ранiшнi эфір. Я ўстаў а палове на пятую, паснедаў. I выклікаў таксоўку. Наша студыя месцілася на Подоле – гэта раён у Кіеве. I калі я ўжо ехаў на таксі пачуўся першы выбух, гэта было прыблізна пяць гадзін раніцы.

Я пачаў чытаць чаты ў тэлеграме, і людзі так сама чулі гэтыя выбухі і на Абалоні, і іншых раёнах. Прыехаўшы на працу а шостай гадзіне, мы пачалі весці эфір. I пад час першай гадзіны эфіру адбылося яшчэ два выбухі.

Памяшканне, у якім знаходзілася студыя, літаральна скалыхнулася. Калі эфір скончыўся, гэта была амаль дзявятая гадзіна, і я ішоў да метро, насустрач мне ішлі людзі, якіх мабiлізоўвалі ў войска. У іх быў сур'ёзны засяроджаны выгляд твару, заплечнікі. Мабыць яны ішлі ў цэнтр камплектавання, гэта зараз так называецца ваенкамат.

Увесь праспект, які вёў на выезд з Кіева, стаяў у заторы ўжо. I першы дзень быў трошкі такі калапс. Некаторыя крамы зачыніліся. Ужо пачыналі выць сірэны паветранай трывогі і недзе далекавата былі чутны выбухі. Мабыць з таго боку, дзе расейцы спрабавалі ўзяць Гастамельскі аэрапорт. Але калi яны падышлі бліжэй да Кіева і, мабыць, бамбiлi Бучу, то ўжо здавалася, што гэта недзе ў горадзе, бо дрыжэла шкло, посуд на стале. Гэта было ўжо дзесьці на другi дзень».

Я паспрабаваў спусціцца ў падвал – там было простае сховішча, а больш трывалае было ўжо ў метро. Але мне ў гэтым падвале не вельмі спадабалася i праз некалькі гадзін я вярнуся ў кватэру рабіць свае справы, тым больш што я не бачыў, што нешта рвецца каля нас.

I у мяне не было такога страху да таго, што маглі разбамбіць, шчыра кажучы. Калі я параўноўваў свой маральны стан ў Беларусі ўлетку 2021 года і тое, што я адчуваў у лютым ва Украіне, гэта неба і зямля. Таму што калі ў цябе патрапіць тая ракета, то патрапіць і патрапіць.

Я лічу, што выканаў усе свае жыццёвыя прызначэнні: дзіця выгадаваў, жытло ёсць, а ўжо дрэваў за жыццё панасаджаў – то і не злічыць. А калі я быў у Беларусі, то кожны пад'езд машыны дынастыі падʼезда, – зазіраеш у вакно, што там падʼехала. I увесь час на такіх нервах і чакаеш, што за табой прыйдуць і невядома, што з табой будуць рабіць. I гэта вельмі напружана.

У Кіеве Андрэй Мядзведзеў знаходзіўся да таго моманту, пакуль не адключылі электрычнасць, а разам з ім і інтэрнэт. Страціўшы магчымасць працаваць і сачыць за навінамі, Андрэй паехаў да знаёмых у Заходнюю Украіну.

- Чаму вы вырашылi застацца ва Ўкраіне, а не з'ехаць?

- Па-першае, у мяне было такое ўражанне, што куды я, туды і ўсялякая навала за мной едзе: паеду ў Польшчу і туды Пуцін прыйдзе (жартуе). Я прыехаў у Тэрнопаль і пабачыў, што горад жыве звычайным жыццём, хаця тут адбываюцца паветраныя трывогі. За ўвесь гэты час быў адзін абстрэл (на 15.04. 2022).

Пакуль я не бачу крытычнай сітуацыі, каб пакідаць Украіну. Лепей я буду рабіць штосьці карыснае для гэтай краіны. Удзельнічаць тут у валанцёрскіх справах. I тое што я тут бачыў, што ўсе займаюцца тым, каб забяспечваць, падтрымліваць войска.

I тое, што мяне кранула да слёз: прыбягае бабулька, прыносіць цэлы рондаль варэнікаў – толькі што звараных, закручаных у коўдру. I кажа да хлопцаў, якія грузяць, да кіроўцаў: «Швідчэ, швідчэ, бо пастынуць варэнiчкі. Я хачу, каб салдацiкі там на перадавой іх тэплiнкiмі пайілы.

- Ці змянілася станаўленне украінцаў да беларусаў пасля вайны? I калі змянілася, то ў які бок?

- За гэтыя месяцы стаўленне да беларусаў значна змянілася. Калі я ехаў у цягніку і нават калі размаўляў з суседзямі ў тым падвале, яны разумелі, што тыя ракеты ляцяць з Беларусі, што на Абалонь прыехалі гэтыя БТРы з Беларусі. I яны гаварылі: «Як, чаму? Чаму вы дазваляеце? Чаму не выходзіце?». I я тлумачыў, што мы  выходзілі, і што там выходзіць няма каму, і гэтак далей. Што я выходзіў, але я зараз тут.

Гэтыя людзі не тое, што варожа ставіліся, яны проста не разумелі. Яны рабілі шырока расплюшчаныя вочы і гаварылі: «Ну як жа? Мы ж сябры, мы ж браты, як вы гэта дапускаеце?»

За гэтыя месяцы стварыўся батальён імя Кастуся Каліноўскага, адбывалася рэйкавая вайна, у Беларусі затрымана шмат людзей, ў валантэрстве ўдзельнічае шмат беларусаў. I гэта стала вядома, і мы сталі братамі па няшчаcцю ў змаганні з гэтым рускім караблём.

- Ці ёсць надзея, што вайна скончыцца? Хацелася б некалі вярнуцца ў Беларусь?

- У мяне не тое што надзея, што Украіна пераможа, у мяне ўпэўненасць, што яна ўжо перамагла.

Я ўпэўнены, што Украіна пераможа. Але можа быць розны ўзровень перамогі. Я спадзяюся, што яна будзе разбуральная для Расеі і яе ўлады, і калі будзе такі вынік, то ён будзе разбуральны і для беларускай улады. Як ланцуговая рэакцыя і наша перамога ў Беларусі.

Але яна аўтаматам не прыйдзе, нам трэба будзе вяртацца і даціскаць гэтых узурпатараў улады. Але я ўпэўнены, што мы пераможам разам з украінцамі. Гэта гістарычна так склалася, што мы перамагалі гэтую таталітарную сістэму.

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость