17.05.2019 / 10:05

Адходы жыццядзейнасці суправаджаюць нас ад пачатку і да канца жыцця. Ад іх нікуды не падзецца. Адзінае, што застаецца — трымаць усе гэтыя нечыстоты пад кантролем. Аднак прасцей сказаць, чым зрабіць. Зялёны партал узяўся разгледзіць цікавыя і незвычайныя кейсы гарачай лініі "Зялёны тэлефон", датычныя фекалій і ўгнаенняў.

Людзі працягвае сцякацца ў гарады, што, вядома, стварае атрапалагічную нагрузку на наваколле. У некаторым сэнсе зняць яе дапамагаюць тэхналогіі, якія пастаянна ўдасканальсваюцца. Напрыклад, амаль ніхто з нас не задумваецца, што здараецца з нашымі фекаліямі пасля таго, як мы націскаем на спуск.

Каналізацыя з'яўляецца адным з вялікіх вынаходніцтваў чалавецтва, якое дазволіла вырашыць многія праблемы, у тым ліку эпідэміялагічныя. Згодна з праведзенымі раскопкамі на тэрыторыях Стражытнага Вавілона, Месапатаміі, Старажытнага Егіпта і сучаснага Іраку, першыя правобразы каналізацыі пачалі з'яўляцца яшчэ ў трэцім тысячагоддзі да нашай эры. Маштабнае стварэнне каналізацыйных сістэм пачалося з развіццём прамысловасці, ростам насельніцтва і гарадоў — у 30-я гады ХХ стагоддзя.

Ну і падавалася б, што ў другое дзесяцігоддзе ХХІ стагоддзя з пытаннем пахнючых сцёкаў не павінны ўзнікаць праблем. Але, на сам рэч, усё складана. Дастаткова прыгадаць як мясцовыя жыхары вёскі Сініла Мінскага раёна спрабавалі адстаяць сваё права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе, у прыватнасці на паветра. Жывучы паблізу ад сажала, куды зліваюць адкіды са скуранога прадпрыемства, людзі не па чутках ведаюць, што такое, калі дурна пахне.

Фота - Хрысціна Чарняўская
Фота - Хрысціна Чарняўская
І ўсё ж найчасцей з непрыемным пытаннем адходаў жыццядзейнасці людзям даводзіцца сутыкацца ў дачыненні да работы жывёлагодоўчых комплексаў і ферм. Рост навельніцтва і экспартныя запыты вядуць да таго, што колькасць пагалоўя пастаянна даводзіцца павялічваць.

Фермамі на 100 тысяч галоў ужо нікога не здзівіш. А што ж адбываецца са сцёкамі? Праблема з ачыстнымі — найбольш верагодныя ў гэтай галіне. Нягледзячы на тое, што існуюць замежныя тэхналогіі для жывёлагадоўчых комплексаў-гігантаў і, як быццам бы, менавіта іх укараняюць у нашай краіне, звычкі зэканоміць пры пабудове ці мадэрнізацыі — ніхто не адмяняў.

 

З дажджом адходы ферм патрапляюць у вадаём

На Зялёны тэлефон звярнуўся абанент з горада Ветка з праблемай патраплення адходаў бліжэйшых кароўнікаў у вадаём пад час дажджу. Як вынік у вадаёме пачаўся замор рыбы.

Што параіў Зялёны тэлефон:

1. Зрабіць фота- ці відэафіксацыю забруджвання воднага аб'екта сцёкамі ферм;

2. Зрабіць фотаздымкі мёртвай рыбы;

3. Звярнуцца ў профільныя дзяржаўныя органы: Дзярінспекцыю па вобласці, рэсрубліканскую інспекцыю і раённую, а таксама ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

Калі дзяржаўныя ўстановы не прымаюць такога кшталту звароты па тэлефоне, звярнуцца да іх у пісьмовай форме. У звароце неабходна паведаміць пра забруджванне і прасіць выехаць спецыялістаў на месца для агляду і аналіза вады, правядзення праверкі і ўстанаўлення факта патраплення сцёкаў у водны аб'ект. Да зварота абавязкова прыкласці фотаздымкі самаго вадаёма і дохлай рыбы.

Спецыялісты інспекцыі срацавалі вельмі аператыўна: усяго праз пару гадзін, як інфармацыю зафіксавалі праз тэлефонны званок у абласной, на месца выехалі прадстаўнікі раённай установы. Аднак пры аглядзе месца інспектары не выявілі мёртвай рыбы, а таксама крыніцы забруджвання воднага рэсурсу. Таму пратакол складаць не сталі.

Разбіральніцтва будзе праводзіцца пры паўторным і больш відавочным сцёку ў вадаём.

Па парадзе аператарак гарачай лініі абанент намераны самастойна адсочваць сітуацыі і пры неабходнасці звяртацца з паўторным зваротам у інспекцыю.

 

Угнаенні ў спадчыну ад дзеда

Здараецца і такое, што на сваім участку можна знайсці нечаканасці ў выглядзе сельскагаспадарчых угнаенняў ад запаслівых бабуль і дзядуль. Так атрымалася ў абаненткі Святланы, што звярнулася да аператарак Зялёнага тэлефона з просьбай падказаць куды можна здаць угнаенні, што захоўваюцца на вясковым участку ў жалезнай бочцы.

"Па інфармацыі экспертак Цэнтра экалагічных рашэнняў Наталлі Блышчык і Марыі Сумы, мы даведаліся, што ў нашай краіне не наладжаны механізм збору такога кшталту адходаў, у асаблівасці ад насельніцтва, фізічных асобаў. Толькі юрыдычныя асобы могуць здаць аператару другасных рэсурсаў адходы такія, як будматэрыялы ці небяспечныя, але за плату і па складзенаму дагавору", — удакладнілі Зялёнаму парталу на гарачай лініі.

Што параіў Зялёны тэлефон:

1. Звярнуцца да аператара другасных рэсурсаў, удакладніць ці змогуць яны забраць угнаенні;

2. Звярнуцца ў мясцовую інспекцыю, магчыма яны займаюцца зборам адходаў ад насельніцтва;

3. Герметычна запакаваць і вывезці на афіцыйны мясцовы палігон небяспечных адходаў.

І ні ў якім разе не спальваць ці выкідваць у кантэйнеры для агульнага смецця, што пойдуць на звычайны палігон.

"Абанентка звярнулася ў інспекцыю. На жаль, на тэрыторыі сельсавета, дзе знаходзіцца яе лецішча, не існуе спецыялізаванага палігона. Аднак пасля таго, як Святлана апісала інспектару выгляд уганенняў, ён упэўніўся, што яны арганічныя. Іх могуць забраць і вывезці на мясцовую жывёлагадоўчую ферму. Дзе ўжо на месцы высыпяць ў адстойнікі для навоза. Такім чынам усё абышлося і кейс быў паспяхова закрыты", — каментуюць аператаркі.

З любымі відамі адходаў, у асаблівасці, калі вы не ведаеце што за яны, трэба абыходзіцца максімальна акуратна і абдумана. Бо патрапленне хімічных рэчываў у наваколле — глебу і ваду — могуць прывесці да маштабных наступстваў для прыроды і здароўя людзей.

 

Стварыць цуд і не дапусціць будаўніцтва завода па перапрацоўцы жывёлагадоўчых адходаў ля населеных пунктаў

Будаўніцтва таго ці іншага аб'екта — гэта заўсёды стрэс для мясцовых жыхароў, бо найчасцей людзі патрапляюць у сітуацыю "пастаноўкі факта" праз інфармаванне іх на грамадскіх абмеркаваннях. А ачуняць  ці сабраць ініцыятыўную групу ўдаецца на этапе, калі будаўнічая пляцоўка агароджана плотам, а за ім расце катлаван. Гэта зусім не значыць, што дзейнічаць ужо позна, але павінны быць зусім іншыя стратэгічныя падыходы і запыты.

Жыхары вёскі Навасады звярнуліся на гарачую лінію "Зялёны тэлефон" з просьбай дапамагчы перанесці плануемы да будаўніцтва аб'ект — завод па перапрацоўцы жывёлагадоўчых адходаў — на бяспечную ад населеных пунктаў адегласць.

Справа ў тым, што ў 400 метровай зоне ад Навасадаў і ў 150 метровай ад вёскі Ланкоўшчына запланавана будаўніцтва прыдпраемтсва, прадугледжанага інвестыцыйнай праграмай Рэспублікі Беларусь. Калісьці на гэтым месцы функцыянаваў асфальтавы завод, аднак "Белаўтадор" прадаў яго новаму гаспадару.

Па словах аператарак, жыхары звярнуліся своечасова, калі на пляцоўцы праводзіўся дэмантаж старых збудаванняў і адсутнічаў пашпарт плануемага аб'екта.

"У Беларусі не існуе аналагаў падобных гэтаму прадпрыемству. Такія заводы ёсць у Амерыцы і якраз амерыканцы спансуюць будаўніцтва пад Навасадамі. Мясцовыя жыхары да таго, як звярнуцца да нас, прайшлі не адну інстанцыю. І калі на пытанне пра санітарную зону прадпрыемства заказчык і праектыроўшчык адказалі, што гэта не прадугледжана, то зразумелі, што справа дрэнная", — апісваюць кейс аператаркі.

Вядома, такі кейс падтрабаваў не толькі грамадскага ўдзелу, але і падключэння юрыстаў і экспертаў. Тым больш, што мясцовыя жыхары прасілі дапамогі ў правядзенні грамадскай экалагічнай экспертызы аб'екта.

"На пэўным этапе грамадскія абмеркаванні былі прыпыненыя да моманту прадастаўлення ТАА «Інтраактыў» праекту санітарна-абарончай зоны і ўзгаднення яе санстанцыяй. Гэта азначала і ўнясення змяненняў ў дакумент па Ацэнцы ўдзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА). Мы параілі мясцовым жыхарам указаць на гэты факт, каб, згодна з законам, заказчык сумесна з мясцовай адміністрацыяй, правялі грамадскія абмеркаванні зноў, прадаставіўшы новую АУНА", — распавядаюць аператаркі.

Далей па працэдуры абмеркаванняў у 10-дзённы тэрмін ад пачатку іх правядзення можна напісаць заяву і ініцыяваць правядзенне грамадскай экалагічнай экспертызы. Зялёны тэлефон узяўся пракансультаваць як гэта зрабіць: напісаць заяву, зрабіць запыт на неабходную дакументацыю, знайсці экспертаў, скласці дакумент і тэрміны правядзення. Аднак галоўнай умовай было тое, што жыхары самі займаюцца гэтым, а таксама аплоцяць усе неабходныя выдаткі.

"З нашай практыкі заява грамадска экалагічнай экспертызы дае магчымасць атрымаць больш поўны пакет дакументаў па праекце для яго ацэнкі. Аднак здараецца, што яго могуць прадаставіць і для правядзення грамадскіх абмеркаванняў. Вельмі важна, каб па сканчэнні абмеркаванняў прадстаўнікі заказчыка дачакаліся правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы, а з нашага досведу — так бывае не заўсёды. І затым падалі гэты дакумент разам з астатнімі ў дзяржаўныя органы на экалагічную, санітарна-эпідэміялагічную і дзяржаўную, іншымі словамі архітэктурную, экспертызы. Ведаючы ўсю працэдуру і магчымую сітуацыю з прадастаўленнем дакументаў, часам можа быць дастаткова падрыхтоўкі каментароў да справаздачы аб АУНА", — тлумачыць Зялёны тэлефон.

Калі за разгляд справаздачы ўзяўся эксперт, ён падтрымаў непакой мясцовых жыхароў. На думку эксперта, найлепшым варыянтам было б пабудаваць завод у непасрэднай блізасці ад адстойнікаў асноўнага пастаўшчыка сыравіны — Барысаўскага свінакомплекса.

Са справаздачы стала зразумелым, што праект не прадугледжваў улік захавання навоза і сепарацыі, ад чаго існуюць выкіды і выкіды не малыя.

Згодна з праектам адвод сцёкавых вод быў прадугледжаны ў сажалку-выпаральнік, агульным аб'ёмам у 100 кубоў.  Туды ж павінны былі патрапляць ападкі і дажджавы сцёк. Ва ўмовах нашай краіны, дзе выпарэнне фактычна раўнае ўвільгатненню — гэта сажалка будзе расці і расці бязмежна, апісвае сітуацыю эксперт.

Выклікае непаразуменне і пасляпраектны аналіз — адсутнасць інфармацыі па крыніцах кантролю, рэчывам, перыядычнасці і тэрытарыяльнасці, напрыклад, у межах жылля, — не надавалі даверу праекту.

Яшчэ адзін момант, што тычыцца не столькі работы плануемага завода, колькі "ліквідацыі" папярэдняга: прадугледжанае праектам "зняццё ўрадлівага слоя глебы і наступнае яго выкарыстанне для стварэння газонаў і паляпшэння якасці малапрадуктыўных сельскагаспадарчых надзелаў".

"Чаму не правялі даследаванняў, што гэта зусім за слой глебы і з якім утрыманнем хімічных рэчываў на былым асфальтавым заводзе?" — задаецца пытаннем эксперт.

Заўвагі і каментары мясцовыя жыхары даслалі арганізатару грамадскіх абмеркаванняў справаздычы аб АУНА. У выніку чаго працэдура іх правядзення была прыпыненая, а праект адпраўлены на дапрацоўку.

"Гэта нельга лічыць канчатковай перамогай. Усё можа аднавіцца ў любы момант і жыхарам важна працягваць трымаць руку на пульсе. Але, нягледзячы на ўсю Санта-Барбару, што адбывалася пад час абмеркаванняў, гэта паказальны кейс, як пры вялікім жаданні людзей і пры падтрымцы юрыстаў і экспертаў можна дабіцца ўліку меркавання і права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе", — каснтатуюць аператаркі.

 

Зялёны тэлефон — гарачая лінія, створаная пры супрацы грамадскага аб'яднання "Экадом" і таварыства "Зялёная сетка". Галоўнай мэтай праекта з'яўляецца бясплатная кансультацыйная дапамога грамадзянам у вырашэнні экалагічным праблем.

Зялёны тэлефон працуе: панядзелак, серада, пятніца з 10.00 да 18.00. Пра свае праблемы вы можаце паведамляць: - па нумарах тэлефонаў: +375 17 396 94 31 (гарадскі), +375 29 170 26 70 (velcom, Telegram, Viber); - праз электронную пошту greenphonehelp@gmail.com - мэсэнджэры Telegram, Viber. На каго разлічаны Зялёны тэлефон: на актыўных людзей, здольных і згодных пры падтрымцы аператарак лініі, а таксама экспертаў_ак і юрыстаў_ак грамадскіх арганізацый самастойна вырашаць хвалюючыя іх экалагічныя праблемы.

 

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость