Не праектарам адзіным
Час лекцый за партамі даўно пайшоў. Маналітнай плынню карысных звестак сучасных школьнікаў не зацікавіш. А зацікавіць трэба: экалагічная самасвядомасць павінна фарміравацца з самага дзяцінства. Тады чалавек, які пранясе экалагічную думку з маленства ў дарослае жыццё, будзе спрыяць стварэнню экалагічнага грамадства.
У дапамогу педагогам прыходзіць інтэрактыў — балазе, магчымасцей сёння безліч. Але ноўтбук з праектарам — далёка не адзіны спосаб разнастаіць падачу інфармацыі. Ад загадак да гульняў, якія правакуюць не толькі слухаць, але і выказваць меркаванні, што, у сваю чаргу, актывізуе працэс мышлення і пазнання і ўрэшце дазваляе дынамічна засвоіць тую ці іншую тэму — тое, што трэба дзятве. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі абласнога семінара, які прайшоў у Полацкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі.
Падобны семінар, дарэчы, нядаўна прайшоў у Бярэзінскім запаведніку. Хіба што Віцебшчына, не спрабуючы ахапіць неабсяжнае, абрала больш вузкую тэму — прадуктыўнае вырашэнне, варта сказаць.
Педагогі, якія прывыклі вучыць, цяпер вучыліся самі — прычым адзін у аднаго. Як захапляльна (і з матывацыяй!) распавесці пра энерга- і рэсурсазахаванне? Напрыклад, разам падлічыць, колькі грошай можна зэканоміць, калі выключаць непатрэбнае святло і не ліць дарма ваду, і колькі шакаладак можна за гэтыя грошы набыць. Альбо патлумачыць, як працуе цацачная машынка на сонечных батарэях, і давесці, што дзякуючы такім батарэям можна забяспечыць электрычнасцю цэлы дом! Як прызнаюцца педагогі, такія формы падачы інфармацыі, з жывымі прыкладамі і дэманстрацыямі, выклікаюць у навучэнцаў непадробную цікавасць.
Ёсць чым падзяліцца
Полацк быў абраны месцам правядзення семінара невыпадкова. Тут — адна з лепшых у вобласці сістэма экалагічнага выхавання.
— На базе цэнтра працуюць некалькі інавацыйных пляцовак па разнастайных кірунках эколага-біялагічнага профілю, — распавяла загадчык сектара агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі, сацыяльнай і выхаваўчай работы Аліна Кастрыца. — Тут дзейнічае аддзел экалагічнага выхавання, у якім займаюцца амаль 450 школьнікаў рэгіёна. За 2015 год аддзел сабраў 28 абласных, 12 рэспубліканскіх і 5 міжнародных узнагарод.
Адзін з самых маштабных інавацыйных праектаў — удзел у праграме ўзмацнення мясцовага экалагічнага планавання і экалагічнай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і Малдове. Палачане атрымалі грант шведскага агенцтва «Sida» на суму болей за 40 млн рублёў. За гэтыя сродкі ў 2015-м усталявалі цяпліцу. Зараз рыхтуюць усе неабходныя камунікацыі, каб цяпліца працавала круглы год. Там будуць вырошчваць расаду кветкавых дэкаратыўных культур, а таксама расліны, якія ачышчаць паветра ў горадзе.
Карацей, палачанам ёсць чым падзяліцца з калегамі. На адмысловым стэндзе былі прадстаўлены і іншыя праекты цэнтра, датычныя экалагічнага выхавання. Падрыхтавалі полацкія педагогі і каляровыя буклеты для калег. Паказалі гасцям і летапіс аддзела экалагічнага выхавання, якому сёлета, дарэчы, спаўняецца ажно 67 год!
Шукалі карчы і ператваралі ў цуды
Педагог цэнтра Юлія Ігнатовіч правяла для гасцей семінара майстар-клас па экамастацтве. Фларыстыка, качанне поўсці... Гэты занятак для яе — дынастыйны. У выставачнай зале змясціўся фрагмент унікальнай выставы карэннепластыкі, якая звычайна дэманструецца ў будынку аддзела экалагічнага выхавання. Гэтыя скульптуры вырабляў дзядуля Юліі — Юрый Іванавіч Халадноў, які значную частку свайго жыцця прысвяціў экалагічнаму выхаванню.
Карэннепластыка — гэта скульптура, у стварэнні якой паўдзельнічала сама прырода. Мудрагелістыя перапляценні каранёў пры пэўным удзеле чалавека ператвараюцца ў неверагодныя цуды. Як вам Францыск Скарына, які паўстаў са знойдзенага ў лесе старога карча?
Альбо гэты старажытны ваяр?..
Семінар завяршыўся выступленнем тэатра экалагічнай моды. Яго ўдзельнікі самі вырабляюць касцюмы, выкарыстоўваючы прыродны матэрыял — інкрустацыю саломкай.
— Гэтую калекцыю мы часта дэманструем на разнастайных гарадскіх святах, — падзялілася дырэктар Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Наталля Задаліна. — І яна заўсёды выклікае захапленне ў гледачоў!
Тэорыю ў практыку
Семінар, адпавядаючы сваёй тэме, ні на імгненне не ператварыўся ў афіцыёзную справаздачу. Ён больш нагадваў сустрэчу добрых сяброў. Пасля заняткаў, хаваючыся ў цёплыя курткі (а надвор’е выдалася халоднае — люты нарэшце ўзгадаў, што ён — зімні месяц), педагогі-эколагі захоплена дзяліліся ўражаннямі. Ніхто не падціскаў вусны, не закочваў вочы, не бухцеў чагось накшталт «Ох, ужо гэтыя сучасныя дзеці!». Адзін аднаму паабяцалі: усё, чаму навучыліся сёння, будуць выкарыстоўваць. І аптымістычная думка вілася ў галаве яшчэ доўгі час: можа, дзякуючы такім выкладчыкам будучыя пакаленні стануць-такі берагчы прыроду?..
ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:
Фоторепортаж: Как в Березинском заповеднике учили учителей экологии